Координационный центр социального неблагополучия выехал в Семежево

Общество

Чарговае выязное пасяджэнне каардынацыйнага цэнтра сацыяльнага недабрабыту адбылося на базе Семежаўскага сельвыканкама. Трэба адзначыць, што праводзяцца яны ў адпаведнасці з рашэннем райвыканкама пачынаючы з 2008 года.

afb8cbadd299ecd223e671d54177bf93

Падчас пасяджэння намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Валянціна Балажынская расказала аб дзейнасці каардынацыйнага цэнтра, пазнаёміла з яго мэтамі і задачамі, узгадала асноўныя мерапрыемствы, што праводзяцца ў раёне па прафілактыцы сацыяльнага недабрабыту. Як паведаміла Валянціна Уладзіміраўна, з пачатку года на тэрыторыі раёна непаўналетнімі здзейснена пяць злачынстваў супраць маёмасці і здароўя людзей. У параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года вырасла колькасць правапарушэнняў, здзейсненых непаўналетнімі. Сярод іх лідзіруюць правапарушэнні па ўжыванні падлеткамі спіртных напояў і па знаходжанні па-за домам у начны час. Адзначана, што бацькі не заўсёды добрасумленна выконваюць свае абавязкі па выхаванні дзяцей.

Начальнік Капыльскага РАУС Віталь Сіротка прааналізаваў крымінагенную сітуацыю на тэрыторыі Семежаўскага сельсавета, адзначыўшы, што за першае паўгоддзе было зафіксавана адно цяжкае злачынства. Віталь Іванавіч звярнуў увагу на тое, што для прафілактыкі злачынных з’яў неабходна больш цесна працаваць з падуліковымі катэгорыямі грамадзян.

Аб шкодзе алкаголю для арганізма, асабліва дзіцячага, расказала ўрач-нарколаг Капыльскай ЦРБ Марына Гайдзель, якая непасрэдна працуе з падлеткамі, што злоўжываюць спіртнымі напоямі. «Алкагалізм — хвароба, якая не вылечваецца, — засяродзіла ўвагу прысутных Марына Іосіфаўна, — таму кожны павінен задумацца: ці варта рызыкаваць сваім здароўем дзеля некалькіх вясёлых гадзін». Таксама спецыяліст зрабіла акцэнт на тым, што ўзроставы парог тых, хто ўжывае спіртное, зніжаецца. Сустракаюцца выпадкі знаходжання ў стане алкагольнага ап’янення 12-гадовых дзяцей. Кантроль за дзецьмі з боку бацькоў павінен быць больш пільным.

У сацыяльна небяспечным становішчы на тэрыторыі раёна знаходзяцца 46 сем’яў, з іх восем, якія пражываюць у мікрараёне Семежаўскай СШ. Пра гэта паведаміла дырэктар сацыяльна-педагагічнага цэнтра Капыльскага раёна Людміла Селюценка. Праблема даволі вострая і патрабуе дэталёвага вывучэння. Людміла Уладзіміраўна таксама спынілася на асноўных задачах установы, на прафілактыцы сацыяльнага сіроцтва, рэабілітацыйнай рабоце з праблемнымі сем’ямі і г.д.

Занепакоенасць ростам у раёне колькасці пажараў выказаў галоўны спецыяліст інспекцыі нагляду і прафілактыкі Капыльскага РАНС Андрэй Мацейка. Андрэй Іванавіч звярнуў увагу на асноўныя прычыны ўзнікнення надзвычайных сітуацый і на захаванне правіл пажарнай бяспекі. Акрамя таго ўдзельнікі пасяджэння гаварылі аб адказнасці кожнага за свае ўчынкі.

Сяргей КОЗЕЛ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *