Жизнь, посвященная людям: о выдающемся уроженце Копыльщины Умрейко Степане Андреевиче

100 лет БССР Асоба

Капыльская зямля нарадзіла шмат годных людзей. Сярод іх пачэснае месца займае вядомы савецкі вучоны-педагог і арганізатар народнай адукацыі ў Беларусі, член-карэспандэнт Акадэміі педагагічных навук СССР, аўтар шэрагу кніг, ураджэнец в. Пясочнае — Умрэйка Сцяпан Андрэевіч. Менавіта сёння мы адзначаем яго 110-годдзе. 

1

Нягледзячы на вялікую прафесійную загружанасць, Сцяпан Умрэйка часта бываў у родным Пясочным не госцем, а руплівым гаспадаром. Жыў праблемамі аднавяскоўцаў, дапамагаў рабіць іх жыццё лепшым. З яго непасрэднай дапамогай пабудаваны мост праз Нёман, запаліліся вокны Дома культуры, зазвінела дзіцячымі галасамі новая школа, якой пазней пастановай урада БССР было прысвоена імя Сцяпана Умрэйкі.

133-1 копияУ Пясочным жыве стрыечны брат Сцяпана Андрэевіча — Яраслаў Лук’янавіч Умрэйка, 1930 года нараджэння. На цэнтральным месцы ў яго доме — партрэт знакамітага сваяка. Яраслаў Лук’янавіч з ахвотай расказвае пра вядомага брата. Вось як ён успамінае першую сустрэчу: «Падчас вайны я са сваёй маці жыў у цёткі Марыі, маці Сцяпана. Летнім вечарам 1944 года мы пачулі моцную стральбу і таму баяліся класціся спаць. Раптам вокны нашага дома асвяціліся фарамі. Нам стала страшна. У дзверы пастукалі. Цётка адчыніла, і ў хату ўвайшлі пяць чалавек у ваеннай форме. Мы застылі ад страху, таму што ў паўзмроку не відаць было, хто заходзіць: немцы або нашы. Але мы пазналі Сцяпана, які разам з былымі аднапалчанамі прыехаў убачыць родных. Колькі было слёз радасці! Потым з Пясочнага паехалі ў Лавы, дзе жыла ў сваіх бацькоў жонка Сцяпана Зіна з сынам Дзімам… Ды і наогул я памятаю Сцяпана як добрага чалавека». 

Дарэчы, усё жыццё Сцяпана Умрэйкі было прысвечана людзям. А нарадзіўся ён у сям’і селяніна-бедняка. Яго бацька Андрэй Карпавіч і маці Марыя Міхайлаўна былі непісьменныя беззямельныя сяляне, якія працавалі ў маёнтку Наркевіча-Ёдкі.

У Пясочным тады была сямігадовая школа, куды ў 1921 годзе Сцяпан і паступіў. У школе хлопчык захапляўся гісторыяй і літаратурай, шмат чытаў, чаму актыўна спрыяў настаўнік Абзан (татарын па паходжанні), які меў вялікую бібліятэку. Свае кнігі ён даваў толькі найбольш адораным вучням, і сярод іх быў Сцяпан. Імкненне самастойна развіваць і паглыбляць сваю самаадукацыю спрыяла таму, што ўжо ў 6 класе ён прайшоў практычна ўсю праграму сямігадовай школы. Нягледзячы на вялікае жаданне бацькоў аддаць яго ў вучні да шаўца, у 1926 годзе Сцяпан паступіў на двухгадовыя настаўніцкія курсы пры Мінскім педагагічным тэхнікуме. Пасля першага курса ён прыехаў у Пясочнае ўжо як актыўны ўдзельнік навуковага гістарычнага гуртка для правядзення сацыялагічных даследаванняў у вёсцы. Скончыўшы ў 1928 годзе тэхнікум, Сцяпан Умрэйка пачаў сваю педагагічную дзейнасць настаўнікам у Капыльскім раёне. Ён браў актыўны ўдзел у працы камсамольскай ячэйкі ў Пясочным, а пазней, будучы сакратаром РК ЛКСМБ, шмат сіл і энергіі аддаваў асветніцкай справе.

Праз два гады Умрэйка вяртаецца ў Мінск, дзе яго прызначаюць загадчыкам аддзела Фрунзенскага райкама камсамола, затым — загадчыкам аддзела рэдакцыі рэспубліканскай газеты «Чырвоная змена». Ён выступаў на старонках маладзёжнай газеты з гарачым заклікам «Вучыцца, вучыцца і яшчэ раз вучыцца». Як практычнае ўвасабленне гэтага закліку — пераход на працу непасрэдна ў школу, спачатку завучам, а затым дырэктарам. Набыўшы значны вопыт працы ў сярэдняй школе, С.А. Умрэйка ў студзені 1939 года займае пасаду начальніка ўпраўлення сярэдніх навучальных устаноў, становіцца членам калегіі Наркамасветы БССР. У 1940 годзе ён завочна скончыў гістарычны факультэт Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.М. Горкага.

У першы ж дзень Вялікай Айчыннай вайны Сцяпан Андрэевіч звяртаецца ў ваенкамат з просьбай аб прызыве яго ў дзеючую армію, куды і накіроўваецца 23 чэрвеня 1941 года. Умрэйка прайшоў з баямі ад Мінска да Масквы. Ён — удзельнік бітвы пад Масквой у снежні 1941 г., тройчы быў паранены і праходзіў лячэнне ў шпіталях. Сцяпан Андрэевіч актыўна падтрымліваў сувязь з партызанскім рухам на тэрыторыі Беларусі, неаднаразова сустракаўся з яго кіраўнікамі.

Канец 1943 г. стаў пачаткам вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Трэба было думаць аб аднаўленні на роднай тэрыторыі разбуранай народнай гаспадаркі, у тым ліку і сістэмы адукацыі. Таму па хадайніцтве ўрада рэспублікі ў лістападзе 1943-га загадам Наркама Абароны СССР Сцяпан Андрэевіч Умрэйка быў адкліканы з дзеючай арміі і прызначаны Саветам Народных Камісараў БССР намеснікам наркама асветы.

Для выканання ўсіх арганізацыйных мерапрыемстваў у Наркамасветы БССР была створана аператыўная група ў складзе пяці чалавек, куды ўвайшлі наркам Уралова Е.І. і першы намеснік наркама Умрэйка С.А. І гэтай групе ўдалося ў самы кароткі тэрмін вырашыць цэлы комплекс пытанняў, што дазволіла адразу ж пасля пераезду ў Мінск разгарнуць поўнамаштабную дзейнасць па аднаўленні народнай адукацыі. І ў поспех гэтай справы неацэнны ўклад унёс С.А. Умрэйка.

У лістападзе 1948 года Умрэйка звяртаецца ў дырэктыўныя органы з просьбай даць яму магчымасць папрацаваць на ніве навукі, яго прызначылі дырэктарам НДІ педагогікі Міністэрства асветы БССР. У 1952 годзе Сцяпан Андрэевіч паспяхова абараняе ў Маскве кандыдацкую дысертацыю і зноў становіцца намеснікам міністра асветы.

Пазней была праца на пасадзе старшага выкладчыка, а затым і дацэнта кафедры педагогікі ў Мінскім педінстытуце, выкладаў у Белдзяржуніверсітэце імя У.І. Леніна. У красавіку 1964 г. Сцяпан Андрэевіч быў абраны па конкурсе загадчыкам кафедры педагогікі і псіхалогіі БДУ, якой кіраваў да кастрычніка 1972 г., у гэтым жа годзе яму было прысвоена вучонае званне прафесара. Адначасова з 1967 г. па 1974 г. (да выхаду на пенсію) ён працаваў на пасадзе прарэктара БДУ. З 1974 г. і да апошніх дзён з’яўляўся прафесарам-кансультантам кафедры педагогікі БДУ. Сцяпан Андрэевіч памёр 18 чэрвеня 1978 года і пахаваны на Усходніх могілках у Мінску.

С.А. УмрэйкА ўзнагароджаны: ордэнам Чырвонай Зоркі, двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, сямю медалямі, у тым ліку «За абарону Масквы», і чатырма Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР. Ён быў удастоены высокага і ганаровага звання «Заслужаны настаўнік БССР».

Дзіяна ТКАЧЭНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *