Исполнилось 85 лет уважаемому в деревне Рачкевичи Копыльского района человеку, знатоку своего дела Сергею Михайловичу Войтовичу

Галерэя лёсаў Чалавек і яго справа

Напярэдадні Сяргей Міхайлавіч расказаў нам аб сваім жыцці і сям’і, успомніў пра любімую працу і дзяцінства.

Нарадзіўся і вырас Сяргей Міхайлавіч у вёсцы Рачкевічы, дзе далей і працаваў у калгасе. Усяго ў яго бацькоў было восем дзяцей.  Ён сярэдні, чацвёрты. «Маці мяне  нарадзіла,  а назаўтра  пайшла жаць сярпом, — расказвае Сяргей Міхайлавіч. — Мяне ў посцілку — і прынеслі ёй у поле. Вось на гэтым полі і вырас».

Сяргей Міхайлавіч Вайтовіч
Сяргей Міхайлавіч Вайтовіч

Так з маленства яго жыццё непарыўна звязалася з сельскай гаспадаркай. Калі вучыўся ў школе, хадзіў у брыгаду дапамагаць: насенне падвозіў, ездзіў па сена на аддаленую сенажаць.  Увогуле 52 гады ў калгасе, 20 з якіх прарабіў, будучы на пенсіі. Спачатку працаваў кладаўшчыком, потым брыгадзірам-паляводам. Меў у брыгадзе 1400 га зямлі. «Калі закончыў працаваць, — успамінае яго жонка Зінаіда Фёдараўна, — машына ці трактар едзе — ён да акна. Хто паехаў, хто пайшоў? Прывык ужо за столькі гадоў».

Сяргей Міхайлавіч з усмешкай хваліцца, што ў калгасе яго да гэтай пары ўспамінаюць і паважаюць ад душы. Кожны рабочы і нават начальства заўсёды вітаюць яго.

З жонкай сваёй, Зінаідай Фёдараўнай, ён сябраваў са школы. Нават калі на ўроку каля дошкі нешта не ведаў, то яе зваў на дапамогу. Так са школы ўсе і ведалі, што яны пара. Цяпер жа Вайтовічы адсвяткавалі залатое вяселле. Аб жонцы і іх маладосці Сяргей Міхайлавіч успамінае настолькі  натхнёна, што цэлы раман напісаць магчыма, якім  людзі  зачытваліся б.

Здароўе ўжо не дазваляе займацца гаспадаркай,  як у маладосці, таму ім вельмі дапамагаюць дзеці. Дачка пераклала ўсю працу па агародзе  на сябе.  Сяргей Міхайлавіч як можа дачцэ дапамагае, даглядае курак. А Зінаіда Фёдараўна ўспамінае, што па маладосці 48 сотак у іх было. Шмат усяго садзілі ды гаспадарку трымалі вялікую: дзве каровы, быкі ды свінні. Цяпер жа засталіся толькі куркі з пеўнікам ды сабака.

Вельмі ганарацца дзядуля з бабуляй сваімі ўнукамі і малымі праўнучкамі. Весела расказваюць, як яны растуць, жывуць і вучацца. Смяюцца, што ў іх сям’і чатыры Сяргеі: муж, сын, унук і зяць. Часам у размове не зразумела, аб якім з Сяргеяў ідзе гаворка.

Шкадуюць Сяргей з Зінаідай сваю вёску, што зусім мала жыхароў у ёй засталося. «Зімой выйдзеш на вуліцу: нікога не відаць. Добра, што летам дзеці ды ўнукі прыязджаюць. Робіцца весялей», — уздыхае Зінаіда.

Мне было прыемна пазнаёміцца з такімі шчырымі і ветлівымі людзьмі, як Сяргей Міхайлавіч і Зінаіда Фёдараўна. Хачу пажадаць ім моцнага здароўя. Бо будзе здароўе — усё астатняе абавязкова дадасца.

Вольга СІНЬКЕВІЧ,

студэнтка 4 курса Інстытута журналістыкі БДУ

Фота Маргарыты САКОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *