Копыляне и гости района приняли участие в акции «Областной день подписчика»

Актуально Жыццё раёна

У гарадскім аддзяленні паштовай сувязі «Капыль-2» капыляне і госці горада прынялі ўдзел у акцыі «Абласны дзень падпісчыка», падчас якой змаглі падпісацца на любімыя выданні. Да таго ж за падпіску на раённую газету «Слава працы» на трэці квартал 2018 года кожны змог атрымаць невялікі падарунак.

IMG_6596

— Ахвотнікаў паўдзельнічаць у «Абласным дні падпісчыка» знайшлося нямала, — адзначае аператар аддзялення паштовай сувязі «Капыль-2» Ніла Дворак. — Многія чытачы і нашы верныя падпісчыкі афармлялі квітанцыі на розныя перыядычныя выданні.  Але больш за ўсё — на раённую газету «Слава працы».

Тыя, хто аформіў падпіску на «СП», атрымалі невялікія сувеніры ад рэдакцыі.

Ніна Юруц расказала, што газету чытае пастаянна і з задавальненнем. Раёнка дапамагае быць у курсе апошніх навін.

Выхавальнік ДУА «Яслі-сад № 1 г. Капыля» Ларыса Вярбіла — яшчэ адна актыўная чытачка, якая з раённай газетай ужо больш за трыццаць гадоў.

— «Слава працы» стала больш змястоўнай і цікавай, — дзеліцца Ларыса Уладзіміраўна. — Усе рубрыкі вельмі падабаюцца, таму пастаянна выпісваю, бо са старонак газеты даведваешся пра жыццё не толькі горада, але і раёна, знаёмішся са знакамітымі землякамі.

Па словах капылянкі Ліны Ніліповіч, раёнка стала такой рознабаковай, што яна з задавальненнем яе чытае і чакае кожны новы нумар. Цікава ўсё, нават падзякі і віншаванні. Аднак хацелася б, каб на старонках «СП» з’яўлялася яшчэ больш рэцэптаў для гаспадынь.

Наталлю Карпук з аграгарадка Скабін задавальняюць змест і цяперашні аб’ём газеты. Яна знаходзіць для сябе ў раёнцы цікавым усё — артыкулы аб сельскай гаспадарцы, пра людзей, ветэранаў працы і Вялікай Айчыннай вайны. Паколькі Наталля Анатольеўна з’яўляецца сельскім жыхаром, то ёй хацелася б на старонках газеты бачыць больш матэрыялаў пра жыццё вяскоўцаў, падзеі з глыбінкі і аддаленых населеных пунктаў.

Публікацыі настаўніка-дэфектолага Вольгі Валністай не раз з’яўляліся на старонках раённай газеты. Вось і сёння яна прыйшла аформіць падпіску.

— «Слава працы» —  вельмі цікавая і разнастайная, — дзеліцца Вольга. — Можна для сябе нешта запазычыць. З нецярпеннем чакаю кожны выпуск і жадаю росквіту вашай газеце. Хацелася б таксама бачыць на старонках раёнкі больш маладзёжных выпускаў.

Пенсіянер Міхаіл Маркаў колькі сябе памятае, столькі і чытае «Слава працы».

— Адкуль, як не з раёнкі, можна даведацца пра апошнія навіны аб жыцці раёна, — адзначае капылянін. — Мне ўсё цікава. Асабліва ганаруся ўзнагародамі і дасягненнямі калектыву «СП». Адразу бачны вынік карпатлівай працы. Канешне, не спыняйцеся на дасягнутым, удасканальвайцеся, як таго патрабуюць рэаліі сучаснай журналістыкі.

Таццяна БОХАН



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *