Ветеран уголовного розыска Валерий Москалик вспоминает

Закон. Безопасность

Оперупаўнаважаныя крымінальнага вышуку заўсёды адны з першых там, дзе ўчынена злачынства або здарылася бяда, дзе людзі просяць дапамогі.

Служба ў крымінальным вышуку — своеасаблівае выпрабаванне для супрацоўнікаў органаў унутраных спраў. Далёка не ўсе вытрымліваюць яго. У гэтым аддзяленні працуюць адданыя сваёй справе людзі, гатовыя, рызыкуючы сабой, у любую хвіліну дапамагчы ўсім, хто трапіў у бяду.

■ В. Маскалік гутарыць з намеснікам начальніка Капыльскага РАУС У. Рудакоўскім
■ В. Маскалік гутарыць з намеснікам начальніка Капыльскага РАУС У. Рудакоўскім

Адным з такіх можна назваць ветэрана службы Валерыя Маскаліка. У 1984 годзе ён прыйшоў у міліцыю. Пачынаў участковым інспектарам інспекцыі па справах непаўналетніх. На той час яе курыравала аддзяленне крымінальнага вышуку.

— Мне пашанцавала працаваць з добрымі людзьмі, было ў каго вучыцца, — адзначае Валерый Міхайлавіч. — Спачатку інспекцыю ўзначальвала Ніна Жыбуль, якая задала добры стымул для працы. Потым на змену ёй прыйшоў былы начальнік крымінальнага вышуку Леанід Карачун, які стаў сапраўдным настаўнікам у сваёй справе.

Пазней Валерыя Маскаліка запрасілі перайсці на пасаду оперупаўнаважанага, даверылі адну з самых крымінагенных зон — цімкавіцкую. Праз пару гадоў ён узначаліў аддзяленне крымінальнага вышуку, затым быў прызначаны на пасаду першага намесніка начальніка РАУС — начальніка крымінальнай міліцыі. З 2001 па 2004 год узначальваў Капыльскі РАУС.

— Трэба сказаць, што справа, якой я займаўся разам са сваімі калегамі, мне падабалася, хоць і была даволі складанай, — падкрэслівае Валерый Міхайлавіч. — Гэта ў цяперашні час у райаддзеле даволі вялікі аўтапарк. А тады на месца злачынства мы — аператыўныя супрацоўнікі — часта дабіраліся на спадарожным транспарце, на маршрутных аўтобусах. Тым не менш свае службовыя абавязкі выконвалі дасканала і своечасова. Раскрывальнасць злачынстваў у нашым раёне трымалася на высокім узроўні. Галоўнымі ў нашай працы былі і застаюцца ўважлівасць, настойлівасць, мэтанакіраванасць. Акрамя таго, «опер» павінен быць добрым псіхолагам з развітой інтуіцыяй.

Вялікі ўсплёск злачынстваў выпаў на «ліхія» 90-я гады. Пачасціліся крадзяжы з магазінаў, дамоў і кватэр. Былі і іншыя выпадкі. Мабыць, на ўсё жыццё застанецца ў памяці аперацыя па вызваленні заложніка — касіра капыльскай аўтастанцыі. Той выпадак быў першым у Беларусі. Дзякуючы зладжаным дзеянням усіх структур дзяўчына была вызвалена.

Аднойчы ў дзяжурную часць РАУС паступіла трывожнае паведамленне аб знікненні паштальёна з грашыма. На вышук 18-гадовай дзяўчыны былі кінуты ўсе сілы райаддзела, раённага вузла сувязі, вайскоўцы са службовымі сабакамі. А здарылася вось што: сярод белага дня, калі паштальён ехала на веласіпедзе развозіць газеты і пенсіі, яе спыніў мужчына, спытаў, колькі часу, ударыў па галаве малатком, задушыў і забраў грошы. З цягам часу злачынства было раскрыта.

На памяці і яшчэ адзін выпадак. Ноччу ў вёсцы Сунаі было здзейснена падвойнае забойства пажылых людзей з асаблівай жорсткасцю: 49 нажавых колата-рэзаных ран судмедэксперты зафіксавалі на целе мужчыны, 12 — у яго жонкі і, акрамя таго, яе задушылі. Аператыўнікі райаддзела адпрацоўвалі нямала версій. Каля паўгода спатрэбілася на тое, каб выйсці на след забойцы.

— Я ніколькі не шкадую, што ў свой час у маладосці абраў менавіта гэту прафесію, якая прыносіць сапраўдную карысць усяму грамадству, — падкрэслівае Валерый Маскалік. — Нягледзячы на тое, што знаходжуся на заслужаным адпачынку, я не губляю сувязі са сваімі сябрамі-саслужыўцамі. У сваю чаргу, кіраўніцтва раённага аддзела ўнутраных спраў не забывае пра нас, ветэранаў. Заўсёды віншуюць з днём нараджэння, прафесійным святам, запрашаюць нас і на ўрачыстасці, якія штогод праходзяць у РАУС.

У Валерыя Міхайлавіча нямала вучняў, за плячыма якіх шмат гадоў працы, вялікія зоркі і адказныя пасады. Напрыклад, генерал міліцыі Аляксандр Астрэйка ўзначальвае Брэсцкае абласное ўпраўленне ўнутраных спраў, супрацоўнікамі галіновага міністэрства з’яўляюцца Юрый Лятчэня і Ігар Кульбіцкі. Ён спадзяецца, што яго вучні таксама стануць добрымі настаўнікамі для маладых супрацоўнікаў.

Сяргей КОЗЕЛ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *