Мероприятия, посвященные Дню Победы, состоялись на территориях всех сельсоветов Копыльщины

Актуально Память Праздник

  • Капыльскі сельсавет

Урачыстым шэсцем да помніка загінулым мірным жыхарам адзначылі Дзень Перамогі жыхары вёскі Дусаеўшчына.

IMG_4244

З прывітальным словам да сабраўшыхся звярнулася старшыня ветэранскай арганізацыі Часлава Ганчар. Боль ад страты прагучала ў вершах мясцовай паэткі Ядвігі Малевіч, а выхаванцы дзіцячага садка пад кіраўніцтвам сваёй выхавальніцы Алены Лазоўскай выканалі вершыкі і песенкі, якія кранулі сэрца кожнага з сабраўшыхся. Як сведчанне нашай памяці, ля помніка засталіся кветкі і вянкі, што ўсклалі дарослыя і дзеці.

— Да святкавання Дня Перамогі мы падрыхтаваліся вельмі старанна, — каментыруе старшыня сельвыканкама Вольга Купрыенка. — Да кожнага ветэрана, вязня і працаўніка тылу наведаліся з віншаванямі. Ля воінскіх магіл і брацкіх пахаванняў навялі парадак. У Скабінскім клубе-бібліятэцы адбылася выстава малюнкаў і плакатаў, а ў самім аграградку — канцэрт мастацкай самадзейнасці. У Капыльскім дзяржаўным каледжы, тама, як і ў Мажскім ВПК д/с-ПШ, навучэнцы і педагогі сабраліся на мітынг-рэквіем.

  • Блеўчыцкі сельсовет

Святкаванне Дня  Перамогі пачалося з традыцыйнага радыёканцэрта.

IMG_8141

Працяг адбыўся ля брацкай магілы савецкіх воінаў і партызан у Блеўчыцах, дзе прайшоў урачысты мітынг. У ім прынялі ўдзел інвалід Вялікай Ачыннай вайны Васіліь Іосіфавіч Ермалковіч. А навучэнцам Быстрыцкай СШ у гэты дзень павязалі піянерскія гальштукі.

— Мы свята ўшаноўваем памяць герояў Вялікай Айчыннай вайны, — расказвае старшыня сельвыканкама Леанід Чарніковіч. — Таму разам з супрацоўнікамі ААТ “Ціміразеўскі” і навучэнцамі Быстрыцкай СШ мы павіншавалі нашых ветэранаў. Таксама мы прыбралі ўсе брацкія магілы, воінскі пахаванні, усклалі да іх вянкі і кветкі.

Аб тым, што да арганізацыі святкавання ў сельсавеце падыйшлі сур’ёзна, гаворыць разнастайнасць мерапрыемстваў: канцэрты мастацкай самадзейнасці у Быстрыцы і Лешні, конкурс малюнкаў у Лешні, танцавальная праграма, якая адбылася ў Быстрыцкім  СДК.  

  • Грозаўскі сельсавет

Урачысты мітынг, прысвечаны 73-годдзю заканчэння Вялікай Айчыннай вайны, адбыўся ў аграгарадку Грозава.

IMG_3310

Мерапрыемства адкрылася шэсцем да мемарыяльнага комплексу вёскі Папоўцы і акцыяй «Бяссмертны полк». Затым прайшоў святочны мітынг — жыхары аграгарадка ўшанавалі памяць загінуўшых у гэтай страшнай вайне, усклалі кветкі да помніка, адбылася хвіліна маўчання. Тых, хто сабраўся каля помніка, прывітала старшыня Гразаўскага сельскага савета Жанна Скрыган. Са словамі віншавання выступілі старшыня ветэранскай арганізацыі Валянціна Цвірко галоўны эканаміст філіяла «Лакнея» УП «ПрыортрансАгра» Сяргей Рабко, дырэктар ДУА «Грозаўскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад — сярэдняя школа» Анастасія Нераненя, яе намеснік па вучэбна-выхаваўчай рабоце Тамара Місько. Перад прысутнымі выступілі навучэнцы малодшых класаў грозаўскі сярэдняй школы.

Адначасова ў сельскім савеце адбыліся яшчэ два мітынгі — у вёсках Камень і Канюхі. Мерапрыемствы працягнуліся святочнымі канцэртамі мастацкай самадзейнасці, а таксама дыскатэкамі.

  • Бучацінскі сельсавет

У святочнай атмасферы прайшлі мерапрыемствы і ў населеных пунктах Бучацінскага сельсавета.

DSC02592

Распачыналіся яны радыёканцэртам, затым адбыліся мітынгі. Навучэнцы Бучацінскай СШ разам з работнікамі культуры падрыхтавалі літаратурна-музычную кампазіцыю “Каб памяталі…” У гэты ж дзень вучні чацвёртага класа былі прыняты ў піянеры. Урачыстасць адбылася  з удзелам ветэрана Вялікай Айчыннай Паўла Адамавіча Германовіча. У дамах культуры прайшлі канцэртныя праграмы і дыскатэкі. Таксама 9 мая адбылося свята аграгарадка Жыліхава.

  • Бабаўнянскі сельсавет

Традыцыйна напярэдадні Дня Перамогі вучні Песачанскага ВПК д/с–СШ атрымліваюць членскія білеты БРСМ ля брацкай магілы савецкіх воінаў і партызан.

IMG_4265

Не стаў выключэннем і гэты год. Дырэктар навучальнай установы Ірына Чаркоўская павіншавала юнакоў і дзяўчат, пажадала ім заставацца сапраўднымі грамадзянамі і патрыётамі, якімі з’яўляліся іх гераічныя прадзеды. Пра ваенную гісторыю роднага аграгарадка расказала вучаніца Паліна Астрэйка. Памяць усіх, хто аддаў сваё жыццё за мірнае неба, ушанавалі хвілінай маўчання.

Аб тым, што на тэрыторыі сельсавета заўсёды адзначаюць свята Перамогі, расказала старшыня сельвыканкама Ірына Запольская:

— Віншаванне ветэранаў, інвалідаў Вялікай Айчыннай, вязняў канцлагераў — наш святы абавязак, тым больш, што з кожным годам іх застаецца ўсё менш. Таму напярэдадні свята мы зайшлі да кожнага і павіталі іх. Усе воінскія пахаванні, помнікі тым, хто загінуў, прыведзены ў парадак. Жыхары Ляснога прынялі ўдзел у святочным канцэрце, а насельніцтва Лоцвінаў, Ляснога і Пясочнага з цікавасцю слухала песні ваенных гадоў падчас радыёканцэрта.

  • Доктаравіцкі сельсавет

З самай раніцы на вуліцах аграгарадка Ванелевічы былі чутны гукі радыё-канцэрта, а ў паветры лунаў дух свята і Вялікай Перамогі.

IMG_0078

Менавіта там прайшоў мітынг, прысвечаны святу 9 Мая, — жыхары аграгарадка ўшанавалі памяць загінулых у Вялікай Айчыннай вайне.

Дзеці і дарослыя неслі кветкі і вянкі да помніка воіну-вызваліцелю і да брацкай магілы, якія знаходзяцца ў Ванелевічах. Варта адзначыць, што 73-ю гадавіну перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне гэтае памятнае месца сустракае ў абноўленым выглядзе. З дапамогай ААТ «Піянер-Агра», сельвыканкама і мясцовай школы быў адрамантаваны і пафарбаваны помнік, добраўпарадкавана брацкая магіла.

Пасля ўрачыстага мітынгу і ўскладання кветак у Ванелевіцкай сярэдняй школе адбыўся канцэрт «Свята са слязьмі на вачах».

— У рамках святкавання 9 Мая на тэрыторыі сельсавета прайшлі цікавыя спартыўныя спаборніцтвы, — расказаў старшыня Доктаравіцкага сельвыканкама Міхаіл Валуевіч, — а яшчэ праграма пад назвай «Гадзіна мужнасці і патрыятызму». Урачыстае ўскладанне кветак і вянкоў да помнікаў і абеліскаў адбылося таксама ў аграгарадку Новыя Доктаравічы і ў вёсцы Гарнастайлава.

  • Слабада-Кучынскі сельсавет

Урачыстасць у в. Слабада-Кучынка пачалася з ускладання кветак і вянкоў да брацкіх магіл воінаў 10-й арміі і партызан.

IMG_20180507_124237

Даніна павагі была аддадзена магілам героя Лаўскага бою Уладзіміра Качаноўскага і былога дырэктара школы Івана Трацэўскага. У цырымоніі прыняў удзел адзіны ветэран Вялікай Айчыннай вайны і вайны з Японіяй Вячаслаў Гапонаў.

Святкаванне 73-й гадавіны Перамогі прадоўжылася ў Слабадакучынскай бібліятэцы-клубе (загадчык Валянціна Барташэвіч), дзе прай-шло тэатралізаванае прадстаўленне «Крутится-вертится шар голубой», падчас якога ўсіх павіншаваў намеснік старшыні Рэспубліканскага савета ГА «Беларускі саюз афіцэраў» палкоўнік у адстаўцы Васіль Скрыннікаў.

У спектаклі прымалі ўдзел педагогі і навучэнцы Слабадакучынскай СШ, работнікі ААТ «Старыца-Агра», а таксама 83-гадовы Аляксандр Кандыбовіч. Прагучалі  песні і вершы ваеннай пары,  выкананы танцавальныя нумары. У канцы свята старшыня ветэранскай арганізацыі ўчастка «Слабада-Кучынка» Святлана Астрэйка падзякавала маладому пакаленню за канцэртную праграму.

  • Цімкавіцкі сельсавет

З выставы малюнкаў і святочнага канцэрта, што праходзілі ў Навасёлках, пачалося святкаванне Дня Перамогі на тэрыторыі Цімкавіцкага сельсавета.

 

image (12)

Самы галоўны дзень — 9 Мая — быў адзначаны радыёканцэртам, падчас якога гучалі песні ваенных гадоў у Браткаве, Навасёлках, Вялікай Раёўцы і Рудным. А ўрачысты мітынг і канцэрт мастацкай самадзейнасці адбыліся ў самым цэнтры сельсавета — Цімкавічах ля помніка-стэлы загінулым суайчыннікам. Адкрыла ўрачысты мітынг старшыня Цімкавіцкага сельвыканкама Алена Острыкава, словы ўдзячнасці ветэранам за  мірнае неба прагучалі ад намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце Цімкавіцкай СШ Вольгі Чыгір, настаяцеля царквы святога Мікалая Цудатворца протаіерэя Міхаіла Мардвінава, дырэктара ААТ «Капыльскае» Дзмітрыя Палевікова і ад падрастаючага пакалення. Дарэчы, мітынг падрыхтавалі супрацоўнікі Цімкавіцкай сельскай бібліятэкі. Як расказала дырэктар Літаратурнага музея Кузьмы Чорнага Людміла Ніжэвіч, ад праніклівых слоў вядучых супрацоўнікаў бібліятэкі Вольгі Радкевіч і Аксаны Красінай у многіх на вачах стаялі слёзы. Кожнае слова ўспамінаў былога вязня лагера смерці «Асвенцым» Кацярыны Дзятловіч слухалі вельмі ўважліва.

Пасля ўрачыстай часткі адбыўся канцэрт, падрыхтаваны работнікамі Цімкавіцкага СДК. Тых, хто сабраўся, парадавалі сваім выступленнем вакальны гурт Цімкавіцкага СДК і дзіцячы вакальны ансамбль «Сузор’е юнацтва».

  • Семежаўскі сельсавет

Урачыстыя мітынгі, прысвечаныя 9 Мая, прайшлі ў населеных пунктах Семежаўскага сельсавета.

IMG_5120

Памяць аб тых, хто загінуў у баях, ушанавалі ў аграгарадку Семежава і вёсцы Чырвоная Дубрава. Вяскоўцы неслі кветкі і вянкі да абеліскаў загінуўшым воінам і да брацкіх магіл.

Пасля заканчэння ўрачыстага мітынгу адбыўся святочны канцэрт «Быў месяц май», які падрыхтавалі дзеці і артысты мастацкай самадзейнасці Семежаўскага цэнтра культуры і вольнага часу.

Не забыліся і пра тых, хто стаў сведкам тых страшных гадоў. На тэрыторыі сельсавета жывуць вязні вайны Марыя Галоўчык і Ніна Калеснік, працаўнік тылу Анатоль Саўчук. Кожнага з іх супрацоўнікі Семежаўскага сельвыканкама і ААТ «Семежава» павіншавалі з Днём Перамогі, уручылі кветкі, паштоўкі і грошы.

  • Пацейкаўскі сельсавет

Святочныя мерапрыемствы на тэрыторыі Пацейкаўскага сельсавета адбыліся ў мясцовай сярэдняй школе.

DSC00994

Вучні падрыхтавалі змястоўную літаратурна-музычную кампазіцыю. З цікавасцю жыхары аграгарадка, работнікі ААТ «Прагрэс 2010», прадстаўнікі мясцовай улады слухалі эмацыянальныя выступленні «дзяцей вайны», членаў ветэранскай арганізацыі. На тэрыторыі сельсавета зараз пражывае адзін ветэран Вялікай Айчыннай вайны і тры вязні. Напярэдадні ім аказана матэрыяльная дапамога ад мясцовага сельгаспрадпрыемства і адбылося віншаванне гэтых паважаных людзей на даму. Таксама былі ўскладзены вянкі і кветкі да брацкай магілы воінаў і партызан, якія загінулі ў гады вайны.

Рэпартажы вялі Дзіяна ТКАЧЭНКА, Крысціна ЖОГАЛЬ, Сяргей КОЗЕЛ, Павел ШЭІН, Барыс ДЗЕНІСЮК, Марына ЛАДЫГА, Таццяна ШАУРА, Людміла НІЖЭВІЧ, Святлана СТАШАНІНА і Надзея ЛУКАШЭВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *