Адным з важных момантаў святкавання Дня горада стала адкрыццё мемарыяльнай дошкі земляку, класіку яўрэйскай літаратуры Мендэле Мойхер-Сфорыму. Дошка размясцілася на месцы былой хаты, дзе жыла сям’я класіка. Зараз гэта будынак гарадскога ўнівермага.

На ўрачыстым мерапрыемстве прысутнічалі Анатоль Ліневіч, Ірына Кісляк, першы намеснік старшыні – начальнік упраўлення райсельгасхарчу Віталь Ракевіч, намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Ліпніцкі, прадстаўнікі замежных дэлегацый, Саюза беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і суполак на чале з намеснікам старшыні Вадзімам Акапянам, Мінскага грамадскага аб’яднання яўрэйскай культуры імя Ізі Харыка на чале са старшынёй Лізаветай Мальцавай, заслужаны архітэктар Рэспублікі Беларусь, лаўрэат дзяржаўнай прэміі Галіна Левіна.

Ганаровае права адкрыць мемарыяльную дошку было дадзена Анатолю Ліневічу і Вадзіму Акапяну.
Трэба адзначыць, што дапамогу па набыцці, устаноўцы і мастацкім афармленні дошкі аказалі ТАА «ВоМагран», Капыльскі РБУ, ІП Зяньковіч У.У. і Саюз беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і суполак.
Прадстаўнікі Саюза беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і суполак і Мінскага грамадскага аб’яднання яўрэйскай культуры імя Ізі Харыка зрабілі экскурсію па горадзе. Супрацоўнікі Капыльскага раённага краязнаўчага музея паказалі гасцям месца, дзе ў гады Вялікай Айчыннай вайны знаходзілася гета, месца расстрэлу яўрэяў, помнікі, устаноўленыя ў памяць ахвяр Халакосту. З цікавасцю яны агледзелі Алею Славы, дом Клейнбарта, былую яўрэйскую школу. Шмат добрых слоў прагучала ў адрас праекта «Капыльшчына турыстычная», які ствараецца сумеснымі намаганнямі музея і раённай газеты «Слава працы», і ў прыватнасці выпуску, які тычыцца «Яўрэйскай спадчыны».

Пазней у адной з залаў раённага краязнаўчага музея госці, да якіх далучыліся і мясцовыя жыхары, змаглі пагутарыць аб творчасці яўрэйскіх пісьменнікаў, і ў прыватнасці Мендэле Мойхер-Сфорыма, аб цеснай сувязі яўрэйскай і беларускай культур, паслухалі песні і музычныя творы ў выкананні членаў Мінскага грамадскага аб’яднання яўрэйскай культуры імя Ізі Харыка, пазнаёміліся з выставай мастацкіх работ навучэнцаў і выкладчыкаў Капыльскай дзіцячай школы мастацтваў.
