
Штогод на Капыльшчыне праводзяцца дзясяткі розных акцый, спартыўных спаборніцтваў, мэта якіх — папулярызацыя і развіццё фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай работы, прапаганда здаровага ладу жыцця. Вось і ў мінулую суботу аддзел фізкультуры, спорту і турызму райвыканкама запрасіў на зімовую спартакіяду прадстаўнікоў арганізацый, прадпрыемстваў і ўстаноў Капыля. Калі для працаўнікоў аграпрамысловага комплексу такія спаборніцтвы сталі традыцыйнымі, то для гарадскіх структур усё адбывалася ўпершыню.
26 каманд прыбылі на фізкультурна-аздараўленчы комплекс. Спаборніцтвы праходзілі ў добразычлівай і сяброўскай атмасферы. Каманды спаборнічалі ў такіх жа самых дысцыплінах, як і сельскія аматары здаровага ладу жыцця: лыжных гонках, плаванні, дартсе. Апошнім відам, які ўваходзіў у агульнакамандны залік, была камбінаваная эстафета.

Лепшымі плаўчыхамі ў асабістым заліку сталі Ірына Міхайлоўская (ЖКГ), Ганна Скуба (ЦРБ) і Людміла Хаміцэвіч (РАА), якія на п’едэстале гонару размясціліся, адпаведна, на першым, другім і трэцім месцах. У мужчын пратакол выглядаў наступным чынам: I – Уладзімір Кандраценя (лясгас), II – Дзмітрый Фядотаў (ЖКГ), III – Віталь Стрэлкін (аддзел адукацыі). У выніковай табліцы дуэт жыллёва-камунальнай гаспадаркі стаў першым у плаванні. Другое месца дасталося аддзелу адукацыі, а трэцяе – аддзелу дэпартамента “Ахова”.
Хуткасці не інакш як на самых прэстыжных спаборніцтвах паказвалі ў гонках некаторыя лыжнікі. Так, пераможца Таццяна Маліноўская з аддзела дэпартамента “Ахова” пераадолела кіламетровую дыстанцыю за 2.41. Хуткія секунды паказала і ўладальніца другога месца Вікторыя Рудая (3.03). Хвіліну лідару саступіла Наталля Філазафовіч з Беларусбанка, якая стала трэцяй. Удвая большую дыстанцыю за 3.51 праляцеў Яўген Карзей з аддзела дэпартамента “Ахова”. 16 секунд аддзялілі Дзмітрыя Гурбана з аддзела па надзвычайных сітуацыях ад верхняй прыступкі п’едэстала гонару. Ён – на другім месцы. Трэці час паказаў Сяргей Місючэнка з ЖКГ (5.24). Лідарамі каманднага заліку сталі супрацоўнікі дэпартамента “Ахова”. Другое месца – у камунальнікаў, трэцяе – у работнікаў беларусбанка.

Цвёрдасць рукі дэманстравалі ўдзельнікі дартсу. Мацнейшай сярод жанчын стала Ірына Літвінка з Капыльскага СПЛ. Другую прыступку п’едэстала гонару заняла Наталля Гарбацэвіч, якая прадстаўляла райвыканкам. Трэцяе месца выявілася толькі пасля паўторнай спробы, дзе вытрымку праявіла Ірына Шаўчук з Беларусбанка. У мужчын лёс першага месца таксама вызначаўся пасля паўторнага заходу на “агнявую” пазіцыю. Тут фартуна была на баку аўтара гэтых радкоў, які дзякуючы гарачай падтрымцы калег-журналістаў проста не мог не апраўдаць іх спадзяванняў. Другое месца засталося за Віталем Бенешам з Беларусбанка, а трэцяе – за Станіславам Захарыкам з аддзела дэпартамента “Ахова”. Камандны залік у гэтым відзе праграмы выглядаў наступным чынам: I месца – у СПЛ, II – у Беларусбанка, III – у Капыльскага РБУ.
Выніковыя месцы ў пратаколе павінна была вырашыць камбінаваная эстафета. Каманда дэпартамента “Ахова” ў складзе Уладзіміра Анішчанкі, Таццяны Маліноўскай, Яўгена Карзея, Аляксандра Катушонка і Кацярыны Лазарэвіч бездакорна выступіла на ўсіх этапах вясёлага, дзесьці забаўляльнага і відовішчнага выпрабавання. Яны прынеслі сваёй дружыне яшчэ адно першае месца. Усяго чатыры секунды прайгралі пераможцам камунальнікі, якія сталі тут другімі. Трэцюю прыступку п’едэстала гонару занялі супрацоўнікі Беларусбанка.

Праграму спаборніцтваў завяршаў сілавы від – гіравы спорт. У спартыўнай зале фізкультурна-аздараўленчага комплексу сабраліся ўсе ўдзельнікі зімовага першынства, каб падтрымаць сваіх асілкаў. У вазе звыш 80 кг абсалютным пераможцам стаў Аляксандр Руды з ЖКГ, які адной рукой выканаў 52 пад’ёмы. Другое месца заняў Віталь Чаркоўскі з раённых электрасетак (37), а трэцяе – Канстанцін Ткачук з вузла паштовай сувязі (33). Андрэй Давідовіч, які прадстаўляў ЦРБ, святкаваў перамогу ў вазе да 80 кг (47). Прадстаўнік аддзела па надзвычайных сітуацыях Аляксей Дзямчук паказаў другі вынік (41). Трэцім у гэтай вазе стаў дырэктар РБУ Віталь Ластачкін (32).
Тым часам судзейская калегія падвяла вынікі зімовай спартакіяды арганізацый, прадпрыемстваў і ўстаноў горада. Першымі чэмпіёнамі спаборніцтваў стала каманда Беларусбанка. Другое месца – у аддзела дэпартамента “Ахова”, трэцяе – у работнікаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі.
Усе ўдзельнікі без выключэння атрымалі зарад станоўчых эмоцый і жыццёвай энергіі, бо нішто так не аб’ядноўвае людзей, як спорт. Былі нават прапановы праводзіць падобныя спаборніцтвы часцей. Як кажуць, пажывём – пабачым!
Сяргей ЛАЗОЎСКІ
Фота Сяргея ЛАЗОЎСКАГА і Маргарыты САКОВІЧ