Папа — это вам не мама

Сям'я

На календары — люты, бадай, самы мужчынскі месяц: праз пэўны час мы будзем віншаваць моцную палову з Днём абаронцаў Айчыны. Але мужчына абараняе не толькі Радзіму. Ён — надзейны заступнік і здабытчык у сям’і. А якая ж роля адведзена тату ў выхаванні дзяцей? Давайце крыху паразважаем. 

mama-shvili

Ні для каго не сакрэт, што найбольшая нагрузка і адказнасць за выхаванне дзяцей кладзецца на плечы жанчыны. Выхавальніца, настаўніца, мама — усе яны — жанчыны і выхоўваюць дзетак з так званага жаночага пункта гледжання. Таму роля бацькі ў сям’і ўзрастае.

Як было… Калі крыху азірнуцца назад, у мінулае, мы ўбачым, што бацька з’яўляўся галоўным здабытчыкам, а жанчына захоўвала сям’ю. Цікава, але і ў навучальных установах большая колькасць была мужчын-настаўнікаў. А ў традыцыйнай беларускай сям’і бацька меў велізарны аўтарытэт і ўладу над дзецьмі, служыў прыкладам для пераймання. Яго характэрнымі рысамі былі патрабавальнасць, стрыманасць і нават суровасць, якія не выключалі любоў да сваіх блізкіх. Бацькоўскія функцыі, у адрозненне ад мацярынскіх,  акрэсліваліся абаронай ад знешняй небяспекі і жыццезабеспячэннем сям’і. Бацька ў традыцыйнай сям’і і кармілец, і вышэйшы дысцыплінатар, і непасрэдны настаўнік у сферы сацыяльна-працоўнай дзейнасці. Слова яго было законам («Бацькоўскае слова дарэмна не гаворыцца»), а распараджэнні і загады не падлягалі абмеркаванню і выконваліся ўсімі дзецьмі. Улада бацькі над дзецьмі была велізарнай і юрыдычна спынялася толькі пры раздзеле з сынамі, калі яны станавіліся самастойнымі гаспадарамі. Маральны ўплыў бацькі на дзяцей заставаўся да канца яго жыцця. Калі ж жанатыя сыны ці замужнія дочкі заставаліся жыць у роднай хаце, яны павінны былі ва ўсім падпарадкоўвацца бацьку.

…І як ёсць. За мінулы час роля бацькі крыху змянілася. Але, як і раней, ён, у першую чаргу, увасаб- ляе для свайго дзіцяці ўзор мужчыны — абаронцы, здабытчыка, джэнтльмена. Дзякуючы гэтаму дзеці адчуваюць сябе больш упэўнена, растуць псіхалагічна здаровымі.

Беларусы кажуць

Бацька не матуля, не пацалуе і не прытуле.

Без мужчыны і дом сірата.

Калі хата без гаспадыні — вуглы гараць, а без мужыка (гаспадара) — увесь дом.

Хата без гаспадара плача.

Без гаспадара гумно плача, а без гаспадыні хата.

Гаспадар і жонка – найлепшая сполка.

Муж баіць пра паходы, жонка — пра расходы.

Муж носіць мяшком, а гаспадыня — гаршком.

Роля бацькі ў выхаванні сына… Раней, калі хлопчыкі дасягалі 12-13-гадовага ўзросту, апека над імі пераходзіла ад маці да бацькі. Кожны бацька рыхтаваў для сябе пераемніка. Таму ён навучаў сыноў мужчынскім справам: араць, баранаваць, касіць і г.д. Акрамя таго кожны бацька вучыў цяслярыць і сталярыць, звіць вяроўку і г.д. Менавіта бацька фарміраваў у іх мужчынскія якасці: мужнасць, спрыт, памяркоўнасць, пачуццё адказнасці. І зараз тата ў жыцці хлопчыка вельмі важны. Менавіта бацька з’яўляецца для яго прыкладам правільных мужчынскіх паводзін ― у дачыненні да сваёй сям’і, каханай жанчыны, сяброў, будучых дзяцей. Роля бацькі ў сямейным выхаванні зводзіцца і да таго, што мужчына павінен падтрымліваць больш дысцыпліну ў параўнанні з мяккім характарам мамы. Аднак без праяўлення агрэсіі і залішняй строгасці — інакш сын будзе расці ўзлаваным і жорсткім. Татава падтрымка і прызнанне, развіццё самастойнасці, мужнасці, павагі да жанчыны — усё гэта і ёсць галоўныя задачы выхавання сына бацькам.

…І дачкі. Выхаванне дзяўчынкі — працэс тонкі і вельмі адказны. Справа ў тым, што, сталеючы, дачка прымяняе вобраз таты пры выбары спадарожніка жыцця, мужа, хлопца. Таксама яна пераймае і мадэль пабудовы ўзаемаадносін паміж жонкай і мужам ад сваіх бацькоў. Акрамя таго, гледзячы на тату, дзяўчынка павінна бачыць тыя якасці, якія робяць мужчыну сапраўдным мужчынам. Таму бацьку варта ставіцца да дачкі як да лэдзі, прынцэсы, выхоўваючы тым самым у ёй жаночую годнасць. Важна бачыць у дзяўчынцы асобу, раіцца з ёй, шанаваць яе меркаванне. Дачка, якая вырасла ў атмасферы любові, стане чалавекам добрым, спагадлівым, пабудуе моцную сям’ю.

Выхаванне дзіцяці без бацькі. На жаль, існуюць і такія сітуацыі, калі дзеці растуць без бацькавай любові і ўвагі. Аднак мужчынскае выхаванне сыну неабходна ў любым выпадку. Каб вырасціць годнага чалавека, маме варта ставіцца да хлопчыка як да мужчыны, нягледзячы на тое, што ён яшчэ малы. Прасіце яго аб дапамозе па хаце, падаць вам паліто, паднесці сумку. Хай хто-небудзь з сям’і (дзядуля, дзядзька, старэйшы брат), сяброў будзе для сына годным узорам для пераймання. Пры выхаванні без бацькі для дачкі таксама важны прыклад правільных мужчынскіх паводзін. Гэта можа быць член сям’і, хросны, сябар, які любіць і клапоціцца пра яе.

Паважаныя чытачы, нам вельмі цікава ваша меркаванне пра ролю бацькі ў сям’і. Таму запрашаем вас паразважаць і выказаць свае думкі. Дасылайце нам цікавыя гісторыі, фотаздымкі ці малюнкі пра тату. Будзем вельмі рады!

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *