Цяпер тут у параўнанні з мінулым годам атрымліваюць прыбаўку ад адной каровы не менш за 1,3 кг малака. Асабліва прырост адчуваецца там, дзе жывёла пераведзена ў летні лагер.

На МТФ «Камень» мы завіталі ў першай палове дня. Жывёлаводы былі заняты сваёй справай, а вось в.а. галоўнага заатэхніка Тамара Васілевіч, якая непадалёку назірала за працэсам трамбавання зялёнай масы ў сянажна-сіласнай траншэі, прапанавала разам праехаць на месца, дзе пасуцца каровы, пераведзеныя ў летні лагер.
Усяго на МТФ «Камень» утрымліваецца 451 галава дойнага статка, каровы аб’яднаны ў тры гурты. Два пасуцца непадалёку ад фермы і для правядзення дойкі накіроўваюцца ў кароўнікі, а для трэцяга пастаўлена перасоўная даільная ўстаноўка. Абслугоўваюць яе дзве даяркі — Валянціна Лешчанка і Наталля Дабрынец. Паводле слоў Тамары Фёдараўны, гэта старанныя маладыя жанчыны, якія добра ведаюць сваю справу. Са 135 галоў, што ўтрымліваюцца ў летнім лагеры, прыкладна 20% першацёлак. У сярэднім на гурце атрымліваюць па 14,5–15 кілаграмаў малака ад кожнай каровы.
Жывёла забяспечана вадой, соллю, падчас дойкі (два разы на дзень — у шэсць гадзін раніцы і вечара) у кармушкі падсыпаюць камбікорм. Яго ў ААТ «Праснакі» гатуюць самі па распрацаванай рэцэптуры з увядзеннем неабходных дабавак. Кожная галава атрымлівае па 300 г канцэнтратаў на літр малака. Як расказала Тамара Васілевіч, пашу, дзе знаходзяцца каровы, перазалужылі чатыры гады таму. Месцамі яна ўжо патрабуе падкошвання: пры цёплым надвор’і і спорных дожджыках трава адрастае хутка. Аднак каровы вельмі старанна паядаюць зялёныя расліны, нават не звяртаючы ўвагі на тое, што паглядзець на іх прыехалі староннія людзі. Апетыт у рагуль выдатны. І гэта не дзіўна: паўнавартасны сакавіты зялёны корм разам са свежым паветрам і сонечнай інсаляцыяй робяць сваю справу і станоўча ўплываюць на імунітэт жывёлы. Да таго ж луг — добры лекар капытнай гнілі і іншых паталогій, якія ўзнікаюць пры стойлавым утрыманні на бетоннай падлозе і сіласна-канцэнтратных рацыёнах.
Даглядаюць статак Уладзімір Дашукевіч і Іван Канчак. Уначы пасвяць удвух, удзень чаргуюцца. Мужчыны сочаць, каб іх падапечныя мелі ўдосталь усе неабходныя дадатковыя кампаненты, своечасова адбіваюць загонкі для франтальнай пасьбы. Урэшце, яны таксама зацікаўлены ў павелічэнні надояў. А калі гэтага можна дабіцца, як не ў сезон вялікага малака?
Маргарыта САКОВІЧ