Тимковичская сельская библиотека – центр краеведческой работы

2018-2020 - год малой Родины Культура

Адным з прыярытэтных напрамкаў работы Цімкавіцкай сельскай бібліятэкі з’яўляецца краязнаўства. Установа культуры сумесна з Літаратурным музеем Кузьмы Чорнага працуе над выхаваўчым праектам «Каб любіць свой край, трэба перш за ўсё яго ведаць».

image (1)
■ Каля выставы — юныя краязнаўцы

На выставе «Славутая гісторыя і дзень сённяшні», прысвечанай сталічнаму рэгіёну, прадстаўлены кнігі па гісторыі вобласці, Рэспублікі Беларусь і шмат іншага.

Цыкл выстаў «2018 — Год малой радзімы» складаецца з трох этапаў: на першым этапе наведвальнікі ўстановы знаёмяцца з агульнымі звесткамі пра наш населены пункт. Тут прадстаўлена папка «Цімкавічы: гісторыя і сучаснасць», у якой змешчана інфармацыя пра вёску.

Другі этап — выстава «Знай нашых».  Гэта інфармацыя аб знакамітых земляках: Кузьме Чорным; Герою Савецкага Саюза гвардыі капітане Наржымскім У.А.; пісьменніку, прафесару, доктару філалагічных навук, беларускім літаратуразнаўцу Бельскім А.І.; былым дырэктару мясцовай сярэдняй школы, якой за плённую педагагічную працу ў 1957 годзе прысвоена званне Заслужанага настаўніка БССР і якая за добрасумленную працу была ўзнагароджана ордэнамі Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Працоўнага Чырвонага Сцяга, «Знак Пашаны» і іншым, Раманенцы З.І.; галоўным рэдактару часопіса «Алеся» (1972 – 2000) Карпенцы М.І. і яшчэ добрым дзясятку знакамітых цімкаўлян.

Пры абзоры выстаўленых матэрыялаў акцэнт робіцца на яшчэ адну знакамітую нашу зямлячку Кунцэвіч С.А. Менавіта Соф’я Адамаўна — адна з гераінь кнігі С. Алексіевіч «У вайны не жаночае аблічча». Жанчына-легенда, якой лёс наканаваў прайсці алею славы і перажыць пакуты голаду, страту мужа, сямі любімых братоў і сясцёр, бацькоў. Другога мая 1945 года асколкам асфальту яна напісала на сцяне рэйхстага: «Я прыйшла ў Берлін, каб забіць вайну». Акрамя медаля Флорэнс Найцінгейл, на лацкане пінжака Соф’і яшчэ шмат узнагарод: «За ўзяцце Берліна», «За абарону Каўказа», «За вызваленне Варшавы»… На вайне лейтэнант медыцынскай службы Соф’я Кунцэвіч была тры разы паранена і два — кантужана. Яна двойчы перажыла клінічную смерць. Пра жыццё знакамітай зямлячкі ў бібліятэцы распрацаваны сцэнарый і зроблена прэзентацыя.

патент 001

Трэці этап выставы — «Дарагія мае землякі». Тут прадстаўлены кнігі знакамітых цімкаўлян, з асабістымі аўтографамі аўтараў, напрыклад, кніга «Листая страницы жизни…» Родчанкі У.В., доктара тэхнічных навук, прафесара, выкладчыка Маскоўскага авіяцыйнага інстытута, аўтара больш за 160 навуковых прац, кніга «Цімкавіцкая сярэдняя школа», суаўтарамі якой з’яўляюцца нашы землякі, выпускнікі школы. Патэнт на вынаходніцтва Купрыянскага Я.В.  «Шлепперная тележка с управляемым кантующим клином». Патэнт выдадзены Іжорскім заводам імя Жданава ў 1967 г. Копія атэстата вучня Цімкавіцкай СШ А.П. Вайтовіча, будучага фізіка, дзяржаўнага дзеяча, Акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, члена-карэспандэнта,  доктара фізіка-матэматычных навук, прафесара.

Вольга РАДКЕВІЧ,

загадчык Цімкавіцкай сельскай бібліятэкі



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *