Купальским вечером в зоне отдыха г. Копыля шумел праздник

Культура Праздник

Гучна і весела — з песнямі, танцамі і пошукамі папараць-кветкі — адшумела ў Капылі Купалле.

Сапраўдную чароўную казку для капылян і гасцей горада стварылі супрацоўнікі раённага Цэнтра традыцыйнай культуры. Яна была захапляльнай і па-купальску таямнічай, ды і назву мела адпаведную – «У ноч на Івана Купалу».

IMG_8410

Самадзейныя артысткі Таццяна Вошкат і Валянціна Бенеш, супрацоўнікі РЦК Вольга Сухаверх і Веніямін Меляшкевіч, а таксама навучэнец Капыльскага дзяржаўнага каледжа Юрый Вілюха яскрава разыгрывалі гумарыстычныя сцэнкі з жыцця беларускага народа. Як заўсёды, цудоўна спяваў вакальны ансамбль «Сяброўкі» пад кіраўніцтвам Валянціны Зарамбоўскай. Сваім вакальным майстэрствам стваралі святочны настрой загадчык Руднянскага клуба-бібліятэкі Святлана Шчукіна і дырэктар Навасёлкаўскага сельскага Дома культуры Наталля Клыга. Прывітаць капылян са святам прыехалі самадзейныя артысты з Клецкага раёна Іван Скаварада і Ганна Дамарацкая.

А каб удзельнікі свята паспрабавалі смак сапраўднага купальскага настрою, была арганізавана гульнёвая праграма «Купальскае ігрышча», падчас якога настаў самы доўгачаканы момант — спальванне чучала лялькі Мары. Хлопцы і дзяўчаты перакідвалі адзін аднаму праз вогнішча вяночкі, закідвалі іх на самую высокую галінку бярозкі, каб даведацца, ці хутка ажэняцца. А якое ж Купалле без скачкоў праз агонь? Таму скакалі праз чароўнае вогнішча і маладыя, і крыху старэйшыя вельмі старанна: усе жадалі пазбавіцца ад хвароб і няўдач і набыць здароўе і поспех.

У гэты ліпеньскі вечар з захапленнем бавілі час хлопчыкі і дзяўчынкі: адгадвалі загадкі, танцавалі, частаваліся рознымі прысмакамі, якіх было вельмі шмат, ды і проста гулялі. 

Напрыканцы свята хлопец і дзяўчына знайшлі-такі таямнічую папараць-кветку і атрымалі за тое смачны прыз. А гэта значыць, што быць ім шчаслівымі і багатымі!

Дзіяна ТКАЧЭНКА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *