Будет уход — будет и молоко: в Копыльском районе каждую декаду планируется проводить семинары-совещания

Экономика

Пытанням выканання тэхналагічных патрабаванняў па ўтрыманні буйной рагатай жывёлы (дойнага статка) для павелічэння вытворчасці малака і забеспячэння максімальнага выхаду на ўзровень папярэдняга года падчас зімоўкі прысвячаюцца семінары-нарады, якія будуць праводзіцца ў раёне кожную дэкаду.

■ На МТК «Грозава»
■ На МТК «Грозава»

Удзел у своеасаблівых узаемаправерках прымаюць кіраўнікі і спецыялісты жывёлагадоўчай галіны ўсіх сельгасарганізацый раёна. У першую чаргу наведваюцца гаспадаркі, дзе назіраецца «мінус» па вытворчасці малака, а таксама тыя, дзе сітуацыя змяняецца ў станоўчы бок.

У момант правядзення семінара на МТФ «Скабін» атрымлівалі малака на 1 кг 200 г менш, чым у мінулым годзе. Якія ж меры прымаюцца, каб выйсці з гэтага становішча? Як запэўнілі спецыялісты гаспадаркі, сітуацыя з увядзеннем збалансаванага рацыёну пачала змяняцца ў лепшы бок. Для кармлення жывёлы ўведзены сянаж, сілас, патака, сена, салома, макуха рапсу. Самым праблемным з’яўляецца тое, што ў сельгас-прадпрыемстве няма камбікорму, таму тут на 1 кг атрыманага малака даюць па 300 г мукі з размолатага зерня. Хаця, як адзначыў старшыня Капыльскага райвыканкама Анатоль Ліневіч, можна выкарыстоўваць канцэнтраты і ўласнай вытворчасці: да мукі дадаць неабходныя дабаўкі ў правільных прапорцыях, і атрыманне патрэбных мікраэлементаў будзе забяспечана. Асаблівая ўвага звернута на тое, што канцэнтраты ні ў якім разе не павінны раздавацца ў чыстым выглядзе, а толькі ў кармасумесі. На кожнай ферме абавязкова трэба выконваць тэхналагічны рэгламент.

— Складаемымі поспеху ў вытворчасці малака з’яўляюцца: 60% кармленне, 20% утрыманне і 20% догляд жывёлы, — падкрэсліў Анатоль Ліневіч. — Захаванне тэхналогіі павінна быць у абавязковым парадку, гэтага трэба дабівацца ад кожнага жывёлавода, тады, безумоўна, можна і чакаць станоўчага выніку.

Яшчэ адной фермай раёна, якая «мінусуе» (каля 2 кг малака) з’яўляецца МТФ «В. Раёўка». Праблема ўзнікла з-за таго, што вельмі позна пачалася і зацягнулася рэканструкцыя памяшканняў і жывёле з надыходам халадоў давялося знаходзіцца на вуліцы. Таксама прычына пралікаў — вялікая скучанасць ва ўтрыманні статка, звязаная з павелічэннем пагалоўя. Аднак, як запэўніў дырэктар філіяла «В. Раёўка» Іван Дамашэвіч, пачала назірацца станоўчая дынаміка: за снежань прыбаўка малака ўжо склала каля 150 кг.   Апошнім часам поўнасцю праведзена сартаванне дойнага статка, працягваецца мадэрнізацыя будынкаў, жывёла корміцца па збалансаваным рацыёне. Наладжваецца работа па аднаўленні і селекцыі статка.

■ Удзельнікі семінара знаёмяцца з МТФ «Вялікая Раёўка»
■ Удзельнікі семінара знаёмяцца з МТФ «Вялікая Раёўка»

А вось такія комплексы, як МТК «Грозава» філіяла «Лакнея», павінны працаваць у кожнай гаспадарцы, было падкрэслена на семінары.

— Гэта аб’ект з круглагадовым утрыманнем жывёлы, — адзначыў першы намеснік старшыні райвыканкама –начальнік упраўлення райсельгасхарчу Віталь Ракевіч. — Тут можна забяспечыць тэхналагічны цыкл поўнасцю. Пры такім утрыманні ёсць магчымасць кіраваць рацыёнам і рэгуляваць надой ад кожнай каровы.

Малочнатаварны комплекс быў уведзены ў строй вясной 2018 года. Тут ёсць памяшканні для ўтрымання жывёлы ўсіх перыядаў, неабходныя даільныя залы, у бліжэйшай перспектыве з’явіцца камбікормавы міні-завод.

Пра тое, як правільнае лячэнне кароў дае магчымасць палепшыць сітуацыю з надоямі, удзельнікі семінара даведаліся падчас наведвання МТК «Цімкавічы» ААТ «Капыльскае». Год таму амаль палова статка на гэтым адным з самых буйных комплексаў была хворая на мастыт. Дзякуючы правільным захадам спецыялістаў удалося дасягнуць станоўчага выніку: сёння з 800 толькі 30 кароў лечацца ад гэтай хваробы. Як адзначыў кіраўнік сельгаспрадпрыемства Дзмітрый Палевікоў, адпаведна палепшылася на жывёлагадоўчым аб’екце якасць малака, што дазваляе паправіць фінансавае становішча.

Падводзячы вынікі семінара, Віталь Ракевіч падкрэсліў, што зімоўка — гэта падмурак, на якім трымаецца ўвесь жывёлагадоўчы год. І чым больш яна паспяховая, тым больш высокі вынік.

Сяргей КОЗЕЛ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *