На очередной сессии Копыльского районного Совета депутатов 28-го созыва в центре внимания был вопрос наведения порядка на земле

Мясцовая ўлада

Разглядалася таксама работа органаў мясцовага кіравання і самакіравання па прыцягненні ў гаспадарчы абарот маёмасці, якая знаходзіцца ва ўласнасці Капыльскага раёна і не выкарыстоўваецца альбо выкарыстоўваецца неэфектыўна. Ішла размова і пра захаванасць гісторыка-культурных каштоўнасцей, што ўвайшлі ў Дзяржаўны спіс Рэспублікі Беларусь. У рабоце сесіі прынялі ўдзел члены Маладзёжнага парламента.

■ У рабоце сесіі прынялі ўдзел члены Маладзёжнага парламента
■ У рабоце сесіі прынялі ўдзел члены Маладзёжнага парламента

Перш чым пачаць абмеркаванне заяўленых тэм, дэпутаты разам з прадстаўнікамі зацікаўленых службаў праехалі ў аўтобусе па тэрыторыі некаторых сельсаветаў, каб на свае вочы ўбачыць аб’ём выкананых работ, звярнуць увагу на недапрацоўкі.

Як адзначыла падчас паездкі старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Кісляк, работы вядуцца згодна з распрацаванымі мерапрыемствамі па навядзенні парадку на зямлі. Асабліва вялікія планы па азеляненні раёна.

Ужо на пад’ездзе да аграгарадка Мажа ўдзельнікі выязной нарады звярнулі ўвагу на праблему, якая застаецца балючай для многіх суб’ектаў гаспадарання. Гэта баршчэўнік Сасноўскага, барацьба з якім вядзецца з наступленнем кожнага вяснова-летняга сезона. Паводле слоў старшыні Капыльскага сельскага Савета дэпутатаў Вольгі Купрыенкі, гэту інвазіўную расліну на тэрыторыі сельсавета апрацоўваюць гербіцыдамі, выкарчоўваюць старыя сады, дзе яна разраслася, заворваюць участкі і ўводзяць іх у севазварот. Ірына Кісляк акцэнтавала ўвагу прысутных на неабходнасці неадкладна заняцца выдаленнем баршчэўніку як хімічным, так і механічным шляхам.

Значныя работы вядуцца і на тэрыторыі Цімкавіцкага сельсавета. Парадак актыўна наводзіцца ў вёсках Руднае, Вялікая Раёўка, у Цімкавічах уся ўвага звернута да старадаўняга парку Радзівілаў. Побач з ім ужо закладзены сквер, дзе пасаджаны маладыя дрэўцы.

Было адзначана, што не вельмі прывабны выгляд маюць прыдарожныя палосы, якія знаходзяцца па абодва бакі ад чыгуначнага палатна: шмат буралому, ляжаць паваленыя дрэвы. У населеных пунктах, праз якія праходзіў маршрут, звярталася ўвага на стан і знешні выгляд агароджы на прысядзібных участках вяскоўцаў. Не ўсюды яна пафарбавана, побач з сучаснай і прыгожай можна бачыць старыя платы, якія пакасіліся ад часу.

Рухаючыся ў кірунку Лешні, адзначылі, што часткова ўведзены ў сельскагаспадарчы абарот участкі паўз дарогу, якая ідзе праз гэты населены пункт. Тут летась былі высечаны і амаль выкарчаваны аварыйныя таполі. Застаўся яшчэ невялікі аб’ём работы, якая ў хуткім часе будзе завершана, і дарога набудзе цывілізаваны выгляд.

Сярод мерапрыемстваў па навядзенні парадку на зямлі вялікая ўвага надаецца стану помнікаў і воінскіх пахаванняў, сельскагаспадарчых аб’ектаў (мехдвароў, жывёлагадоўчых ферм), пустуючым сядзібам і ўчасткам, аўтобусным прыпынкам, ліквідацыі несанкцыянаваных сметнікаў. Асобным радком ідуць задачы па прывядзенні ў належны стан дарог рэспубліканскага значэння. У прыватнасці, шмат нараканняў было выказана падчас выязной сесіі ў адрас ДЭУ-65, якое дастаткова нізкімі тэмпамі праводзіць ачыстку прыдарожных палос дарогі Р-43.

Падчас наведвання вёсак Філіпавічы і Гулевічы была дадзена ацэнка зробленаму па зносе старых дамоў і ўвядзенні ў севазварот пустуючых участкаў. Нягледзячы на тое, што ўжо зроблена нямала, наперадзе яшчэ шмат работы.

Сёлетні год адметны тым, што на Капыльшчыне вялікая ўвага будзе надавацца месцам для баўлення  вольнага часу нашага падрастаючага пакалення. Для гэтага на тэрыторыі кожнага сельсавета будзе пабудавана па адной дзіцячай пляцоўцы, акрамя таго ў Капыльскім і Доктаравіцкім дадаткова з’явіцца па адной спартыўнай пляцоўцы. Гэта ініцыятыва стала адным з пунктаў даволі разгорнутага і насычанага задачамі рашэння сесіі раённага Савета дэпутатаў, якое было прынята пасля абмеркавання даклада старшыні райсавета Ірыны Кісляк. У рабоце сесіі прымалі ўдзел старшыня райвыканкама Анатоль Ліневіч і дэпутат Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Сяргей Ульдзіновіч.

Маргарыта САКОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *