Акция «Наш животновод»: на Копыльщине подводят итоги и поощряют лучших работников

Экономика

Акцыю «Наш жывёлавод» у чарговы раз распачаў райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. Мэта акцыі — падвесці вынікі дзейнасці жывёлаводаў Капыльшчыны з пачатку года, узнагародзiць лепшых. Праводзіцца яна на працягу зімова-стойлавага перыяду і ставіць задачу, незалежна ад паказчыкаў, дайсці да кожнай малочнатаварнай фермы. Першым з наведаных сельгаспрадпрыемстваў стала ААТ «Праснакі».

IMG_0369

Як адзначыла старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Ірына Сцяпура, пытанням развіцця жывёлагадоўлі ў нашым раёне надаецца вялікая ўвага. Менавіта гэта галіна сельскагаспадарчай вытворчасці дае большую частку таварнай прадукцыі. Таму для далейшага павышэння эфектыўнасці вытворчасці і якасці работы з выкарыстаннем прагрэсіўных тэхналогій, актывізацыі дзейнасці працоўных калектываў, прыцягнення моладзі ў сельскагаспадарчы сектар эканомікі, павышэння прэстыжу чалавека працы, маральнага і матэрыяльнага стымулявання работнікаў жывёлагадоўчай галіны праводзіцца акцыя «Наш жывёлавод».  Арганізатары акцыі заклікаюць усіх работнікаў, занятых у жывёлагадоўлі, эфектыўна выкарыстоўваць кармы для павелічэння вытворчасці прадукцыі, праяўляць высокую адказнасць за яе якасць, арганізаванае правядзенне зімоўкі, захаванне патрабаванняў тэхналагічных працэсаў, працоўнай дысцыпліны і аховы працы.

— Акрамя таго, — тлумачыць Ірына Сцяпура, — правяраем, у якіх умовах працуюць работнікі ферм, як выконваюцца на месцах правілы аховы працы, як персанал забяспечаны спецвопраткай, ці мае ён належныя ўмовы, каб крыху адпачыць паміж дойкамі, падсілкавацца, памыцца. Правяраем таксама, ці ў парадку на фермах уся патрэбная дакументацыя.

З нагоды правядзення акцыі раённы камітэт прафсаюза работнікаў АПК арганізоўвае сустрэчы з калектывамі жывёлаводаў ферм раёна і ўручае лепшым работнікам падзякі і каштоўныя падарункі ад райкама, прафкамаў  і адміністрацый сельгаспрадпрыемстваў.

Разам са старшынёй райкама прафсаюза работнікаў АПК Ірынай Сцяпурай падзякаваць жывёлаводам за працу, стараннасць, дасягненне значных вытворчых паказчыкаў на фермы ААТ «Праснакі» прыехалі кіраўнік сельгаспрадпрыемства Віталь Платун,  спецыяліст па ідэалагічнай рабоце і старшыня прафкама Ірына Дзямідчык, галоўны эканаміст гаспадаркі Кацярына Пятровіч.

— Людзі павінны ведаць, што іх паўсядзённая нялёгкая праца не застаецца незаўважанай, — падкрэсліў Віталь Віктаравіч, звяртаючыся да прысутных. — Гэта вы сваім адказным стаўленнем да справы, штодзённымі клопатамі і стараннямі ўмацоўваеце эканоміку гаспадаркі, паляпшаеце дабрабыт вяскоўцаў. За гэта вам шчырая падзяка, пашана і павага.

У першую чаргу гэтыя цёплыя словы былі адрасаваны калектыву МТФ «Праснакі» (на здымку ўверсе з кіраўніцтвам гаспадаркі), дзе самы вялікі надой ад адной каровы па выніках 11 месяцаў — 4405 кг. Лідарамі сярод аператараў машыннага даення тут з’яўляюцца Аксана Вярэніч (5131 кг) і Марына Гансецкая (4612 кг), сярод жывёлаводаў — Васіль Місько (сярэднясутачныя прывагі з пачатку года 805 г).

На МТФ «Падлужжа» лепшых вынікаў дасягнула яе загадчыца, яна ж і даглядчыца, Галіна Русаковіч (прывагі — 825 г).

■ Ірына Сцяпура ўручае Падзяку загадчыцы МТФ «Падлужжа» Галіне Русаковіч
■ Ірына Сцяпура ўручае Падзяку загадчыцы МТФ «Падлужжа» Галіне Русаковіч

На МТФ «Асавец» назіраецца найбольшы прырост малака з пачатку года па ўсёй гаспадарцы — 1656 кг. Па надоі малака ад адной каровы тут лепшы вынік у Валянціны Кулікоўскай (3512 кг), па атрыманні прываг — у Ларысы Рабізы (812 г).

На МТФ «Камень» словы ўдзячнасці гучалі ў адрас аператара машыннага даення Веры Чарняхоўскай (4380 кг), жывёлаводаў Жанны Жыбуртовіч і Таісіі Наумовіч (у іх групе атрыманы 801 г), Мікалая Гладкага (745 г), Наталлі Цікач (867 г).

Карыстаючыся выпадкам, старшыня райкама прафсаюза, прадстаўнікі сельгаспрадпрыемства павіншавалі жывёлаводаў з надыходзячымі святамі і пажадалі ім усіх даброт.

Сяргей КОЗЕЛ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *