Выканаць грамадзянскі абавязак

Актуально Калейдаскоп

З 20 красавіка пачаліся выбары дэпутатаў у мясцовыя Саветы. Магчымасць прагаласаваць датэрмінова даецца тым грамадзянам, якія па нейкіх прычынах у дзень выбараў будуць адсутнічаць па месцы жыхарства. У гэтым выпадку свой грамадзянскі абавязак яны выкарыстоўваюць загадзя, завітаўшы на выбарчы ўчастак з 10.00 да 14.00 ці з 16.00 да 19.00. Прычым, афіцыйнае пацвярджэнне прычын датэрміновага галасавання не патрабуецца.

Як паведаміў старшыня Капыльскай раённай выбарчай камісіі Іван Бабко, па выніках трох першых дзён свой грамадзянскі абавязак выкарысталі 18,8% выбаршчыкаў. Найбольшая актыўнасць назіралася на Грозаўскім участку для галасавання №1, Пацейкаўскім участку для галасавання №10, Цімкавіцкім Маладзёжным участку для галасавання №27, Цімкавіцкім Слуцкім участку для галасавання №28, Браткаўскім участку для галасавання №31, Навасёлкаўскім участку для галасавання №32, Жыліхаўскім участку для галасавання №35.

Пабываўшы на Партызанскім выбарчым участку для галасавання №20, які размешчаны на фізкультурна-аздараўленчым комплексе г. Капыля, пацікавіўся, чаму выбаршчыкі аддалі перавагу датэрміноваму галасаванню.

— Надышло цёплае надвор’е, шмат работы з’явілася ў агародзе, — расказвае настаўніца сярэдняй школы №2 Валянціна Гузава. – У суботу думаем садзіць бульбу, у нядзелю збіраюся ў царкву схадзіць. У іншыя дні таксама буду занята.

— Увогуле, мы выбралі той час, калі нам спадручна прагаласаваць. Сёння народу нямнога, таму спакойна выканаем свой грамадзянскі абавязак, — дадае Зоя Шкадарэвіч, сяброўка і калега Валянціны Андрэеўны.

Праз некалькі хвілін намесніку старшыні выбарчай камісіі Юрыю Трухановічу прад’яўляе пашпарт медсястра Капыльскай цэнтральнай раённай бальніцы Аксана Чацвярык.

— Датэрмінова галасую, таму што на выхадныя прыязджаюць дзеці, якія вучацца ў Мінску. У нядзелю трэба іх сабраць і адправіць на вучобу, — патлумачыла Аксана Пятроўна.

— Я ўвогуле ў выбарах удзельнічаю ўпершыню, — адзначае навучэнец Капыльскага СПЛ Дзмітрый Другаль (на здымку). – Вось з’явілася вольная хвіліна і вырашыў скарыстаць магчымасць прагаласаваць датэрмінова.

Ужо да 18 гадзін набралася тры дзесяткі выбаршчыкаў, якія аддалі свае галасы за таго ці іншага кандыдата. Старшыня выбарчай камісіі Мікалай Жук адзначыў:

— Колькасны склад выбаршчыкаў з моманту апошніх выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, якія праводзіліся 28 верасня 2008 года, практычна не змяніўся. І калі параўноўваць з імі, то актыўнасць жыхароў Капыльшчыны ў гэту кампанію на датэрміновым галасаванні прыкладна ў два разы вышэйшая. Пра што сведчыць і пратакол па выніках кожнага дня, які вывешваецца на стэндзе выбарчага ўчастка.

Сяргей ЛАЗОЎСКІ

Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *