Вместе шагать по жизни: результат многолетнего семейного стажа Татьяны и Андрея Дубовик из Копыля — пять красавиц-дочерей

Людзі, падзеі, факты зямлі капыльскай Сям'я

Любоў да блізкага, дабрыня, уменне суперажываць — асноўныя якасці, выхаванню якіх у сям’і Таццяны і Андрэя  Дубовікаў надаюць значную ўвагу.

IMG_3509

У сям’і — пяцёра дзетак. І ўсе — дзяўчынкі-прыгажуні. Старэйшая Настасся ўжо выкладае англійскую мову ў СШ № 2 г. Капыля. Дарэчы, летам гэтага года яна прымала ўдзел у археалагічных раскопках у Юравічах, «прывезла» шмат разнастайных уражанняў. Марыя набывае адукацыю ў Ваўкавыскім педагагічным каледжы па спецыяльнасці «турызм і гасціннасць». Надзея, якой споўнілася 12 гадкоў, вучыцца ў СШ № 2 г. Капыля імя Ц. Гартнага. У санаторны яслі-сад ходзіць пяцігадовая Даша. А самая малодшая Сафійка (дзяўчынцы ўсяго паўтара гадочка) зараз дома разам з матуляй.

— Усе дзяўчынкі — розныя, — з цеплынёй у голасе расказвае Таццяна. — Напрыклад, Настасся вельмі актыўная, любіць парадак, дысцыплінаваная. Маша хутка знаходзіць агульную мову з самымі рознымі людзьмі, яна камунікабельная. Надзейка — дзяўчынка даволі спакойная, чымсьці падобная на Насцю. А Даша — як і Маша: ёй падабаецца мець зносіны з людзьмі. А вось Сафія адрозніваецца ад сваіх сястрычак тым, што вельмі гарэзлівая, жвавая і своеасаблівая.

Сямейны стаж Таццяны і Андрэя налічвае ўжо 21 год. Першая сустрэча адбылася ў Дусаеўшчыне, дзе ў школе Таццяна Паўлаўна, настаўнік пачатковых класаў і выяўленчага мастацтва, навучала дзетак. А малады чалавек жыў побач з установай адукацыі. Убачыў дзяўчыну, спадабалася, праз два гады ажаніліся. Зараз галава сямейства працуе ў райаграсэрвісе. 

— Каб захаваць сям’ю, — пераканана Таццяна, — трэба давяраць адзін аднаму. Жанчына павінна быць упэўненай у сваім абранніку, у тым, што ён заўсёды побач. Напрыклад, наш тата ніколі не адмаўляе, калі трэба дапамагчы мне ці дзяўчынкам. Нават Сафійку, калі ёй быў месячык, я заўсёды спакойна пакідала з ім. Дарэчы, і мой муж, і я — абое са шматдзетных сем’яў.

Вельмі любяць у сям’і Дубовікаў святы. Асабліва Новы год, Каляды, Вялікдзень. Дзяўчынкам падабаецца фарбаваць яйкі, пячы пірагі. Таццяна і Андрэй — праваслаўныя, таму да рэлігійнага выхавання ставяцца сур’ёзна. Самі ж яны вянчаліся ў царкве Святога Ушэсця г. Капыля 18 мая 1997 года. З тае пары разам ідуць па жыцці, падтрымліваюць адзін аднаго, любяць і шануюць.

Дзіяна ТКАЧЭНКА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *