Князья копыльской земли

2018-2020 - год малой Родины

Першым капыльскім уладаром быў кіеўскі князь Уладзімір Альгердавіч (1331-1399), які і распачаў дынастыю капыльскіх князёў, вядомую ў гісторыі як князі Алелькавічы, чый род у сучаснай гістарыяграфіі атаясамліваецца пераважна з суседнім Слуцкам.

Капыль як горад-замак

Узнікненне Капыля як горада-замка можна аднесці да сярэдзіны XIV ст., калі літоўскі князь Альгерд распачаў шырокамаштабную экспансію на Русь з галоўнай мэтай — авалоданне колішняй сталіцай Русі — Кіевам. Капыль узнік як важны ваенна-стратэгічны пункт на шляху з Літвы і Навагрудка ў Паўднёвую Русь. Капыль з’яўляўся буйнейшым населеным месцам існаваўшага з канца XII стагоддзя ўдзельнага княства. Яго сталіцаю быў Слуцк, а гаспадарамі — нашчадкі кіеўскага князя Ізяслава Яраславіча — Ізяславічы. Напрыканцы XIV стагоддзя замест Ізяславічаў на Случчыне з’явіліся новыя гаспадары — прадстаўнікі роду вялікага князя літоўскага Альгерда. У летапісе гэту падзею зафіксавалі так: «…князю Володимиру Ольгердовичу, тогда бывшу в Киеве, и не всхте покоры учинити и челом ударити великому князю Витовту… того же лета на осень князь великий Витовт выведе его ис Киева и даст ему Копыль…» Радкі гэтыя сведчаць, што галоўным горадам краю тады з’яўляўся Капыль. Пачынаючы з XVI стагоддзя і пазней менавіта Капыль не раз разглядаўся як галоўны горад краю.

Нашчадкі Гедыміна

■ Прадстаўнікі роду Алелькавічаў
■ Прадстаўнікі роду Алелькавічаў

Алелькавiчы належалi да адной з магутных галiн яшчэ больш старажытнай дынастыi Гедымiнавiчаў. Заснавальнікам роду лiчыцца Аляксандр (Алелька) — сын кiеўскага князя Уладзiмiра, унук вялiкага князя лiтоўскага Альгерда, праўнук Гедымiна. У 1417 годзе ён ажаніўся з унучкай Вiтаўта Вялiкага Настассяй — дачкой вялiкага князя маскоўскага Васiля Дзмiтравiча i Cоф’i Вiтаўтаўны. Быў князем капыльскiм, слуцкiм, кiеўскiм.

Kaлi ў 1430 годзе памёр вялiкi князь лiтоўскi Вiтаўт, сярод тых, каго хацелi бачыць яго пераемнiкам, называлi i Алельку Уладзiмiравiча Слуцкага. Яго ведалi як таленавiтага военачальнiка, разважлiвага дыпламата. Разам са сваiм палком i братамi Iванам i Андрэем ён браў удзел у бiтве народаў на Грунвальдскiм полi. У лiку iншых пераможцаў браты Слуцкiя паставiлi свае подпісы пад мiрным Мельнскiм дагаворам з Тэўтонскiм ордэнам.

Міхаіл — князь капыльскі

Князь Алелька (1380–1454) імкнуўся вярнуць адабранае ў яго бацькі Кіеўскае княства, чаго ўрэшце дамогся. І калі ў 1443 годзе адправіўся ў Кіеў, то ў Слуцкім княстве, якое таксама заставалася ў яго, намеснікамі пакінуў сыноў. Старэйшаму Сімяону даверыў Слуцк, малодшаму Міхаілу — Капыль. Менавіта з гаспадарання Міхаіла Алелькавіча сучасныя гісторыкі пачынаюць размову пра Капыльскае княства, якое ўяўляла сабою невялікі ўдзел у межах княства Слуцкага.

■ Пячатка Аляксандра Алелькі
■ Пячатка Аляксандра Алелькі

Пасля смерці бацькі, у 1454 годзе, старэйшы сын Алелькі Сімяон І Аляксандравіч (1420–1470) замест яго адправіўся ў Кіеў, а гаспадаром аб’яднанай Случчыны стаў малодшы Міхаіл Аляксандравіч (1425–1481). Хутчэй за ўсё, ён добра ўладкаваўся ў Капылі, таму княжацкая сям’я не пакінула яго дзеля Слуцка. Дарэчы, Міхаіл быў намеснiкам вялiкага князя лiтоўскага Kaзiмipa IV Ягелончыка ў Вялiкiм Ноўгарадзе. Але яго мэтай быў Кіеў. І пасля таго, як у 1480 годзе кіеўскага ваяводу Марціна Гаштольда перавялі ваяводам у Трокі, а ў Кіеў прызначылі Івана Хадкевіча, Міхаіл Алелькавіч разам з прыхільнікамі пачаў дзейнічаць. Аднак замова была раскрыта. Міхаіл Алелькавіч і Іван Гальшанскі пакараны смерцю ў жніўні 1481 года. Ужо пасля смерці Міхаіла ў Слуцк з Капыля пераехаў яго сын Сімяон II Алелькавіч (1460–1505) і вельмі добра ўмацаваў слуцкі дзядзінец, ператварыўшы яго ў непрыступную крэпасць. Аб’яднаная ж Случчына з цэнтрам у Капылі да пераезду Алелькавічаў у Слуцк называлася Капыльска-Слуцкім княствам.

Падзел княства

Калі кіеўскага князя Сімяона І Аляксандравіча не стала, вялікі князь літоўскі замест Кіеўскага княства даў яго нашчадкам — жонцы Марыі і дзецям — княства Пінскае. Але княгіня Марыя Пінскам была не задаволена і захацела вярнуцца ў Слуцк, дзе жыла да ад’езду ў Кіеў. Зноў з’явілася пагроза падзелу Слуцкага княства на ўдзелы. У Міхаіла Алелькавіча абмежавацца толькі Капыльшчынай жадання не было, ён выступіў супраць вяртання сям’і старэйшага брата. Спрэчку паміж сваякамі разглядаў велікакняжацкі суд, які вынес рашэнне: за княгіняй Марыяй і яе дзецьмі замацаваць Пінскае княства — яно станавілася спадчынай старэйшай галіны роду Алелькавічаў, а за князем Міхаілам Алелькавічам і яго дзецьмі — княства Слуцкае, якое аб’яўлялася спадчынай малодшай галіны роду Алелькавічаў.

Такім чынам, мы бачым, што ў Слуцка-Капыльскім (альбо Капыльска-Слуцкім) княстве існавалі дзве сталіцы. І ў Капылі, і ў Слуцку былі замкі з княжацкімі палацамі.

Капыль самастойны

Зноў самастойным цэнтрам Капыль становіцца пасля смерці слуцкага князя Юрыя І Сімяонавіча (1492–1542), калі Слуцкае княства падзялілі яго сыны. Старэйшы Юрый II Юр’евіч (1530–1578) атрымаў Слуцк, Капыль — малодшы Сімяон III Юр’евіч (? –1560). Аднак, як і раней, Капыльскае княства заставалася адміністрацыйнай адзінкай у межах агульнага Слуцкага княства. Абодва браты разам пастаўлялі ад сваіх уладанняў войска ў склад літоўскага войска. Тым не менш гістарычныя дакументы сведчаць, што адносіны між братамі не заўсёды былі бясхмарнымі.

Пасля смерці малодшага брата, у якога не засталося спадчыннікаў, Капыльскае княства далучылася да ўладанняў Юрыя II Юр’евіча. Аднак напрыканцы свайго жыцця гэтаму князю зноў прыйшлося дзяліць княства паміж сваімі трыма сынамі. Большыя часткі Слуцка і Случчыны дасталіся Юрыю III (1559–1586), меншая частка Слуцка (Зарэчча), Капыль і Капыльшчына — сярэдняму Сімяону IV (Яну-Сімяону) (1560–1592), а малодшаму Аляксандру II (1563–1591) — слуцкае прадмесце Востраў і шэраг маёнткаў. Пасля смерці ўсіх братоў падзеленае Слуцкае княства зноў аб’ядналася ў руках адзінай спадчынніцы Сафіі Алелькавіч (1585–1612).

Крыху пра насельніцтва

Дарэчы, што да этнічнага складу насельніцтва капыльскай краіны на пачатку XV ст., то ён быў неаднастайны. Побач з карэнным насельніцтвам у краі мусілі пражываць даволі шматлікія выхадцы з Прусіі, якія знайшлі тут прытулак. Некаторыя з іх былі паселены ў Капылі і ваколіцах літоўскімі князямі і павінны былі несці ваенную службу. Такія назвы, як Прусы, Вялікія Прусы, Скабін недвухсэнсоўна сведчаць на карысць прысутнасці сярод мясцовага насельніцтва даволі шматлікіх ураджэнцаў Прусіі. Пасяляючы прускіх выхадцаў у новадалучаных землях, літоўскія князі тым самым не толькі павялічвалі колькасць насельніцтва, так патрэбнага для нясення розных службаў, але і за кошт «асаднікаў» умацоўвалі сваю сацыяльную базу сярод мясцовага насельніцтва.

Пра Сафію Слуцкую

■ Помнік Сафіі Слуцкай у г. Слуцку
■ Помнік Сафіі Слуцкай у г. Слуцку

Мошчы святой Сафіi Слуцкай захоўваюцца ў Свята-Духавым кафедральным саборы ў Мiнску. I да гэтага часу яе iмя аб’ядноўвае вернiкаў беларускай зямлi.

Падрыхтавала Дзіяна ТКАЧЭНКА

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *