ОАО «Прогресс 2010». Время взять более высокую планку

Актуально Посевная-2018 Экономика

На рэспубліканскім семінары-нарадзе кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў павысіць эфектыўнасць работы ўсёй аграрнай галіны. А для гэтага неабходна дакладна выконваць патрабаванні тэхналогіі і такім чынам дабіцца высокіх рэзультатаў і ў раслінаводстве, і ў жывёлагадоўлі.

У пераліку фактараў, якія вызначаюць развіццё жывёлагадоўлі, самае, бадай, важнае значэнне мае стан і развіццё кармавой базы. У ААТ «Прагрэс 2010», дзе мы днямі пабывалі, акрамя фуражнага зерня, а на гэтыя мэты пойдзе практычна ўвесь ураджай яравога ячменю, будуць вырошчваць аднагадовыя і шматгадовыя травы, сіласныя культуры.

— Перад намі стаіць задача атрымаць як мага больш прадукцыі на 1 бала-гектар, — адзначае кіраўнік сельгаспрадпрыемства Валерый Тароцька, — а гэта можна зрабіць, абапіраючыся на сучасныя тэхналогіі, вопыт і майстэрства кадраў, дакладнае планаванне і ўменне глядзець на перспектыву.

■ Арцём Невядомскі, Іван Макараў, Леанід Муха, Галіна Беразоўская, Аляксандр Гірко, Аляксандр Маргалік
■ Арцём Невядомскі, Іван Макараў, Леанід Муха, Галіна Беразоўская, Аляксандр Гірко, Аляксандр Маргалік

Стварэнне кармавой базы пачынаецца падчас пасяўной. Асабліва напружаная — вясновая, калі ў сціслыя тэрміны неабходна выканаць увесь запланаваны пералік  сельскагаспадарчых работ. Сёння ў ААТ «Прагрэс 2010» вядуць першую падкормку азімых культур, у тым ліку шматгадовых траў. Арганізаваны збор камянёў, магутныя трактары аруць, працуюць на закрыцці вільгаці, перадпасяўной падрыхтоўцы глебы, унясенні арганічных угнаенняў і іх закрыванні. Дарэчы, сёлета менавіта арганіцы надаецца самая пільная ўвага.

— Для падтрымання ўрадлівасці глебы пры заданні 14 900 тон мы сёлета назапасілі ўжо 29 000 тон, — расказвае Валерый Тароцька. — Падсцілачны матэрыял, які ў нас нарыхтаваны падчас мінулагодняй уборачнай, быў прапушчаны праз жывёлагадоўчыя памяшканні. Уся арганіка вывезена і складзена ў бурты. Цяпер там працуе звяно па ўнясенні гэтага віду ўгнаенняў. Штодня на палеткі раскідваюць амаль па 1400 тон.

■ Яўген Сай і Аляксандр Дубовік працуюць на закрыцці вільгаці
■ Яўген Сай і Аляксандр Дубовік працуюць на закрыцці вільгаці

Для стварэння добрай кармавой базы ў сельгаспрадпрыемстве ёсць 547 га шматгадовых траў, з якіх 380 га займаюць бабовыя — люцэрна і канюшына, запланавана сяўба 180 га аднагадовых траў, на 410 га будзе пасеяна кукуруза.

— Сёлета, згодна з даручэннем старшыні райвыканкама, мы плануем на 300 га правесці перазалужэнне, — працягвае Валерый Мікалаевіч. — Для гэтага ў нас ёсць насенне канюшыны (2,7 т), цімафееўкі (4 т), кастраца (3 т). За ўласныя сродкі будзем набываць люцэрну (1 т).

Якасць кармоў залежыць не толькі ад дакладнага выканання тэхналогіі падчас нарыхтоўчай кампаніі, але і ад таго, як яны будуць захоўвацца. Сянажна-сіласныя траншэі, якія маюцца на прадпрыемстве, паводле слоў кіраўніка, маюць добры стан. Але для выканання пастаўленай задачы іх колькасці не хапае.

— Таму мы ўжо распачалі работы па будаўніцтве дзвюх новых агульным аб’ёмам 5,5 – 6 тон, — тлумачыць дырэктар сельгаспрадпрыемства. —  Аўтамабілі з аўтапарка № 21 во-зяць пясок для будаўнічай пляцоўкі, ёсць і іншыя неабходныя матэрыялы. А на будучым тыдні ўжо плануем пачаць мантажныя работы, якія будуць праводзіць работнікі ПМК-11. Сродкі на будаўніцтва сянажна-сіласных траншэй выдзелены з бюджэту.

…Разам з Валерыем Тароцькам давялося наведацца на некаторыя ўчасткі, дзе ідуць веснавыя палявыя работы. Шматлюдна было непадалёку ад вёскі Жавулкі: тут вялі збор камянёў, закрыццё вільгаці. Пазнаёміліся з двума маладымі механізатарамі. Яны ў свой час скончылі Капыльскі дзяржаўны каледж. Яўген Сай у гаспадарцы ўжо больш за дзесяць гадоў, тут жа працуе і яго жонка. Маладая сям’я атрымала дом, які ўжо выкупілі, а значыць, застануцца жыць і працаваць у сельгаспрадпрыемстве. Хутка Яўген зменіць на сваім «Беларус-1221» культыватар на пасяўны агрэгат і будзе займацца сяўбой яравых культур.

Аляксандр Дубовік толькі ў мінулым годзе скончыў каледж, але любоў да працы на зямлі яму, можна сказаць, перадалася ў спадчыну. Увесь век працаваў на трактары яго дзед, яшчэ і сёння кіруе магутным «Беларус-3022» бацька Аляксандра, у мехмайстэрнях працуе слесарам брат Аляксей.

Давялося сустрэцца яшчэ з адным міні-калектывам, які ўтварыўся падчас палявых работ. Гэта члены звяна па ўнясенні арганічных угнаенняў: Леанід Муха працуе на пагрузчыку «Амкадор», Іван Макараў, Аляксандр Гірко і Аляксандр Маргалік уносяць арганічныя ўгнаенні. Следам за імі на трактары з дыскамі ідзе Арцём Невядомскі, які адразу ж закрывае арганіку, каб карысныя спажыўныя рэчывы траплялі непасрэдна ў зямлю, а не рассейваліся ў паветры. Сочыць за ходам работ і вядзе падлік зробленаму Галіна Беразоўская.

— Перад пачаткам палявых работ мы правялі сход з усімі іх удзельнікамі, — расказвае Валерый Тароцька. — Абмеркавалі пастаўленыя задачы, расцэнкі і парадак стымулявання за паспяховую працу. Механізатары выходзяць у поле ўжо ў 7 гадзін раніцы і працуюць практычна ўвесь светлавы дзень. Арганізавана двухразовае гарачае харчаванне, вядзецца што-дзённы падлік выкананай работы і заработнай платы, у гонар перадавікоў уздымаем чырвоны сцяг. Словам, усе імкнуцца мэтанакіравана працаваць на агульны рэзультат.

Маргарыта САКОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *