В Бучатинской СШ работает виртуальный этнографический музей

2018-2020 - год малой Родины Образование

Ужо другі год на базе ДУА «Бучацінскі ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа» ідзе рэалізацыя педагагічнага праекта «Выхаванне грамадзянскасці і патрыятызму навучэнцаў сродкамі віртуальнага этнаграфічнага музея «Пад бучацінскімі стрэхамі».

011

На аснове матэрыялаў і экспанатаў школьнага краязнаўчага музея калектывам і навучэнцамі школы была распрацавана праграма дзейнасці віртуальнага музея, накіраваная на рашэнне праблемы выхавання патрыятычных і духоўна-маральных якасцей асобы навучэнцаў. Актыўнымі ўдзельнікамі стварэння і папаўнення матэрыялаў на старонках музея з’яўляюцца навучэнцы сярэдняга звяна нашай школы.

Наш музей — гэта макет хаты пачатку ХХ стагоддзя. Ён дазваляе нам перанесціся ў мінулае і ўзгадаць, у якіх умовах жылі нашы прадзеды, чым яны займаліся.

А віртуальны музей складаецца з наступных раздзелаў: «Сялянская хата», «Вышыўка і ткацтва», «Прылады працы і быту», «Сакральны свет беларусаў», «Святочна-абрадавы каляндар», «З гісторыі вёскі Бучаціна», «Экскурсія па музеі», «Этнаграфічны слоўнік».

Раздзел  «Сялянская  хата» змяшчае ў сабе два падраздзелы — «Чырвоны кут» і «Кут гаспадыні». «Чырвоны» кут (покуць) — найбольш шаноўнае і пачэснае месца ў хаце, якое звычайна было звернута на поўдзень ці ўсход, размяшчалася на супрацьлеглым баку ад печы. На покуці развешвалі абразы, убраныя вышытымі  ручнікамі, пучкі асвечаных у царкве жытнёвых каласоў i траў. Экспанаты, якія выстаўлены ў «Куце гаспадыні», сведчаць аб занятках жанчыны таго часу. Шукаючы матэрыял для раз-дзела, дзеці выявілі, што работа гаспадыні не была такой цяжкай, але працавала жанчына вельмі многа: акрамя іншага, яшчэ і прала і ткала вечарамі, часам пад акном пры святле месяца. Нездарма была такая прыказка: «Гаспадар трымае адзін вугал у хаце, а гаспадыня — тры».

У раздзеле «Вышыўка і ткацтва» мы назіраем саматканыя ручнікі, посцілкі, абрусы. Вышыўка і ткацтва з’яўляюцца вельмі важнымі відамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

На старонцы «Прылады працы і быту» нашага віртуальнага музея можна бачыць самыя розныя прылады земляробчай працы. Сярод іх — драўляныя вілы, рыдлёўка, шуфель, драўлянае кола, цэп. У кожнай хаце мелі месца ночвы, ступа, прас, кашы і карабы. Не адно стагоддзе круціцца ганчарны круг, адорваючы людзей цудоўнымі глінянымі вырабамі.

Беларус заўсёды прытрымліваецца даўніх, прадзедаўскіх звычаяў, даўно ўжо забытых іншымі народамі. Свята верыць ён у магічную і сакральную сілу рэчаў, якія ў паўсядзённым жыцці акружалі нашых продкаў на кожным кроку. Раздзел «Сакральны свет беларусаў» сведчыць аб тых рэчах, якім нашы продкі надавалі нейкую магічную, таямнічую сілу. Для нашай мясцовасці гэта акно, грамнічная свечка, лялькі, ручнікі, павук, адзенне і калыскі.

Наведаўшы старонку «Абрадава-святочны каляндар», мы даведваемся, якія святы былі ў нашых продкаў. Многія з іх святкуюць і цяпер, каб прадоўжыць народныя традыцыі.

На старонцы «З гісторыі вёскі Бучаціна» можна даведацца, адкуль пайшла назва вёскі, раскрываецца матэрыял аб жыцці нашых землякоў з 1622 года і па сённяшні дзень. Вось якое існуе паданне. Калісьці ў даўнія часы на левым беразе ракі Волкі пасяліліся плямёны люцічаў, а на правым беразе — плямёны буцічаў. Адсюль і пайшла назва вёскі Бучаціна. У 1874 годзе была пабудавана царква. У прыходзе не было ні адной школы. Толькі ў 1885 годзе ў Бучаціне адкрыліся дзве школы граматы. У першай школе навучаў 20 хлопчыкаў селянін Прахарэня, а ў другой навучаў 11 хлопчыкаў селянін Каленчыц. Заняткі пачыналіся са свята Пакроваў 14 кастрычніка і заканчваліся Благавешчаннем 7 красавіка. Ні ў адной школе не  навучаліся  дзяўчынкі. У 1908 го-дзе ў Бучаціне было адкрыта народнае вучылішча. Настаўнікамі працавалі дочкі святара Рудакоўскага — Юля і Саша. Сучасны будынак школы ўзведзены  ў 1980 годзе. На тэрыторыі вёскі размешчаны: вучэбна-педагагічны комплекс «Бучацінскі дзіцячы сад – сярэдняя школа», Арлікоўскае лясніцтва, Бучацінскі сельскі савет, сельскі дом культуры, сельская бібліятэка, фельдшарска-акушэрскі пункт, пажарна-аварыйны ратавальны пост, аддзяленне сувязі, аддзяленне  Беларусбанка, магазін.

Уся інфармацыя аб праекце размешчана на сайце школы www.buchatino.schools.by.

Святлана ЛІННІК,

Алена САНІКОВІЧ,

кіраўнікі педагагічнага праекта



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *