На озере Островок Копыльского района обустроена зона отдыха

2018-2020 - год малой Родины Актуально Добраўпарадкаванне

Яшчэ адна цудоўная зона адпачынку з’явілася на Капыльшчыне. Намаганнямі мясцовага сельвыканкама, кіраўніцтва і працаўнікоў КСУП «Доктаравічы» праведзена добраўпарадкаванне часткі прыбярэжнай тэрыторыі возера Астравок.

■ Міхаіл Валуевіч і Сяргей Шарупіч
■ Міхаіл Валуевіч і Сяргей Шарупіч

Як расказаў старшыня Доктаравіцкага сельвыканкама Міхаіл Валуевіч, даручэнне абсталяваць пляж на гэтым вадаёме было дадзена старшынёй райвыканкама Анатолем Ліневічам яшчэ ў мінулым годзе. На той час, згодна з даследаваннямі Капыльскага райЦГЭ, вада ў возеры не была прыдатная для купання. Аднак гэтыя мясціны даўно сталі ўпадабаным месцам адпачынку не толькі для мясцовых жыхароў, дачнікаў, але жыхароў іншых раёнаў і нават сталіцы. Яны прыцягваюць рыбаловаў і проста аматараў баўлення вольнага часу на свежым паветры сваёй прыгажосцю і непаўторнасцю. Толькі з цягам часу берагі возера пачалі зарастаць кустоўем, а водную гладзь запаланілі чарот і раска.

IMG_4770

IMG_4764

Асноўныя работы на сябе ўзяло КСУП «Доктаравічы».

— Мы арганізавалі працэс так, каб амаль кожны дзень некалькі гадзін займацца добраўпарадкаваннем гэтай часткі возера, — расказвае дырэктар сельгаспрадпрыемства Сяргей Шарупіч. — Па ўзгадненні з прыродаахоўнай службай і Капыльскім вопытным лясгасам узімку расшырылі тэрыторыю пляжа, для чаго высеклі кустоўе і некаторыя дрэвы, усё выкарчавалі. Пазней, выбраўшы час, каб не перашкаджаць нераставанню рыбы, выдалілі расліннасць, якая знаходзілася ў возеры. Заказалі ў Капыльскім РБУ альтанкі, кабінкі для пераапранання, прыбіральню. Нам засталося толькі на месцы ўсё сабраць. Затым пачалося добраўпарадкаванне тэрыторыі пляжа: захаваўшы прыродны ландшафт, мы навазілі гравій. Зверху пастараліся насыпаць такі пясок, каб было прыемна па ім хадзіць басанож.

— Цяпер самае галоўнае, каб людзі, якія тут адпачываюць, з разуменнем аднесліся да падтрымання парадку, — адзначае Міхаіл Валуевіч. — За непрацяглы час, які прайшоў з моманту завяршэння работ, мы ўжо сутыкнуліся з прыкладамі праяўлення бескультурнасці некаторых нашых грамадзян. І ад гэтага вельмі прыкра. Таму што ў гэты прыгожы куточак нашага краю ўкладзена так шмат душы, старанняў людзей, якія былі заняты на яго добраўпарадкаванні, што хацелася б бачыць адпаведную рэакцыю.

І гэта так. Бо не вельмі шмат намаганняў кожнаму з нас трэба прыкласці, каб праца многіх людзей надоўга прыносіла задавальненне. Дастаткова толькі пасля адпачынку прыбіраць за сабой смецце і выкідваць яго ў кантэйнеры, якія спецыяльна пастаўлены жыллёва-камунальнай службай на ўездзе на пляж. Свае аўтамашыны неабходна прыпаркоўваць тут жа, на невялікай заасфальтаванай пляцоўцы. Хацелася б, каб альтанкі і іншыя збудаванні сапраўды былі месцам адпачынку, а не выкарыстоўваліся як аб’ект для хуліганскіх выхадак. І для развядзення вогнішча ёсць спецыяльна абсталяванае месца. Так што карыстайцеся на здароўе!

І яшчэ. Не забывайцеся падчас адпачынку пра бяспеку! Ва ўсякім разе, дзеці заўсёды павінны знаходзіцца пад наглядам дарослых. Інакш можа здарыцца бяда…

У планах кіраўнікоў сельвыканкама і сельгаспрадпрыемства і надалей добраўпарадкоўваць гэты пляж, каб ён заўсёды заставаўся любімым месцам адпачынку.

Маргарыта САКОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *