Когда активность — стиль жизни: об Иване Злотнике, жителе деревни Конюхи Копыльского района

100 лет БССР Асоба

«Вось яно, самае цікавае!» — і суразмоўца Іван Мікалаевіч Злотнік з вёскі Канюхі працягвае чырвоную кніжачку «Учетная карточка члена КПСС». За яе вокладкай — усё жыццё, насычанае самымі рознымі падзеямі. Аднак для Івана Мікалаевіча на першым месцы заўсёды стаяла праца. І як вынік — шматлікія ўзнагароды, сярод якіх пачэснае месца займаюць ордэн «Знак Почета», знакі «Ударник пятилетки» і «Победитель соцсоревнования».

■ Іван Мікалаевіч Злотнік любіць іграць на гармоніку
■ Іван Мікалаевіч Злотнік любіць іграць на гармоніку

Амаль як у кіно, кадрамі першых успамінаў перагортваюцца падзеі пасляваеннага 46-га года. Вось чатырохгадовы Ваня сядзіць у бацькоўскай хаце ў Блеўчыцах і праз аконнае шкло бачыць: дадому, крыху стомлены дарогай, вяртаецца бацька. На грудзях — ордэн Славы. У руках акрамя звычайнага салдацкага рэчмяшка ён трымае гармонік, іграць на якім навучыўся сам задоўга да вайны. Іграць на ім праз колькі гадоў будзе і Ваня.

■ Бацька Мікалай Злотнік (першы злева). Канец 30-х гадоў XX стагоддзя
■ Бацька Мікалай Злотнік (першы злева). Канец 30-х гадоў XX стагоддзя

Іван заўсёды быў прагным да жыцця: падчас вучобы ў Быстрыцкай школе добра вучыўся, займаўся спортам, арганізоўваў розныя мерапрыемствы. Але, як магніт, прыцягваў да сябе бацькоўскі гармонік, на якім сам навучыўся падбіраць на слых розныя мелодыі. І калі аб гэтым даведаліся юнакі, хлопчыка пачалі запрашаць на танцы: што ж гэта за вяселле без музыкі? Дырэктар школы Валністы Яўген Гаўрылавіч, калі даведваўся, што на вечарынках іграе малалетні Іван, забіраў таго і адпраўляў дадому. Але хлопчык хітрыў: нібы адыходзіў да хаты (хаваўся за вуглом клуба), а потым вяртаўся: вельмі падабалася малому іграць на гармоніку. Нават у Капыль на вяселлі запрашалі. У старэйшых класах узначаліў камсамольскую арганізацыю. Стала больш даручэнняў, але яны ніколі не перашкаджалі вучобе.

І як бы ні складваўся далейшы лёс Івана Мікалаевіча, ён заўсёды займаў актыўную жыццёвую пазіцыю і ніколі не расставаўся з любімым гармонікам. Нават на караблі (а служыць прыйшлося ў ваенна-марскім флоце на Балтыцы) часта гучала музыка. Пра тое, што Іван Злотнік старанна адносіўся да выканання ваенных абавязкаў, сведчаць шмат грамат і падзяка, якую атрымалі бацькі ад камандавання. Дарэчы, ліст, падпісаны капітан-лейтэнантам Лявонцьевым, Марыя Яфімаўна і Мікалай Фёдаравіч атрымалі напярэдадні дня нараджэння сына — свята працы 1 Мая. І гэта таксама сімвалічна, бо «свои социалистические обязательства в честь 1 Мая Иван выполнил с честью и является передовиком социалистического соревнования». За час службы на караблі малады чалавек адначасова з асноўнай спецыяльнасцю радыёметрыста авалодаў дзвюма сумежнымі. Акрамя таго таварышы зноў-такі выбралі Івана Злотніка сакратаром камсамольскай арганізацыі. А крыху пазней, у 1964 годзе, ён уступіў у рады КПСС.

Не засталася незаўважанай жыццёвая актыўнасць і падчас вучобы на заатэхнічным факультэце ў Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі.

— Я гуляў у гандбол і футбол за зборную акадэміі. Хутка вывеў свой факультэт на першае месца. Мяне прызначылі памочнікам дэкана па спорце, — з гонарам расказвае Іван Мікалаевіч. — Калі праводзіліся якія-небудзь спаборніцтвы, заўсёды падказваў спартсменам, што трэба зрабіць, каб атрымаць лепшыя вынікі.

І адкуль ён, просты вясковы хлопец, ведаў, якія пажаданні павінны пачуць удзельнікі спаборніцтваў? Мабыць, не апошнюю ролю адыграла служба ў арміі, якая, як вядома, з’яўляецца добрай школай жыцця.

Працоўная самастойная дзейнасць пачалася з 1970 года, калі маладога спецыяліста Івана Злотніка накіравалі на Капыльшчыну ў саўгас «Лясное» галоўным заатэхнікам. Потым былі калгас «Праўда», племзавод імя Дзяржынскага, калгас імя Ціміразева. Пэўны час Злотнік спрабаваў зай-мацца кабінетнай справай, з’яўляючыся старшым заатэхнікам упраўлення сельскай гаспадаркі райвыканкама. Яго няўрымслівасць і неабыякавасць заўважыў першы сакратар райкама партыі Катко Джан Рыгоравіч і накіраваў сакратаром партарганізацыі племзавода імя Дзяржынскага. Такая справа падабалася Івану Мікалаевічу: ён меў добрую магчымасць дапамагаць людзям. Аднак праз нейкі час ізноў умяшаўся Джан Рыгоравіч: «Давай, Іван Мікалаевіч, ідзі ў калгас «Радзіма» старшынёй, ты характарам да яго падыходзіш». Крыху падумаўшы, Злотнік даў згоду.

— Добрыя там працавалі людзі, — успамінае Іван Мікалаевіч, — і трактарысты, і паляводы, і шафёры. Самае цяжкае было прымаць меры ў адносінах да найбольш нядбайных працаўнікоў. Але тых, хто да працы ставіўся шчыра і адказна, заўсёды ўзнагароджвалі. Да розных свят рабілі падарункі, арганізоўвалі канцэрты абавязкова з удзелам духавога аркестра. Мне пашанцавала: побач быў вельмі разумны і працавіты намеснік Чарняк Мікалай Сцяпанавіч. На работу я адыходзіў — дзеці яшчэ спалі, вяртаўся — ужо спалі. Аб адным шкадую: мала ўвагі надаваў сям’і, мала бачыў сыноў.

А іх у Злотніка трое: Уладзімір, Міхаіл і Іван. Таму ўсе гаспадарскія справы леглі на плечы жонкі Надзеі, якая стала сапраўды надзейнай апорай. Дарэчы, разам Іван Мікалаевіч і Надзея Васільеўна 52 гады. Сям’я — а яна ў Злотніка ўжо вялікая — даволі часта збіраецца разам. Сакрэтам асабістага шчасця Іван Мікалаевіч лічыць адказнасць адзін за аднаго і… каханне, якое лепш за ўсё аб’ядноўвае мужчыну і жанчыну…

■ Вяселле Івана і Надзеі. 1966 год
■ Вяселле Івана і Надзеі. 1966 год

— Я да работы ставіўся шчыра. Можа таму і не адчуваў асаблівых цяжкасцей, — нібы падводзіць вынік суразмоўца. — Я лажыўся спаць з думкамі пра справы і ўставаў з імі ж. Амаль так, як і ў арміі: усё думаў, як зрабіць, каб мой пост стаў перадавым.

І так ва ўсім: дзе б ні працаваў Іван Мікалаевіч, усё імкнуўся рабіць на «выдатна». Аднойчы падчас працы сакратаром Грозаўскага сельвыканкама (здарылася гэта ў сярэдзіне 90-х гадоў) прыйшлося прымаць японскую дэлегацыю. Нядоўга думаючы, Злотнік запрасіў гасцей да сябе. Сам прыгатаваў стравы — усё сваё: каўбаскі, сальца, садавіна-агародніна. Калі прадстаўнікі Краіны ўзыходзячага сонца пакаштавалі беларускія прысмакі, Іван Мікалаевіч прывычна расцягнуў гармонік. «Якую песню выканаць, каб усе ведалі?» — крыху прызадумаўся гаспадар. Адказ прыйшоў сам сабой — і над падворкам загучала вядомая «Катюша». Выконвалі ўсе разам, шчыра і душэўна.

Не расстаецца з любімай музыкай Іван Мікалаевіч і пасля выхаду на пенсію: даволі часта яго запрашаюць на святы і супрацоўнікі Капыльскага ТЦСАН, і раённы Савет ветэранаў.

— Жыць трэба актыўна, — упэўнены Злотнік, — тады і людзям карысць будзе, і сам сябе лепш адчуваць будзеш.

Як доказ слоў зноў-такі жыццёвы прыклад: Іван Мікалаевіч не сядзіць без справы і зараз узначальвае ветэранскую арганізацыю сельгаспрадпрыемства.

ЗАМЕСТ ЭПІЛОГА

Ёсць у Івана Злотніка і асабісты сакрэт духоўнага здароўя. Колькі гадоў таму прынёс ён з лесу два са-джанцы дубкоў і пасадзіў іх… у сваім садочку. Адзін — Надзін, другі — Іванаў — так назваў дрэўцы гаспадар. І зараз, амаль кожны дзень, прыходзіць да іх Іван Мікалаевіч, абдымае, туліцца, набіраецца жыццёвай энергіі. Можа таму і адчувае сябе добра. І калі душа папросіць музыкі, разгорне любімы гармонік, і пальецца над вёскай песня.

Дзіяна ТКАЧЭНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *