Мастер-класс от копыльских ткачих

2018-2020 - год малой Родины Культура

У цэнтры ўвагі зацікаўленых прадстаўнікоў культуры суседніх раёнаў — майстэрства ткачых Капыльшчыны.

Да нас завіталі госці з Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі, Нясвіжскага раённага цэнтра народнай творчасці, раённага Цэнтра рамёстваў Клецкага раёна. Яны змаглі не толькі пазнаёміцца з гэтымі паважанымі жанчынамі, але і прыняць удзел у майстар-класе, які правяла народны майстар Рэспублікі Беларусь Валянціна Міхайлаўна Кіеня. «Любі справу — майстрам будзеш» — пад такой назвай праходзіла творчая сустрэча ў Семежаве.

Мы заўсёды імкнёмся пераймаць нешта моднае, заморскае. Тыя ж ірландскія карункі, квілінг ці дэкупаж, напрыклад. Ніхто не спрачаецца: гэта складана і прыгожа. Але ёсць і ў нас сваё роднае майстэрства, асновы якога складваліся на працягу не аднаго стагоддзя і перадаваліся ад пакалення да пакалення. Гэта ткацтва. І рэчы, якія таксама захоўваюць цеплыню жаночых рук, на самай справе неверагодна прыгожыя і складаныя. А ўбачыць іх можна было на выставе работ жанчын, якія маюць званне «народны майстар Рэспублікі Беларусь», што разгарнулася ў фае Семежаўскага ВПК д/с – СШ імя М. Высоцкага, на базе якога і адбывалася мерапрыемства.  Вось да свайго стэнда падыходзіць народны майстар па ткацтве Ніна Яўгенаўна Гарашчэня.  

— Хто навучыў вас майстэрству ткацтва? — звяртаюся да жанчыны.

— Перш за ўсё мая мама Салагуб Аляксандра Палікарпаўна. Я нарадзілася ў Ванелевічах, а там амаль у кожнай хаце стаялі кросны, — расказвае Ніна Яўгенаўна.

Шмат гасцей сабралася ў актавай зале. Тут жа ў першым радзе размясціліся і майстрыхі. Гучыць песня ў выкананні Вячаслава Курчыка. І пад вельмі трапныя словы класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча «…І тчэ, забыўшыся, рука…» на сцэне за кроснамі маленькая ткачыха паціху з рознакаляровых нітачак складае беларускія ўзоры.

— Сённяшняе мерапрыемства прысвячаецца прыгожаму старажытнаму віду народнай творчасці — ткацтву, — расказвае дырэктар раённага Цэнтра ткацтва Таццяна Волкава. — І я вельмі ўдзячна нашым сапраўды таленавітым майстрыхам за тое, што на працягу больш як 30 гадоў яны не толькі дапамагаюць аднаўляць майстэрства, але і самааддана перадаюць яго маладому пакаленню. Гэты від народнага мастацтва пачаў адраджацца на Капыльшчыне з 1996 года.

— Так, адраджаць майстэрства ткацтва мы пачалі ў той складаны час, — расказвае дырэктар раённага Цэнтра традыцыйнай культуры Галіна Гурло. — Дапамагала нам знаходзіць гістарычныя звесткі і дакументы дырэктар раённага краязнаўчага музея Валянціна Шуракова, якая сёння прысутнічае на свяце. Мы таксама звярталіся і да навуковых супрацоўнікаў вышэйшых адукацыйных устаноў краіны. Адным словам, шлях прайшлі зусім няпросты, але вынікі, якія мы бачым сёння, вартыя ўкладзенай працы.

З прывітальным словам да прысутных звярнулася і старшыня Семежаўскага сельскага Савета Марыя Стружко, якая адзначыла, што семежаўская зямля наогул славіцца знакамітымі людзьмі.

Намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Наталля Гарбацэвіч нагадала, што ткачыхі капыльскай зямлі — вельмі шаноўныя і заслужаныя жанчыны, якія не адзін дзясятак гадоў аддалі стварэнню сапраўдных твораў мастацтва, укладваючы ў іх сваю душу.

Валянціна Міхайлаўна Кіеня. Дзякуючы ёй працягвае сваё існаванне закладная тэхніка ткацтва, у якой спрадвеку ствараліся знакамітыя семежаўскія ручнікі. Работы Валянціны Міхайлаўны  дэманстраваліся на раённых, абласных, рэспубліканскіх выставах. Яна — удзельнік шматлікіх святаў і конкурсаў рознага ўзроўню. Па выніках работы за 2009 год была занесена на раённую Дошку гонару. Але галоўнае яе дасягненне — вучні, якія працягваюць справу мастацкага ткацтва.

Валянціна Міхайлаўна Кіеня
Валянціна Міхайлаўна Кіеня

Валянціна Кузьмінічна Гладкая. На яе коўдрах і посцілках можна ўбачыць самых розных жывёл і птушак. З 1997 па 2003 год па месцы жыхарства жанчына працавала кіраўніком гуртка па ткацтве Праснакоўскага сельскага клуба, а з 2003 па 2014 год — майстрам-метадыстам РЦТ. З’яўляецца ўдзельніцай шматлікіх мерапрыемстваў рознага ўзроўню. Прозвішча Валянціны Кузьмінічны занесена ў кнігу «Памяць. Капыльскі раён».

Ніна Яўгенаўна Гарашчэня. Зараз жыве ў в. Лешня. У сваім рамястве яна выкарыстоўвае мясцовыя традыцыі. З 2006 года па 2013 працавала майстрам-метадыстам творчай майстэрні РЦТ, дзе вяла гурток па ткацтве «Суквецце». Майстрыха ўнесла вялікі ўклад у адраджэнне і развіццё ткацкага рамяства раёна.

Вера Васільеўна Нікалаевіч. Семежаўскі майстар з вялікай творчай душой. Працуе майстрам-метадыстам РЦТ. Займаецца выпускам сувенірнай прадукцыі. У 2017 годзе была ўзнагароджана Дыпломам «За аднаўленне мясцовых традыцый ткацтва на кроснах» на VII абласным свяце-конкурсе «Матчыны кросны». Таксама прыняла ўдзел у IX Рэспубліканскім фестывалі-кірмашы народных мастацкіх рамёстваў «Вясновы букет».

Зінаіда Іванаўна Кравец. У народзе пра такіх жанчын кажуць «майстрыха на ўсе рукі». Яна заўсёды знаходзіць час для сваіх любімых заняткаў: ткацтва, вышыўкі, карункапляцення. Асабліва ёй падабаецца ткаць закладныя семежаўскія чырвоныя ручнікі. У кожны свой твор яна ўкладвае часцінку душы.

Вольга Дзмітрыеўна Мацкевіч. Усё жыццё гэтая семежаўчанка займаецца ткацтвам. З 18 гадоў ужо ткала самастойна, бо шмат чаго ведала. Вялікае майстэрства ткачыхі праявілася ў афармленні дываноў. Многія ўзоры прыдумляла сама. Любіла ткаць ходнікі, посцілкі пераборам і «ў матрушкі».

Марыя Мікалаеўна Астапеня. Доўгімі вечарамі жанчына карпатліва працавала над кроснамі. Семежаўская майстрыха выткала шмат святочных, абрадавых ручнікоў, посцілак з розным геаметрычным узорам. У яе добра атрымліваецца і вышыўка як крыжыкам, так і гладдзю.

Для кожнага майстра галоўнае, каб яго справа жыла ў пакаленнях. Перадачу ткацкага рамяства на сябе ўзяў Раённы цэнтр ткацтва. У рамках рэалізацыі сумеснага праекта Еўрапейскага Саюза і праграмы развіцця ААН «Устойлівае развіццё на мясцовым узроўні», пры фінансавай падтрымцы гэтых арганізацый, у 2010 годзе на базе Цэнтра ткацтва была створана «Школа ткачоў». Заняткі па ткацтве наведваюць вучні мясцовай школы. Прыемна адзначаць, што жаданне асвойваць ткацкае рамяство выказваюць як дзяўчынкі, так і хлопчыкі. Работа «Школы ткачоў» дае добрыя вынікі: яе навучэнцы ўдзельнічаюць у шматлікіх святах, конкурсах рознага ўзроўню. Гэта Рэспубліканскі фестываль-кірмаш народных мастацкіх рамёстваў «Вясновы букет», абласное свята рамёстваў «Слуцкі пояс», святы-конкурсы «Млечны шлях ад рук бабулі», «Матчыны кросны», «Калыска талентаў», «Беларускі пояс» і шмат іншых. З гэтых мерапрыемстваў навучэнцы заўсёды прывозяць дыпломы розных ступеней. Акрамя «Школы ткачоў» напрыканцы 2016 года на базе РЦТ пачала працаваць школьная бізнес-кампанія «Семежаўскія ўзоры». Вучні 10 ‒ 11 класаў не толькі ткуць розныя вырабы, але і набываюць навыкі па рэалізацыі той прадукцыі, якую вырабляюць. Усё гэта азначае, што старажытнае рамяство развіваецца, рухаецца наперад. І падмурак для гэтага —  цікавасць моладзі, якая ў традыцыйнае ткацтва прыўносіць новыя, свежыя ідэі. І ў гэты дзень са сцэны побач з імёнамі народных майстрых прагучалі імёны іх таленавітай змены: Настассі Будчанінай, Ангеліны Троцкай, Івана Лагуты, Паліны Лабко, Ксеніі Гапоненкі, Рамана Волкава, Лізаветы Харковіч, Ангеліны Таркан. Менавіта ім прадаўжаць ручніковы шлях ад рук бабулі.

■ Удзельнікі свята. Здымак на памяць
■ Удзельнікі свята. Здымак на памяць

Працяг свята адбыўся ў раённым Цэнтры ткацтва, дзе народны майстар Рэспублікі Беларусь В.М. Кіеня дала майстар-клас па закладным ткацтве. Госці звярталіся да Валянціны Міхайлаўны з самымі разнастайнымі пытаннямі: і што азначае той ці іншы ўзор, і чаму ён называецца менавіта так, і як правільна закладваць ніткі, і якія лепш браць. Жанчына дакладна адказвала на ўсе пытанні і дэманстравала сваё майстэрства. І мы можам быць упэўнены: беларускае народнае майстэрства ткацтва — у надзейных руках.

Ірына КРЫЦКАЯ, кіраўнік народнага клуба «Майстры» раённага Цэнтра рамёстваў Клецкага раёна:

2812 копия

— Уражанні ад сённяшняга мерапрыемства толькі самыя яскравыя. Асабліва звяртае на сябе ўвагу той факт, што на Капыльшчыне старанна захоўваюць народнае майстэрства ткацтва, яго сакрэты перадаюцца з пакалення ў пакаленне, а раённая ўлада падтрымлівае гэты напрамак. 

Дзіяна ТКАЧЭНКА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *