Мои студенческие стройотряды: Владимир Бурак — об ударной комсомольской юности

100-летие образования ВЛКСМ Актуально Людзі, падзеі, факты зямлі капыльскай

Упершыню я пабываў у студэнцкім будаўнічым атрадзе ў далёкім 1975 годзе пасля першага курса Беларускага дзяржаўнага інстытута народнай гаспадаркі, у якім вучыўся да 1979 года. Працавалі мы ў Заслаўі, калі будавалася Вілейска-Мінская водная сістэма. На будатрадаўскай вопратцы, якую захоўваю і цяпер, намаляваны цагляная кладка, узыходзячае сонца і літары ВМВС  (Вілейска-Мінская водная сістэма).

■ Уладзімір Бурак і яго студэнцкая рэліквія, 2018 г.
■ Уладзімір Бурак і яго студэнцкая рэліквія, 2018 г.

Выконвалі ў асноўным жалезабетонныя работы, па выхадных (адзін у тыдзень) — гулялі ў футбол, наведвалі лазню. Пражывалі ў двух  вагончыках, у якіх стаялі ложкі, а ў трэцім была кухня. Ежу ў будатрадах гатавалі на месцы студэнткі-повары. Галоўным інжынерам у Заслаўскай  ПМК, куды мы былі прыкамандзіраваны, у той час працаваў Мікалай Фёдаравіч Дамашкевіч, аб чым я даведаўся з яго аўтабіяграфіі, калі ён займаў пасаду старшыні Мінскага аблвыканкама.

На наступны год пашчасціла працаваць у будатрадзе на роднай Капыльшчыне, у вёсцы Пясочнае. Накіраваны мы былі  ў Капыльскую ПМК-84 трэста «Слуцксельбуд».

Будавалі агароднінасховішча, якое больш за сорак гадоў без капітальнага рамонту і цяпер выкарыстоўваецца сельгаспрадпрыемствам.

Прарабам у нас быў Уладзімір Вароніч, якога капыляне ведалі і як добрага футбольнага арбітра. Са Слуцкага трэста да нас накіравалі майстра, які навучаў нас і сачыў за якасцю работ, бо многія студэнты не мелі навыкаў у будаўніцтве цагляных сцен. Тут я ў вучэбным пункце трэста «Слуцксельбуд» атрымаў пасведчанне № 1752 аб допуску да абслугоўвання грузапад’ёмных кранаў у якасці стропальшчыка, а таксама пасведчанне № 28 аб прысваенні кваліфікацыі муляра трэцяга разраду. На роднай Капыльшчыне я вельмі старанна працаваў. Камандзір атрада пры заканчэнні работ даверыў як аднаму з лепшых байцоў буд-атрада апусціць сцяг з нагоды заканчэння працоўнага семестра. Па выніках работы я таксама быў узнагароджаны граматай Капыльскага РК ЛКСМБ (узначальваў Іван Уладзіміравіч Сакалоўскі) і Ганаровай граматай ПМК-84.

А роўна 40 гадоў таму, у 1978 годзе, у складзе будатрада Беларускага дзяржаўнага інстытута народнай гаспадаркі працаваў у Заходняй Сібіры, у Томскай вобласці, горад Стражавой. Там за паўтара месяца з драўляных брусоў наш атрад узвёў 28-кватэрны жылы дом у два паверхі і заклаў фундамент пад яшчэ адзін такі дом.

Гэтыя апошнія будатрадаўскія будні мне асабліва запомніліся, засталося шмат фотаздымкаў. Пражывалі мы ў палатачным гарадку для 1200 будатрадаўцаў з розных гарадоў і рэспублік Савецкага Саюза. Яшчэ 400 студэнтаў з Азербайджана, якія будавалі дарогі, пражывалі за 4 км ад нашага лагера. На яго  тэрыторыі была агульная сталовая, дзе працавалі повары з кожнага атрада. На танцпляцоўцы лагера кожную сераду, пятніцу, суботу і нядзелю вечарам былі танцы, дзе іграў ВІА з Казанскага ўніверсітэта. За ўсе танцы з кожнага студэнта ўзялі толькі па 50 капеек.  На валейбольнай пляцоўцы праводзіліся сяброўскія спаборніцтвы з азербайджанскімі студэнтамі.

■ Будатрад з Беларусі і яго новабудоўля. Сібір, 1978 г.
■ Будатрад з Беларусі і яго новабудоўля. Сібір, 1978 г.

Абавязак будатрадаў — праводзіць дабрачынныя акцыі, канцэрты, сустрэчы з працоўнымі калектывамі. Паколькі горад Стражавой на тую пару быў малады (15 гадоў і 15 тысяч насельніцтва), канцэрты і сустрэчы з людзьмі мы праводзілі непасрэдна каля жылых дамоў, загадзя размясціўшы аб’явы і ўзгадніўшы з мясцовым кіраўніцтвам. Пасля нашых непрафесіянальных канцэртаў жыхары шчыра дзякавалі, а некаторыя, пачуўшы беларускія песні, плакалі — яны былі беларусамі.

Цяпер, калі няма таго былога Савецкага Саюза, усё роўна прыемна ўспомніць тыя часы, дарогу ў цягніку праз такія непаўторныя прасторы вялікай краіны.

Канешне, студэнцкія будатрады і камсамол непарыўныя. Камсамол іх нарадзіў, выхаваў і ганарыўся імі.

Уладзімір БУРАК,

былы пазаштатны старшыня рэвізійнай камісіі Капыльскай раённай камсамольскай арганізацыі



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *