“Мінская лыжня-2011”

Актуально Спорт

Масавы старт каманд гар- і райвыканкамаў

На лыжна-біятлоннай базе «Заечая паляна» ў Лагойскім раёне ў суботу, 5 лютага, праходзіла абласное зімовае спартыўнае свята «Лыжная гонка на прызы Мінаблвыканкама» ў праграме «Беларуская лыжня-2011» сярод кіруючых работнікаў апаратаў райвыканкамаў і Жодзінскага гарвыканкама і сярод структурных падраздзяленняў аблвыканкама, абласных арганізацый. Удзел у традыцыйным мерапрыемстве прыняла дэлегацыя Капыльскага раёна на чале з кіраўніком раённай “вертыкалі” Анатолем Жданенем.

З прывітальным словам звяртаецца губернатар вобласці Б. Батура

Падаўшы заяўкі на ўдзел у спаборніцтвах, каманды і групы падтрымкі выстраіліся на ўрачыстае адкрыццё мерапрыемства. З прывітальным словам да аматараў спорту звярнуўся губернатар Мінскай вобласці Барыс Батура. Ён адзначыў, што ў нашай краіне вялікія сродкі ўкладваюцца ў развіццё фізкультуры і спорту. Толькі ў Мінскай вобласці за апошнія пяць гадоў звыш 300 млрд рублёў пайшло на стварэнне базы для заняткаў фізкультурай і спортам. “Развіццё фізкультуры і спорту ў Мінскай вобласці — на стабільным трэцім месцы, — падкрэсліў губернатар вобласці. — Міншчына — цэнтральная, вядучая вобласць нашай дзяржавы, і я лічу, што сёння, адкрываючы “Мінскую лыжню” 2011 года, мы павінны паставіць перад сабой задачу, каб такая канстатацыя, “стабільнае трэцяе месца”, засталася ў мінулай пяцігодцы. Хачу пажадаць вам добрага настрою, паспяховых стартаў. У добры шлях, “Мінская лыжня”!”

Першымі на старт выйшлі каманды работнікаў гар- і райвыканкамаў. У склад каманды ўваходзілі тры мужчыны і адна жанчына. Гонар Капыльшчыны на лыжні адстойвалі начальнік аддзела фізіч-най культуры, спорту і турызму Віктар Васілеўскі, інжынер-праграміст Віктар Таўчкоў, першы сакратар райкама ГА “БРСМ” Наталля Гарбацэвіч, начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы Сяргей Цвірка, якія на дыстанцыю 4х1500 м выйшлі пад восьмым камандным нумарам. Не надта соладка прыходзілася лыжнікам, пераадольваючы складаную лагойскую трасу пад праліўным дажджом. І хаця ў тройку лідараў капылянам трапіць не ўдалося, асноўны прынцып мерапрыемстваў такога кшталту (галоўнае – не перамога, а ўдзел – С. Л.) нашы землякі выканалі. А пераможцамі гонкі сталі работнікі Барысаўскага райвыканкама. Услед за імі на фінішы былі стаўбцоўскія лыжнікі, а трэцяй стала каманда Мінскага раёна.

Структурныя падраздзяленні аблвыканкама, абласныя арганізацыі эстафетную гонку вялі практычна на ледзяной трасе. Паказаўшы добрую падрыхтоўку і вытрымку, першымі на фініш прыйшлі супрацоўнікі ўпраўлення ўнутраных спраў Мінаблвыканкама. На другім месцы замацаваліся работнікі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, а замкнулі тройку лідараў лыжнікі вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання.

Каманда Капыльскага раёна

Пераможцы і прызёры “Мінскай лыжні” атрымалі кубкі, дыпломы і памятныя падарункі, якія ім уручылі губернатар вобласці Барыс Батура, міністр спорту і турызму Алег Качан, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – галоўны інспектар па Мінскай вобласці Мікалай Іванчанка.

Гарачая салдацкая каша і чай - для ўдзельнікаў «Мінскай лыжні»

Для гасцей спартыўнага відовішча свае паслугі прапаноўвалі шматлікія гандлёвыя палаткі Лагойскага райспажыўтаварыства і Барысаўскага мясакамбіната. Тут жа абсалютна бясплатна можна было пачаставацца сапраўднай салдацкай кашай і выпіць гарачага чаю. Весялілі публіку разнастайныя роставыя лялькі, самадзейныя артысты. Пакідалі “Заечую паляну” ўдзельнікі свята здароўя з выдатным настроем. Значыць час, праведзены на спартыўным мерапрыемстве, быў патрачаны недарэмна.

Сяргей ЛАЗОЎСКІ

Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *