Гостеприимство дома Умрейко

Актуально Сям'я

Здавалася б, звычайная сялянская сям’я.

Ён доўгі час працаваў сталяром, яна — былая супрацоўніца РСУП «Саўгас «Прамень». Але сям’я Яраслава Лук’янавіча і Алены Дзмітрыеўны Умрэйкаў з аграгарадка Пясочнае — з тых, чыя гісторыя насычана значнымі імёнамі і падзеямі і чыё галоўнае багацце, якое прыносіць добрыя дывідэнды (даруйце за такое параўнанне), — гэта дзеці. Ёсць і такая адметнасць: стрыечны брат Яраслава Лук’янавіча — вядомы беларускі савецкі педагог, член-карэспандэнт Акадэміі педагагічных навук СССР, заслужаны настаўнік БССР Сцяпан Андрэевіч Умрэйка.

Яраслаў Лук'янавіч і Алена Дзмітрыеўна любяць перагортваць сямейны альбом
Яраслаў Лук’янавіч і Алена Дзмітрыеўна любяць перагортваць сямейны альбом

Скажыце, што перш за ўсё сведчыць пра гасціннасць? Упэўнена: утульнасць у хаце і добрае, шчырае слова гаспадароў. Менавіта такая атмасфера і пануе ў доме Яраслава Лук’янавіча і Алены Дзмітрыеўны Умрэйкаў. У печы «гуляе» агеньчык — гатуецца ежа: гаспадыня і зараз не давярае сучасным газавым плітам, а больш карыстаецца надзейнай рускай печчу. Умрэйкі вельмі шчыра і гасцінна сустракаюць гасцей. І ад гэтай пяшчоты шэры студзеньскі дзень расквечваецца яскравымі фарбамі. 

«Яроша» — такі ласкавы зварот раз-пораз чуецца, калі гаспадыня звяртаецца да мужа. Абое — і Алена Дзмітрыеўна, і Яраслаў Лук’янавіч — мясцовыя, пясоцкія. Толькі нарадзіліся ў розныя гады: ён у 1930-м, яна — у 1931-м. Нават і хаты іх знаходзіліся побач, таму сябравалі з самага дзяцінства, разам гулялі на пясоцкіх вуліцах. Падзеі Вялікай Айчыннай пакінулі крывавы след у лёсах усіх песачанцаў. Не выключэнне і Умрэйкі. Родны брат гаспадара Канстанцін быў партызанам і загінуў у 1944 годзе, трапіўшы ў засаду. Бацькоўскія хаты і мужа, і жонкі згарэлі падчас бамбёжак. Амаль усю вайну Яраславу з матуляй (бацьку рэпрэсіравалі ў 1938-м) прыйшлося хавацца ад немцаў і жыць у розных людзей. Вядома ж, брат — партызан! Новую хату, у якой Умрэйкі жывуць і зараз, Яраслаў Лук’янавіч пачаў будаваць пасля вайны. Не адзін год цягнулася яе ўзвядзенне, але амаль усе работы выконваў сам: бацька — добры сталяр — паспеў перадаць сыну асновы свайго рамяства.

І ўжо напярэдадні адыходу на службу ва Узброеныя Сілы СССР у 1951 годзе Яраслаў прывёў у хату жонку Алену. З таго часу і пачаўся адлік іх сямейнага дабрабыту. Аддаўшы даніну Радзіме, праз тры гады Яраслаў Лук’янавіч вярнуўся ў родную вёску.

Ах, маладосць, маладосць...
Ах, маладосць, маладосць…

Усе пытанні Умрэйкі заўсёды вырашаюць разам, імкнуцца не супярэчыць адзін аднаму. І калі была магчымасць пераехаць у Мінск (падчас армейскай службы мужа Алена працавала ў сталіцы швачкай на фабрыцы імя Крупскай), Яраслаў вырашыў застацца ў Пясочным: як ён мог кінуць маці? Ды і горада не любіў — у вёсцы прасторней. Таму і засталіся на роднай пясоцкай зямельцы. За старанную плённую працу ў бухгалтэрыі саўгаса «Прамень» Алена Дзмітрыеўна ўзнагароджана медалём «Ветэран працы».

Так, галоўнае багацце сям’і — дзеці. Тамара нарадзілася ў 56-м годзе, сын Саша — у 58-м. Ніна з’явілася на свет у 61-м, а Валянціна — у 65-м. Сёння ўсе яны — годныя самастойныя людзі. Тамара Яраславаўна — падпалкоўнік міліцыі. Атрымаўшы дзве вышэйшыя адукацыі (у БДУ і Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь), працуе ў БНТУ Аляксандр Яраслававіч, які ў вольны час вывучае гісторыю роднага краю і выдае аб гэтым кнігі. Дзякуючы добрасумленнай працы Ніны Яраславаўны, выхаванцы Капыльскай дапаможнай школы-інтэрната заўсёды выглядаюць чыстымі. А малодшая Валянціна Яраславаўна робіць у Інстытуце генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі.

З вялікай удзячнасцю за выхаванне дзяцей Алена Дзмітрыеўна расказвае пра сваю свякроў бабу Шуру (Умрэйку Аляксандру Канстанцінаўну). Вядома ж, у той час ніякага водпуску па доглядзе за дзеткамі не было — праз два-тры месяцы пасля нараджэння матулі пакідалі сваіх немаўлятак (хто са сваякамі, хто са знаёмымі) і выходзілі на работу. А дзеткам патрэбен надзейны пастаянны догляд, які і забяспечвала баба Шура — вельмі мудрая і культурная, хоць і непісьменная, жанчына. За гэтыя якасці яе і паважалі аднавяскоўцы.

— Надта смачныя пірагі пякла баба Шура, — успамінае Алена Дзмітрыеўна. — І з яблыкамі, і з варэннем. Яна і мяне гатаваць навучыла. А да выхавання ставілася надзвычай сур’ёзна і строга. Таму і дзетак усіх пахрысціла: каго тут, у Пясочным, каго ў Цялядавічах.

Пра тое, што гаспадар — сапраўдны сталяр, сведчыць вялікая колькасць вырабаў з дрэва: у гасцінай радуюць вока прыгожыя столікі, фотаздымкі сваякоў — і знакамітага Сцяпана Андрэевіча Умрэйкі ў тым ліку — знайшлі сваё месца ў арыгінальных драўляных рамках.

— А колькі я перарабіў аконных рам! А дзвярэй! Нават у Капыль мяне часта запрашалі! — з гонарам успамінае Яраслаў Лук’янавіч. — У мяне і сёння дрэваапрацоўчыя станкі захоўваюцца.

Адправіўшы дзяцей у самастойнае жыццё, Умрэйкі жывуць удваіх. Сумаваць не прыходзіцца. Алена Дзмітрыеўна з захапленнем вяжа дзецям, унукам і праўнукам прыгожыя, сагрэтыя сардэчнай цеплынёй рэчы. Асабліва рады гаспадары шматлікім гасцям, якіх заўсёды сустракаюць ветліва і шчыра. Часта да іх завітваюць дзеці і ўнукі. Бацькоўскія пяшчота і дабрыня гучаць у іх сэрцах рэхам удзячнасці.

Дзіяна ТКАЧЭНКА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *