Сувязная са Скабіна

Галерэя лёсаў Память

Дзень Перамогі і Дзень вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў для Марыі Харытонаўны Прыміч з аграгарадка Скабін заўсёды былі святамі са слязьмі на вачах. Менавіта былі…

Жанчына заўсёды хадзіла на святочныя мітынгі. І ўспамінаючы пра ваенныя падзеі, ніяк не магла стрымаць слёз. Зараз жа яна выйсці нікуды не можа. Яно і зразумела: ёй 92 гады і здароўе зусім падводзіць. Таму падчас нашай сустрэчы мы больш гутарылі з яе дочкамі, якія вельмі берагуць і шчыра даглядаюць сваю матулю. Ды і ўспаміны яе пра вайну дакладна памятаюць, таму дапамагалі ўзгадваць пра тыя падзеі.

■  Марыя Харытонаўна Прыміч (у цэнтры) з дочкамі Нінай і Марыяй
■ Марыя Харытонаўна Прыміч (у цэнтры) з дочкамі Нінай і Марыяй

Марыя Харытонаўна нарадзілася і вырасла ў Скабіне. Спазнала сіроцкую долю, даглядаў яе старэйшы брат Ваня. Разам з малодшым Васем ён партызаніў. А Марыя стала сувязной партызанскага атрада імя Чапаева.

У яе памяці назаўсёды застаўся вельмі яскравы эпізод. Аднойчы яна, дзяўчынка-падлетак, пачула, як браты паміж сабой гутараць наконт таго, што трэба перадаць міну ў Васільчыцы, а потым у Слуцк, каб падарваць хлебазавод. Марыя згадзілася выканаць гэта, хаця малодшы брат не пускаў яе. Казаў, што дзіця яна зусім яшчэ. Дапамагла ёй мясцовая жыхарка Лізавета Амяльянчык. Узяла карзіну, паклала туды міну, накрыла льняным ручніком, зверху яйкі, расаду і адправіла ў паход. Калі дзяўчынка ішла, міма праязджалі машыны з немцамі. У такія моманты, вядома ж, яна вельмі баялася. Ёй здавалася, што яны ведаюць, што знаходзіцца ў карзіне, і бачаць, як у яе ад страху з-пад хустачкі падымаюцца валасы. Таму яна брала хустку за рагі і цягнула ўніз. Але «аперацыя» прайшла паспяхова, і Марыя атрымала падзяку ад капітана Лявых за праяўленую смеласць. Потым неаднойчы пераносіла запіскі, як яна казала, нейкаму дзядзьку ў атрад, перадавала бінты.

■  Вось такой прыгожай была ў 1948 годзе Марыя Харытонаўна
■ Вось такой прыгожай была ў 1948 годзе Марыя Харытонаўна

Разам з дарослымі даводзілася пячы хлеб партызанам, за што ледзь не паплаціліся, бо нехта данёс немцам пра гэта. Але выратавацца змаглі ў партызанскім атрадзе. Там яны дапамагалі народным мсціўцам: то прыгатуюць ежу, то памыюць вопратку, то нешта сшыюць (у якасці тканіны прымянялі нават парашуты).

З цяжкім болем успамінае Марыя Харытонаўна пра тое, як знішчылі сям’ю яе стрыечнага брата. Бацькоў і траіх дзетак завялі за гумно і расстралялі…

Марыя ў пасляваенны час сустрэла свайго мужа Уладзіміра Прыміча, які доўгі час працаваў загадчыкам ашчадкасы ў Капылі. Нарадзіліся ў іх тры годныя дачкі: Марыя, Людміла і Ніна.

Сяргей КОЗЕЛ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *