В школьном музее Слободокучинской СШ хранится комсомольский билет Владимира Леонардовича Шейна

Память

Яго ўладальнік пранёс каштоўную рэліквію праз дзве вайны: савецка-фінскую і Вялікую Айчынную.

Адзін з першых дэсантнікаў Савецкага Саюза за свае баявыя подзвігі ўзнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі і Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі «За адвагу», «За абарону Сталінграда», «За абарону Каўказа» і іншымі. Яго імя памылкова выбіта на брацкай магіле ў Наўгародскай вобласці пад № 1024, але ён застаўся ў жывых, каб  несці ідэалы дабрыні і міру. У 1980 годзе ветэран перадаў свой камсамольскі білет як часцінку жыцця і маладосці на захаванне ў родную школу.

-1

Нарадзіўся У.Л. Шэйн у вёсцы Астрэйкі Капыльскага раёна ў 1919 годзе. Вучыўся ў сямігодцы, працаваў у калгасе імя Дзяржынскага. З 1939 года ў Чырвонай Арміі, служыў у Прыволжскай ваеннай акрузе (239-ы  стралковы полк). Запомніліся на ўсё жыццё простаму сялянскаму хлопцу скачкі з парашутам. Затым была вайна з Фінляндыяй. У час моцных маразоў і глыбокага снегу штурмаваў лінію Маннергейма, хадзіў урукапашную на Карэльскім перашыйку.

З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны — ён на Заходнім фронце.  Першае раненне і шпіталь ў Казані. Далей змагаецца з ворагам на Паўднёва-Заходнім і Данскім франтах. У час Сталінградскай бітвы старшына-разведчык Уладзімір Шэйн вызначыўся пры знішчэнні фашысцкага аэрадрома ў станіцы Тацынская. З роты дэсантнікаў засталося менш за палову чалавек, і ўсе былі прадстаўлены да ўрадавых узнагарод, а паветрана-дэсантны полк становіцца 12-м гвардзейскім. Гэта на яго вачах здаваліся ў палон нямецкія генералы.

■ Уладзімір Леанардавіч Шэйн
■ Уладзімір Леанардавіч Шэйн

У сакавіку 1943 года баявое падраздзяленне перакінулі на прарыў блакады Ленінграда. Уладзімір вынес з поля бою параненага сябра, але і сам быў цяжка паранены. Лічыўся загінуўшым. Трапіў у шпіталь у горад Поці Грузінскай ССР, дзе і атрымаў ордэн Чырвонай Зоркі за Сталінград. Праз чатыры месяцы зноў у арміі, удзельнічае ў выгнанні акупантаў з Каўказа. Калі даведаўся аб вызваленні першых пасёлкаў Беларусі, напісаў некалькі рапартаў камандаванню, каб накіравалі вызваляць родны край. Але прыйшла адмова, паколькі Турцыя на граніцы з СССР трымала войскі.

Самым радасным стаў Дзень Перамогі, які сустрэў са слязамі навачах, салютаваў з аўтамата ППШ. У арміі паспеў атрымаць спецыяльнасць тэхніка-будаўніка. Доўгі час шчыраваў у родным саўгасе «Крыніца» брыгадзірам, намеснікам дырэктара па гаспадарчай частцы. Старэйшае пакаленне памятае Уладзіміра Леанардавіча як сціплага, добразычлівага і адказнага чалавека (памёр у 1996 г.). Ён ніколі не выстаўляў свае подзвігі і ўзнагароды напаказ, лічыў, што ваяваў як і ўсе.

Барыс ДЗЕНІСЮК,

член ГА «Беларускі саюз журналістаў»



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *