Работники Копыльского района газоснабжения отмечают профессиональный праздник

Да прафесійнага свята Эканоміка

Больш за 55 гадоў прайшло з таго часу, як утварыўся Капыльскі цэх звадкаванага газу, у цяперашні час — Капыльскі раён газазабеспячэння.

■ Вадзіцель аварыйнай службы Дзмітрый Галубовіч і слесар Аляксандр Лешчанок
■ Вадзіцель аварыйнай службы Дзмітрый Галубовіч і слесар Аляксандр Лешчанок

Ля вытокаў стварэння былі Шпунт Барыс Захаравіч і Лобік Марыя Яўгенаўна. Асноўнай задачай на той момант з’яўлялася забеспячэнне звадкаваным газам домаўладанняў жыхароў Капыльшчыны. З гадамі прадпрыемства крыху змяніла сваю дзейнасць. З прыходам у раён прыроднага газу зменшылася спажыванне звадкаванага, з’явіліся сеткі газазабеспячэння. І ў цяперашні час асноўнай задачай прадпрыемства з’яўляецца безаварыйнае і бесперабойнае забеспячэнне прыродным і звадкаваным газам прадпрыемстваў і насельніцтва г. Капыля і раёна. А гэта — своечасовы рамонт абсталявання, сетак, абслугоўванне газаразмеркавальных пунктаў.

■ Слесары Андрэй Марукін і Вячаслаў Цімошчанка
■ Слесары Андрэй Марукін і Вячаслаў Цімошчанка

Як паведаміў начальнік Капыльскага раёна газазабеспячэння Мікалай Варвашэня, за 2018 год персаналам службы эксплуатацыі (майстар Віталь Холад) былі выкананы работы па замене 18 нацяжных кранаў на больш сучасныя і якасныя шаравыя, праведзена тэлемеханізацыя дзвюх станцый катоднай абароны і іншае. Брыгада эксплуатацыі, якую ўзначальвае майстар Сяргей Зарамбоўскі, у цяперашні час асвойвае правядзенне тэхнічнага абслугоўвання імпартнага газавыкарыстальнага абсталявання. У брыгадзе праведзены эксперымент па пераводзе на здзельную аплату працы.

— Усе ведаюць, што газ — гэта не толькі зручнасць, але калі грэбаваць правіламі, то і небяспека, — падкрэслівае Мікалай Варвашэня. — Таму на адным з першых месц знаходзіцца правядзенне прафілактычнай работы з насельніцтвам. Спажыўцам уручаюцца інфармацыйныя лісткі, праводзіцца інструктаж. Ладзяцца «Дні бяспекі» ў школах. Брыгадай майстра службы рамонтна-аднаўленчых работ Віталя Кудзёлкі выкананы вялікі аб’ём работ па прывядзенні абсталявання ў насельніцтва да патрабаванняў норм «Правіл карыстання газам у быце», мантаж газабалонных установак.

Заўсёды своечасова і якасна выконваюцца заяўкі аварыйнай службай, якую ўзначальвае майстар Андрэй Дуброўскі.

Хоць з кожным годам і памяншаецца дастаўка звадкаванага газу насельніцтву, але і тут праводзіцца вялікая работа па рэвізіі газавыкарыстальнага абсталявання службай, якую ўзначальвае майстар Віталь Мацюш. Па прадпісаннях заменена 431 пліта ў насельніцтва з тэрмінам эксплуатацыі больш за 20 гадоў.

Паспяхова спраўляецца з пастаўленай задачай і служба ўліку газу.

■ Кантралёры Святлана Драцкая і Святлана Цімошчанка
■ Кантралёры Святлана Драцкая і Святлана Цімошчанка

У 2018 годзе ў раёне працягваецца газіфікацыя населеных пунктаў, пабудаваны газаправоды ў аграгарадках Пясочнае, Семежава, будуецца ў аграгарадку Мажа. Рыхтуецца праектна-каштарысная дакументацыя на газіфікацыю населеных пунктаў Жыліхава, Руднае, Камсамольская, Камень, Браткава, Комсічы, Навасёлкі, створаны спажывецкі кааператыў у аграгарадку Грозава.

— Капыльскі раён газазабеспячэння невялікі па колькасці, усяго 69 чалавек, але гэтыя людзі спраўляюцца з пастаўленымі задачамі, і ёсць упэўненасць у тым, што ніколі не падвядуць, бо толькі разам можна вырашаць усе задачы, ёсць настрой на зладжаную працу, — працягвае Мікалай Варвашэня. — Адзначу тых, хто атрымае ўзнагароды ад кіраўніцтва раёна і нашага прадпрыемства. У іх ліку Андрэй Марукін, Віктар Жучко, Генадзь Радкевіч, Віталь Холад, Святлана Нарэйка, Леанід Купрацэвіч. Напярэдадні свята віншую ўсіх работнікаў і ветэранаў прадпрыемства з прафесійным святам, жадаю здароўя і ўдачы.

Сяргей КОЗЕЛ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *