С любовью к ближнему: ксендз Андрей провел свою первую службу в костеле святых Петра и Павла в Копыле

Духоўнасць

23 верасня сваю першую Імшу ў касцёле святых Пятра і Паўла ў Капылі адслужыў ксёндз Андрэй, які прызначаны пробашчам названага касцёла. 

IMG_3530Прывесці чалавека да Бога, дапамагчы знайсці свой шлях — менавіта гэта ў сваёй дзейнасці як духоўнага айца лічыць галоўным ксёндз Андрэй.

Свой асабісты, сапраўдны, жыццёвы шлях Андрэй Калядка знайшоў не адразу. Пасля заканчэння сярэдняй школы ў Ваўкавыску, дзе нарадзіўся і вырас, былі вучоба ў ПТВ, праца вадзіцелем і нават лесніком. І ўжо крыху пасталеўшы, зразумеў — буду святаром. Дарэчы, бацькі — каталікі, таму Андрэй часта наведваў набажэнствы ў касцёле Святога Вацлава ў родным Ваўкавыску.

Першую пілігрымку Андрэй здзейсніў у 2005 годзе ў вёску Тракелі, што ў Воранаўскім раёне Гродзенскай вобласці. Там, у драўляным храме Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі, знаходзіцца абраз Маці Божай Тракельскай, да якога арганізуюцца штогадовыя пілігрымкі. Увесь шлях доўжыўся шэсць дзён, на працягу якіх ліў моцны дождж. Побач рухаўся аўтамабіль — на ім можна было пад’ехаць, калі стаміўся. Але Андрэй прынцыпова ішоў пешшу. Калі пачуццё стомы стала пераважаць, звярнуўся да Святога Разарыя з малітвай, адной з самых прыгожых і дзейсных. Нехта з пілігрымаў у гэты самы момант зрабіў фотаздымак. І калі пазней яго праглядвалі, усе заўважылі, што над духоўнымі вандроўнікамі нібы раскрыта светлае крыло. Пачуццё, якое ўзнікла ў гэты момант, было надзвычай добрым і ўзнёслым. Пазней ён здзейсніў яшчэ дзве пілігрымкі.

Скончыўшы духоўную семінарыю ў Беластоку, ксёндз Андрэй праходзіў практыку ў Нясвіжы, затым служыў памочнікам вікарыя ў Архікафедральным касцёле Імя Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Мінску, быў натарыусам у мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча. Але хутка зразумеў, што праца з паперкамі не для яго. Лёс чалавека — вось што па-сапраўднаму цікава духоўнаму айцу.

Аб тым, што накіроўваюць у Капыль, ксёндз Андрэй даведаўся 26 ліпеня 2018 года. Раней даводзілася бываць у нашым гарадку, таму да гэтай навіны аднёсся з радасцю. Маладому святару хацелася мець свой прыход, працаваць з людзьмі. Зараз планаў у ксяндза Андрэя, як кажуць, грамаддзё: трэба навесці парадак у касцёле і каля яго. І, канешне, працаваць з людзьмі, дапамагаць ім знаходзіць свой асабісты духоўны шлях да Бога. А гэта можна зрабіць толькі праз любоў да блізкага.

У вольны час ксёндз Андрэй любіць займацца спортам: з задавальненнем ездзіць на веласіпедзе, гуляе пешшу, плавае.

Дзіяна ТКАЧЭНКА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *