Жизненные дороги нашего земляка, писателя Ивана Кононовича

2018-2020 - год малой Родины

Іван Іванавіч Канановіч нарадзіўся 10 мая 1938 г. у вёсцы Кукавічы Капыльскага раёна. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, працаваў на цаліне, слесарам на Мінскім аўтазаводзе, журналістам, рэдактарам выдавецтва «Мастацкая літаратура».

канановіч

Сваё першае апавяданне «Пераправа» надрукаваў у 1975 годзе ў часопісе «Маладосць». Аўтар кніг прозы «Заводскія світанні» (1978), «Белы чыгун» (1981), «Цёплы камень» (1985), «Асобая зона» (1991), «Чорныя цені» (2003), «Старыя званы» (2008). Яго нарысы, замалёўкі, артыкулы ў свой час друкаваліся ў перыядычым друку.

Хлопчык з капыльскай вёсачкі Кукавічы спаўна спазнаў і ваенную галаднечу, і «смак» нямецкага бізуна. Разам з дарослымі ён радаваўся нашай Вялікай Перамозе і чакаў, чакаў бацьку. I той — якая радасць была для ўсёй сям’і! —  вярнуўся з вайны…

У нялёгкі пасляваенны час разам з вяскоўцамі яны аднаўлялі калгасную гаспадарку. У Канановічаў была «спецыялізацыя», вельмі патрэбная людзям. 3 рання да вечара яны выраблялі альбо рамантавалі ў кузні розныя жыццёва неабходныя рэчы — механізмы, прылады. Галоўнымі ж на той час былі сярпы, плугі, бароны, спружыноўкі. Праблем хапала. Прапаноў, парад — таксама. Аднойчы да іх месца працы прыбуксіравалі падбітую ў вайну «палутарку». «А раптам вы, мальцы-ўмельцы, зробіце цуд, і яна не толькі загудзе, а і паедзе…» Паехала! Шмат давялося дзеля гэтага папрацаваць бацьку са сваімі сынамі — Янкам і старэйшым Сымонам. Радаваліся гэтай падзеі ўсе вяскоўцы, старыя і малыя. Яшчэ б не радавацца! Бацька часцяком падвозіў на адрамантаванай машыне вучняў у школу, да якой трэба было ісці некалькі кіламетраў.

Ivan_Kananovich__Tsjoply_kamen

Ездзячы на «палутарцы» па дарогах Капыльскага, Нясвіжскага і Клецкага раёнаў, бацька аднойчы ўбачыў на абочыне ў канаве падбітую ў вайну нямецкую танкетку. Спыніўся, уважліва агледзеў яе. Нават абстукаў малатком на трываласць і зразумеў: гэта ж выдатны матэрыял, які можна пусціць у справу!

Неўзабаве пяць здаровых мужчын-добраахвотнікаў з няхітрым інструментам прыбылі да той браніраванай пачвары. Метал быў рознай таўшчыні і канфігурацыі — з бакоў, тылу. Не хацеў «паддавацца», але дастатковую колькасць дэфіцытных металічных лістоў і розных дэталяў вечарам даставілі ў кузню.

У наступныя дні перш-наперш нарыхтавалі дастатковую колькасць самакальных зубілаў, малаткоў, клешчаў. Потым трывалы метал спатрэбіўся для вырабу сярпоў — пачыналася першае пасляваеннае жніво.

Пра той не вельмі просты вытворчы працэс Іван Іванавіч можа і сёння ўзгадваць і расказваць доўга і цікава. Як высечаныя пласціны награвалі ў горне да малінавага свячэння і расклёпвалі па форме сярпа, гартавалі, пасля зубілі, заточвалі на тачыле да брытвеннай вастрыні…

Тымі заліхвацкімі сярпамі жанчыны іх вёскі штодзень выжыналі ледзь не па гектары збажыны, пры гэтым не шкадуючы зычлівых слоў у адрас майстроў-кавалёў.

Так для Янкі бацькава кузня і стала своеасаблівай жыццёвай і прафесійнай школай. Кавальская навука ніколі не забывалася, яна наогул нацэльвала на творчасць у самым шырокім разуменні гэтага слова. Дарэчы, тыя даўнія кавальскія вырабы мелі вельмі прыгожы эстэтычны выгляд. Нават дзвярныя замкі ці паўзамкі адзін ад другога адрозніваліся фігурнай вонкавай накладкай: на адной — малюнак голуба, на другой — пеўня, на трэцяй — салаўя…

Адмысловай майстрыцай была і руплівіца маці, якую вяскоўцы ласкава звалі цётка Палуся. Ранняй вясной яна ставіла ў хаце кросны і вырабляла квяцістыя коўдры, пакрывалы, настольнікі, ручнікі і іншыя ўзорныя вырабы.

Усё гэта бясспрэчна паўплывала на выбар прафесіі і кірунак у жыцці Івана Канановіча. Ужо ў сталым узросце ён скажа: «Празаік пазнаецца веданнем убачанага і перажытага. I проза жыцця павінна быць не горш за паэзію…». Toe далёкае прыгожае з пражытымі гадамі не аддалялася, не забывалася. Наадварот — яно набірала сілы.

Месяц за месяцам, год за годам… I вось надышла пара гаварыць пра дзесяцігоддзі.

Жыццёвых прыступак зашмат у кожнага чалавека. Расказваючы пра Івана Іванавіча хочацца прыгадаць асобныя яго «прыступкі». Закончыўшы Вялікараёўскую сярэднюю школу,  ён паступіў у Баранавіцкае вучылішча сельскай гаспадаркі. Атрымаў там прафесію трактарыста-машыніста і працаваў у Цімкавіцкай МТС, на цаліне. Пасля вайсковай службы (механік-радыст) — вучыўся ў Мінскім ГПТВ №9, дзе атрымаў спецыяльнасць слесара. Затым — праца слесарам-рамонтнікам, інжынерам на Мінскім аўтазаводзе. Без адрыву ад вытворчасці закончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Спазнаў і хлеб журналістыкі — працаваў карэспандэнтам, загадчыкам аддзела, намеснікам рэдактара газеты «Автозаводец».

У літаратуру прыйшоў чалавекам з багатым жыццёвым вопытам і, бяспрэчна, талентам. Прыемна ўзгадваць, што ў былыя часы тыражы кніг пісьменнікаў вымяраліся не сотнямі, а многімі тысячамі. Дзякуючы гэтаму, кнігі Івана Канановіча таксама па-ранейшаму чакаюць чытача ў многіх нашых бібліятэках. Бяру на сябе смеласць сказаць — іх не састарыў час.

Васіль НАЙДЗІН,



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *