Нельга не згадаць пра бабулю нашай літаратурнай мовы — дыялектную мову

Культура

Менавіта яна стала асновай для фарміравання беларускай літаратурнай мовы, на якой затым і стваралася айчыннае прыгожае пісьменства.

умные-книги

Цікава, што ў Беларусі склалася такая моўная сітуацыя, што нярэдка не толькі ў розных раёнах, але і нават у розных кутках адной і той жа вёскі людзі могуць размаўляць па-рознаму. Мне пашчасціла некалькі разоў у 80 – 90-я гг. мінулага стагоддзя браць удзел у дыялекталагічных экспедыцыях. Мы запісвалі ад старажылаў розных мясцовасцей Бацькаўшчыны гэтыя каштоўныя залацінкі народнай мовы, знаёміліся з укладам жыцця і быту ў многіх рэгіёнах. Занатовак хапіла на некалькі сшыткаў. А гэта ўсё бессмяротнае багацце нашай спадчыны, якое можа беззваротна знікнуць разам з апошнімі старажыламі зямлі роднай. Таму сёння хочацца  яшчэ раз звярнуцца да маладога пакалення: часцей сустракайцеся з шаноўнымі землякамі, занатоўвайце іх жыццёвую мудрасць і моўныя багацці. Унукі і ўнучкі, вас чакаюць у госці бабулі і дзядулі, якія вам і раскажуць казкі, паданні, і праспяваюць, і навучаць жыццёвай мудрасці.

На шчасце, дыялектнай эстэтыцы і красамоўству нам ёсць у каго павучыцца. Шмат дыялектызмаў запісаў  ураджэнец вёсачкі Лаша Гродзенскага павета Яўхім Карскі. Ён падрыхтаваў «Праграму для збору асаблівасцей беларускіх гаворак», якая не страціла сваёй актуальнасці і ў наш час. Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны Інстытутам мовазнаўства АН Беларусі сумесна з ВНУ рэспублікі  было арганізавана падрабязнае і сістэматычнае вывучэнне гаворак. На падставе сабраных матэрыялаў быў складзены  «Дыялектычны атлас беларускай мовы», а затым «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак». Дарэчы,  не ўсе мовы свету могуць пахваліцца такімі фундаментальнымі  даследаваннямі. Хочацца ўзгадаць і пра знакамітага дыялектолага Фёдара Клімчука, ураджэнца вёскі Сіманавічы Драгічынскага раёна. Яшчэ ў 1962 г. ён пачаў супрацоўнічаць з мовазнаўцам, вялікім прыхільнікам дыялекталогіі  Мікітам Талстым, праўнукам Льва Талстога.  Дарэчы, Фёдар Данілавіч пераклаў некаторыя творы рускага класіка на палескую гаворку.  Пераклаў  таксама на родную гаворку і Біблію. Шмат для вывучэння палескіх гаворак зрабіла Заходнепалескае навукова-краязнаўчае таварыства «Загароддзе». Мне пашчасціла прысутнічаць у Мінску на адным з яго пасяджэнняў. Багаты дыялектны збор  быў змешчаны ў  выпусках выдання «Беларуская дыялекталогія. Матэрыялы і даследаванні», пачатак якога як перыядычнага выдання быў пакладзены ў 2010 г.

Трэба сказаць, што не толькі вучоныя, энтузіясты роднага слова, патрыёты сваёй мясцовасці, але і пісьменнікі лічылі неабходным занатоўваць гаваркія слоўцы  сваёй мясцовасці. Гэтай высакароднай справе сёння дапамагае інтэрнэт, выходзяць электронныя выданні. Так што інтэрнэт-прастора сёння шырока адкрыта і для рупліўцаў матчынай мовы — нашчадкі потым скажуць дзякуй! Так што нам сёння ёсць у каго вучыцца, каб працягваць справу дыялекталогіі. 

Канстанцін КАРНЯЛЮК,

пазаштатны карэспандэнт «СП»



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *