Память не знает границ

Память

Мінулае, калі яно звязана з памяццю пра самых родных людзей, заўсёды застаецца з намі.

Мая Міхайлаўна Маскалькова ўсё сваё сумленнае жыццё імкнулася даведацца пра лёс свайго бацькі Міхаіла Фёдаравіча, якога яна бачыла ў апошні раз у чэрвені 1941 года перад тым, як яго мабілізавалі ў Чырвоную Армію.

Мая Міхайлаўна Маскалькова
Мая Міхайлаўна Маскалькова

…Ішлі першыя дні Вялікай Айчыннай вайны. Горад Глуск, дзе жыла сям’я Маскальковых, бамбілі варожыя самалёты. Маці, на руках якой засталіся трое дзяцей (шасцігадовая Мая і два яе малодшыя браты — аднаму споўнілася два гады, а другому толькі шэсць месяцаў), разам з іншымі бежанцамі імкнулася ўцячы ад ворага. Хаваліся ў лесе, натрапілі нават на партызан і нейкі час знаходзіліся ў іх лагеры. Затым бежанцаў прытуліла сям’я Гаўрыленкаў. Маці тайком збірала напалову спаленую збажыну і з яе гатавала ежу для дзяцей. Але доўгі час заставацца ў гасцінных гаспадароў не было магчымасці. Таму сям’я рушыла далей.

— Памятаю, як мы патрапілі на нейкі хутар, — узгадвае Мая Міхайлаўна. — Там гаспадыня накарміла нас. Я і цяпер адчуваю пах і смак таго ператопленага масла, якім нас частавалі. Нічога больш смачнага, здавалася, няма.

Паблукаўшы па наваколлі, маці вырашыла вярнуцца ў Глуск. Там ужо гаспадарылі фашысты. Памятае Мая Міхайлаўна, як іх разам з іншымі гараджанамі зганялі на плошчу, як расстрэльвалі яўрэяў… А пасля прыехаў дзядуля з Капыля і забраў сям’ю да сябе. Тут яны і жылі да заканчэння вайны. Ад бацькі вестак ніякіх не было. Не вярнуўся ён дамоў і пасля Перамогі. Спрабавалі знайсці хоць якую-небудзь інфармацыю пра яго, звярталіся ў ваенкамат, архівы. Але безвынікова.

— Не магу перадаць тую радасць, якая перапоўніла маё сэрца, — са слязьмі на вачах гаворыць Мая Міхайлаўна, — калі некалькі тыдняў таму Барыс Мікалаевіч Дзенісюк, якому я неяк расказала пра свайго бацьку, патэлефанаваў мне і паведаміў, што ён знайшоў яго імя ў спісах тых, хто згінуў без вестак. На жаль, інфармацыі, дзе ён ваяваў і пры якіх абставінах загінуў, няма. Тым не менш такая навіна напярэдадні святкавання Дня Вялікай Перамогі вельмі парадавала. А яшчэ больш парадавала, што побач з намі ёсць такія неабыякавыя людзі, як Барыс Мікалаевіч, якія імкнуцца вярнуць сем’ям іх родных.

Маргарыта САКОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *