В Центре творчества детей и молодежи Копыльского района трудятся увлеченные люди. Среди них — Ирина Дубровская

Да прафесійнага свята Образование

У класе, дзе праводзіць заняткі педагог дадатковай адукацыі Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Капыльскага раёна Ірына Эдуардаўна Дуброўская, пануе творчая атмасфера.

■ І.Э. Дуброўская са сваімі выхаванкамі
■ І.Э. Дуброўская са сваімі выхаванкамі

За пяльцамі рознакаляровымі нітачкамі дзяўчынкі рыхтуюць сурвэткі-падарункі сваім матулям.

— Ці падабаецца займацца вышыўкай? — пытаюся.

— Вельмі! — гучыць шматгалосы адказ. — Нам настаўніца паказвае, што і як трэба рабіць, а далей ужо мы самі.

У названай установе адукацыі Ірына Эдуардаўна — пяты год. Да гэтага часу яе прафесійны шлях быў звязаны са сферай гандлю: яна адпрацавала прадаўцом у магазіне «Волшебница» амаль 10 гадоў. І калі прапанавалі змяніць месца працы, яна, закройшчык-кравец па адукацыі, з лёгкасцю прыняла прапанову. І не пашкадавала. 

Разам з новым працоўным месцам Ірына Эдуардаўна атрымала магчымасць творчага самавыяўлення. Не аднойчы на старонках нашай газеты педагог давала парады, як упрыгожыць сваё жыллё да навагодніх святаў. Разам са сваімі выхаванкамі Ірына Эдуардаўна займаецца вышыўкай, вязаннем, нават беларускія народныя лялькі-абярэгі вырабляюць. Акрамя гэтых твораў прыгожымі атрымоўваюцца касцюмы і сукенкі, якія шыюць наведвальніцы «Тэатра мод». Ужо падрыхтавана некалькі дызайнерскіх калекцый: «Чорна-белае», «Успаміны», цікава выглядае адзенне з непрыдатнага матэрыялу — коркаў, фольгі, цэлафану. Над калекцыяй сучаснага маладзёжнага адзення Ірына Эдуардаўна і яе дзяўчынкі працуюць зараз. Тут будзе прадстаўлены цікавы модны напрамак з выкарыстаннем ільну, карункаў і нават ірландскіх карункаў. Дарэчы, матывы для стварэння апошняга рыхтуюць самі дзяўчаты, а педагог ужо збірае з іх прыгожую рэч. 

— З кожным годам выхаванцаў становіцца ўсё больш, — дзеліцца Ірына Дуброўская. — Дзяўчатам падабаецца ствараць прыгажосць сваімі рукамі, а потым прадстаўляць, як сапраўдным мадэлям.

Ідэі педагог знаходзіць вакол сябе. Нешта «падгледзіць» у прыроды, а нешта і… прысніцца, як было з калекцыяй адзення «Чорна-белае». Адным словам, Ірына Эдуардаўна — чалавек, апантаны прыгажосцю. Таму і вынікі мае добрыя. У яе скарбонцы — шматлікія дыпломы і падзякі, а галоўнае — нязгасная цікавасць дзяўчат.

Дзіяна ТКАЧЭНКА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *