Путевка в жизнь: приобретенный за время активной комсомольской юности навык вести за собой пригодился Нелли Гусевой и в дальнейшей профессиональной деятельности

100-летие образования ВЛКСМ Актуально Людзі, падзеі, факты зямлі капыльскай

Камсамольская арганізацыя давала пуцёўку ў жыццё тым, хто імкнуўся да ведаў, адказнай работы, павышэння інтэлектуальнага і культурнага ўзроўню.

■ Нэлі Гусева, 2018 г.
■ Нэлі Гусева, 2018 г.

Моладзь мела магчымасць праяўляць сябе і вырашаць многія пытанні свайго жыцця. А завадатарамі камсамольскіх спраў былі сакратары пярвічак, актывісты.

Сярод такіх людзей, якія і праз шмат гадоў не страцілі ў душы камсамольскага запалу, — Нэлі Гусева. Набыты ёю падчас актыўнай камсамольскай работы навык весці за сабой атрымаў прадаўжэнне і ў прафесійнай дзейнасці: ужо звыш паўтара дзясятка гадоў яна з’яўляецца старшынёй Слабада-Кучынскага сельвыканкама.

У сярэдзіне 1980-х гадоў Нэлі Эдуардаўна ўзначальвала пярвічную камсамольскую арганізацыю АМП «Капыльскае». Гэта было адно з самых вялікіх прадпрыемстваў раёна, на той час даволі перспектыўнае, маладое і маладзёжнае. З 600 працуючых амаль 160 чалавек былі членамі ВЛКСМ. Моладзь працавала ў цеснай звязцы з адміністрацыяй і партыйнай арганізацыяй. Узначальваў прадпрыемства Леанід Васілевіч, а камуністаў вёў за сабой Уладзімір Луцкі. Яны заўсёды падтрымлівалі ініцыятывы моладзі і накіроўвалі на розныя цікавыя справы.

— На маю думку, гэта быў самы лепшы час, — дзеліцца Нэлі Гусева. — Таму што гэта была наша маладосць, вясёлае, энергічнае жыццё, напоўненае аптымізмам, планамі, ідэямі.  Можна сказаць, што яно кіпела. Кожны дзень запамінаўся нечым новым, цікавым. Не магу не ўзгадаць пра вялікую колькасць праведзеных мерапрыемстваў, асабліва спартыўнага кірунку. Ва ўласнасці прадпрыемства была база адпачынку ў былым панскім маёнтку ў в. Какорычы, дзе два разы на год ладзіліся спартакіяды. Удзел у іх прымалі па сто, а то і болей чалавек. Праходзілі яны заўсёды весела і цікава. Такія мерапрыемствы здружвалі калектыў, а прадпрыемства заўсёды заахвочвала падарункамі і прызамі.

Камсамольцы з «Капыльскага» пастаянна ўдзельнічалі ў раённых і абласных мерапрыемствах. На высокім узроўні была развіта мастацкая самадзейнасць. Ладзіліся канцэрты і вечары адпачынку не толькі для сваіх працаўнікоў, але і адбываліся выезды ў гаспадаркі раёна. Узгадвае Нэлі Эдуардаўна працоўны дэсант у саўгас «Прамень». Днём маладзёжныя актывісты працавалі на праполцы буракоў у сельгаспрадпрыемстве, а вечарам арганізавалі канцэрт у Песачанскім Доме культуры, потым — начоўку ў палатках на беразе Нёмана з песнямі ля кастра. Надоўга запомняцца і абласныя турзлёты, дзе заўсёды нядрэнна выступалі.

Побач знаходзіліся тыя, на каго неабходна было раўняцца, а таксама на-дзейныя памочнікі.

— Прыкладам сапраўднага лідара для нас заўсёды была першы сакратар Ніна Купрэйчык (Скрыпінская), якая вяла нас за сабою, — адзначае Нэлі Гусева. — Пазней райкам узначальваў Аляксандр Касінскі, супрацоўніцтва з якім прадаўжаецца і да гэтага часу падчас правядзення шматлікіх мерапрыемстваў на тэрыторыі сельсавета. Ва ўсіх справах падтрымлівалі мяне актывісты нашай пярвічкі Тамара Падневіч, Святлана Выскварка, Валянціна Шайпак, Уладзімір і Ніна Стралені і многія іншыя.

■ Нэлі Камінская (Гусева) падчас мотапрабегу, 1985 г.
■ Нэлі Камінская (Гусева) падчас мотапрабегу, 1985 г.

Сяргей КОЗЕЛ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *