Ветеран из деревни Лютовичи, который пишет пейзажи…

Память

Ужо адно тое, што ён ваяваў на франтах Вялікай Айчыннай вайны, вартае нашай увагі і падзякі. Але Павел Адамавіч Германовіч (а гаворка ідзе менавіта пра яго) мае асаблівасць: ён — самадзейны мастак.

Пасябраваў з мастацтвам Паша яшчэ падчас вучобы ў Бучацінскай сямігодцы, дзе да вайны паспеў скончыць 6 класаў. Аднак тады яго малюнкі былі чорна-белымі, бо працаваў ён простым алоўкам. Да фарбаў звярнуўся шмат пазней.

■ Павел Адамавіч Германовіч дэманструе карціны, на якіх выявы роднай прыроды
■ Павел Адамавіч Германовіч дэманструе карціны, на якіх выявы роднай прыроды

Аб тым, што пачалася вайна, 15-гадовы Паша даведаўся ў Чырвонаслабадской бальніцы, дзе ў той час лячыўся. Вокны лячэбніцы свяціліся ў цемры, таму па будынку страляла нямецкая авіяцыя. Хуценька хлопчык пабег дамоў. Страшную карціну ўбачыў юнак: вось праз родную вёску ідуць параненыя савецкія салдаты — яны адступаюць. Мясцовыя жыхары шкадавалі салдацікаў, таму і імкнуліся іх накарміць.  

— Мы, мясцовая пацанва, выбягалі на дарогу, каб толькі паглядзець на вайскоўцаў, — успамінае ветэран. — Мой бацька Адам Цярэнцьевіч быў сувязным у партызан, хадзіў разам з імі на розныя заданні. У 43-м годзе немцы разам з іншымі спалілі і нашу хату. Гэта ворагі так адпомсцілі. І вось чаму нямецкі гарнізон стаяў у Семежаве. Адтуль яны часта ездзілі ў Смалічы на аблавы. Аднойчы ўсе іх машыны накіраваліся на Жыліхава, а адна пайшла на Лютовічы. За ёй сачылі партызаны і расстралялі яе. Вадзіцель выратаваўся ды пабег у паліцыю. Праз нейкі час прыйшлі немцы і спалілі паўвёскі. А дахі былі саламяныя, таму агонь хутка перакідваўся з аднае хаты на другую. Вяскоўцы пахаваліся ў лесе. Шмат жыхароў з Лютовічаў забралі ворагі на работы ў Германію.  

У 44-м годзе ў рады Чырвонай Арміі прызвалі спачатку тату і брата. Дарэчы, бацька мой загінуў у тым жа 44-м пад Варшавай. 10 снежня 1944 года прызвалі і мяне. Тры месяцы я знаходзіўся ў 23-м запасным стралковым палку. Гэта быў па-свойму цяжкі час: амаль не было ежы. Недзе ў красавіку-маі нас накіравалі на фронт. Але замест заходняга кірунку мяне чакаў усходні — на Далёкі Усход. Мы не ведалі, куды нас вязуць. Дарэчы, пра Перамогу даведаліся па дарозе ў цягніку. Калі прыбылі ва Улан-Удэ, цэлы месяц яшчэ нас вучылі, адаптавалі да мясцовых умоў. А яны, скажу я вам, вельмі цяжкія! Спякота 40 оС, вады зусім мала, да таго ж яшчэ і флягі шкляныя часта біліся. Ішлі пешшу, а побач — мангольскія салдаты: на аднаго ваяку — тры кані. На адным едзе, на другім — вязе амуніцыю, а трэці ідзе адпачывае. Вось як! Неяк мы пераадолелі горны хрыбет Вялікі Хінган. Пайшлі ў першую атаку амаль без падрыхтоўкі. Але яна захлынулася, японцы аказаліся мацнейшымі: супраць нас была Квантунская армія — самая шматлікая і магутная групоўка сухапутных войскаў Імператарскіх узброеных сіл Японіі. Ды і наогул японцы — бясстрашныя салдаты: здаралася, яны з мінай на плячах кідаліся пад танкі. Мы былі на перадавой з 9 жніўня па 2 верасня. За гэты, здавалася б, зусім невялікі час людзей загінула шмат. У атакі хадзілі не аднойчы. Нарэшце мы разбілі абарону Квантунскай арміі, і 2 верасня было аб’яўлена аб капітуляцыі Японіі. Вярталіся мы зноў праз Хінган. Увесь час ішлі пехатою. Да Порт-Артура дайшлі ў лістападзе 45-га. У Кітаі я праходзіў службу да 1951 года.

Вярнуўся ў родныя Лютовічы Павел Адамавіч у жніўні 52-га года і адразу ўладкаваўся працаваць у Бучацінскую школу. Спачатку бухгалтарам, а крыху пазней, скончыўшы педвучылішча ў Оршы, настаўнікам выяўленчага мастацтва, працы і чарчэння. На працягу 46 гадоў Бучацінская школа заставалася для Германовіча родным домам. Дарэчы, і жонка яго Сыраквашына Ніна Мікалаеўна працавала побач — вучыла шкаляроў нямецкай мове. У сям’і вырасла чацвёра дзяцей.

Але вернемся да захаплення Паўла Адамавіча. Так, маляваць ён пачаў яшчэ хлопчыкам. Пазней, калі служыў ва Узброеных Сілах СССР, афармляў розныя плакаты. А маляваць па-сапраўднаму пачаў недзе ў пачатку 50-х гадоў. З тае пары ўласная галерэя паступова папаўнялася новымі карцінамі. Але зараз на сценах яго хаты засталося зусім няшмат твораў: мастак не шкадуе іх і з радасцю дорыць знаёмым. Яго пейзажы знайшлі свае месцы ў Маскве, Мінску, Капылі. На жаль, у апошні час Павел Адамавіч усё радзей бярэцца за пэндзлік: стала крыху падводзіць здароўе. Аднак ён не здаецца і лічыць, што натхненне яшчэ не аднойчы завітае да яго, бо душа застаецца па-ранейшаму маладой.

Дзіяна ТКАЧЭНКА

Р.S. Павел Адамавіч Германовіч паабяцаў напісаць карціну спецыяльна для раёнкі. Што ж, будзем спадзявацца: работа лютовіцкага ветэрана з’явіцца і ў нас.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *