На ферме — круглый год: председатель Копыльского райисполкома Анатолий Линевич поставил задачу по содержанию животных

Актуально Экономика

У перспектыве неабходна забяспечыць круглагадовае ўтрыманне жывёлы практычна на кожнай ферме, за выключэннем тых, дзе ёсць прывязнае ўтрыманне. Такую задачу перад удзельнікамі семінара паставіў старшыня райвыканкама Анатоль Ліневіч.

■ Анатоль Ліневіч і ўдзельнікі семінара знаёмяцца з работай МТФ «Кацельнікі»
■ Анатоль Ліневіч і ўдзельнікі семінара знаёмяцца з работай МТФ «Кацельнікі»

На думку кіраўніка раёна, для гэтага неабходна забяспечыць статак кармамі на ўвесь год, што дазволіць, па-першае, сэканоміць расходы кармоў, па-другое, максімальна эфектыўна скласці севаабарот па гаспадарцы (выключыць з яго пашы), па-трэцяе, адысці ад неабгрунтавана завышаных зарплат пастухоў, што дазволіць сэканомленыя сродкі размеркаваць паміж калектывам фермы.

Кіраўнікі, галоўныя заатэхнікі, ветурачы сельгаспрадпрыемстваў раёна наведалі малочнатаварныя фермы «Пацейкі», «Душава», «Кацельнікі», дзе азнаёміліся з дадзенымі сістэмамі ўтрымання жывёлы.

Як адзначыў першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віталь Ракевіч, адной з асноўных задач з’яўляецца раздзяленне дойнага статка па фізіялагічным стане. Робіцца гэта для таго, каб пры беспрывязным утрыманні паўнацэнна карміць карову, гэта значыць — даць ёй пажыўную кармасумесь і да 100 дзён раздаіць, ад 100 да 200 дзён утрымліваць атрыманыя надоі, а пасля 200 дзён яна павінна быць пакрыта і рыхтавацца да запуску.

Фермы з беспрывязным утрыманнем дазваляюць значна аўтаматызаваць і механізаваць большасць тэхналагічных аперацый: даенне, кармленне, выдаленне гною і г.д., знізіць долю ручной працы і тым самым павысіць эфектыўнасць. Аднак з павышэннем тэхналагічнасці павінна ўзрастаць кваліфікацыя і адказнасць як заатэхнікаў і ветэрынараў, так і непасрэдных выканаўцаў канчатковых аперацый: даярак, механізатараў, даглядчыкаў.

На кожнай ферме, у кожнага яе загадчыка, механізатара, які займаецца раздачай кармоў,  павінны быць тэхналагічныя карты кармлення. Пры беспрывязным утрыманні ні ў якім разе не дапускаецца, каб канцэнтраты раздаваліся ў чыстым выглядзе, а толькі ў кармасумесі.

А вось пры прывязным утрыманні канцэнтраты немагчыма даць у кармасумесі: яны раздаюцца ў чыстым выгля-дзе. Таму над кожнай каровай павінен знаходзіцца трафарэт, дзе памечаны яе рацыён. Таксама абавязковае раздзяленне па фізіялагічным стане.

Падчас семінара былі закрануты і іншыя пытанні. Напрыклад, утрыманне маладняку. Адназначна, да трохмесячнага ўзросту ён павінен знаходзіцца ў індывідуальных доміках, дзе створаны нармальныя ўмовы, павешаны спецыяльныя шторкі. Неабходна забяспечыць трохразовае паенне малаком згодна са схемай. Камбікорм і вада павінны быць у свабодным доступе.

Была звернута ўвага і на добраўпарадкаванне памяш-канняў і тэрыторый. На ўсіх наведаных аб’ектах наведзены належны парадак: будынкі пабелены, пафарбаваны, калідоры пасыпаны вапнай, прылеглыя тэрыторыі дагледжаны.

На пленарным пасяджэнні былі падведзены вынікі работы жывёлагадоўчай галіны раёна за дзевяць месяцаў гэтага года. Анатоль Ліневіч даў агульную нездавальняючую ацэнку і паставіў задачу па выніках года выканаць прагнозныя паказчыкі. Найбольшыя нараканні былі выказаны ў адрас ААТ «Скабін», «Капыльскае», «Ціміразеўскі» і іншых.

■ Так утрымліваецца маладняк на МТФ «Душава»
■ Так утрымліваецца маладняк на МТФ «Душава»

Сяргей КОЗЕЛ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *