Поздравления с праздником принимала 102-летняя жительница д. Долгое Копыльского района

Общество Праздник

З нагоды Дня пажылых людзей Капыльскім тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва арганізаваны ўшанаванні жыхароў сталага ўзросту.

Сярод тых, каму адрасуюць словы падзякі за сумленную працу, пажаданні моцнага  здароўя,  даўгалецця  і ўсіх даброт, перш за ўсё людзі, чый узрост набліжаецца да стогадовай адзнакі, а таксама адзінокія жыхары Капыльшчыны.

■ Аляксандр Ліпніцкі і Святлана Маліноўская ўшаноўваюць Ганну Іосіфаўну Дуброўскую
■ Аляксандр Ліпніцкі і Святлана Маліноўская ўшаноўваюць Ганну Іосіфаўну Дуброўскую

Але ёсць у Капыльскім раёне жанчына, якая вылучаецца з агульнага спісу. Ганна Іосіфаўна Дуброўская з вёскі Доўгае Цімкавіцкага сельсавета сёлета ўжо прымала віншаванні са 102-гадовай асабістай датай. Днямі ж намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Ліпніцкі і дырэктар Капыльскага ТЦСАН, старшыня раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын» Святлана Маліноўская ўручылі доўгажыхарцы кветкі і падарункі з нагоды Дня пажылых людзей. Словы прызнання былі адрасаваны таксама і яе дачцэ Ядвізе Станіславаўне за тыя клопат і цеплыню, якімі яна і яе сям’я ахуталі старэнькую матулю.

Як расказала Ядвіга Станіславаўна, маці заўсёды вызначала дабрыня, шчырае імкненне прыйсці на дапамогу іншым, працавітасць. Магчыма гэта было закладзена з маленства, бо нарадзілася і вырасла яна ў шматдзетнай сям’і — было 12 дзяцей, якія ва ўсім дапамагалі адзін аднаму. Сама Ганна Іосіфаўна мае траіх дзяцей, шмат унукаў і праўнукаў. І хаця цяпер бабуля не можа абысціся без старонняй дапамогі і па сваім целаскладзе хутчэй нагадвае хударлявую дзяўчынку-падлетка, разумееш, што перад яе вачыма прайшла цэлая эпоха ў гісторыі нашай краіны.

Маргарыта САКОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *