Жители деревни Ужа Копыльского района помнят Леонида Будкевича как водителя автолавки

Галерэя лёсаў

Жыхары больш сталага ўзросту Доктаравіцкага, Грозаўскага і Камсамольскага сельсаветаў добра памятаюць вадзіцеля аўтамагазіна, які на працягу амаль 20 гадоў дастаўляў у вёскі тавары першай неабходнасці. Гэта Леанід Міхайлавіч Будкевіч, які днямі адсвяткаваў ні многа ні мала, а ўжо 80 гадоў.

■ Леанід Будкевіч (справа) і Анатоль Рымашэўскі
■ Леанід Будкевіч (справа) і Анатоль Рымашэўскі

Пра тое, што ў гэтай хаце ў вёсцы Ужа жыве вадзіцель са стажам, сведчаць шматлікія дробязі. Вось каля дома прыпаркавана новае белае аўто гаспадара, побач «расчыніў» капот чырвоны мікрааўтобус, чакае свайго грузу лафет.

Не здзіўляйцеся: нягледзячы на паважаны ўзрост, Леанід Міхайлавіч яшчэ і сам круціць баранку, і дапамагае адрамантаваць транспарт дзецям і ўнукам. І таму добры памочнік і дарадчык — вопыт, які наш герой назбіраў на працягу больш чым паўвекавой працы вадзіцелем.

IMG_7630

А пачынаўся працоўны шлях Будкевіча ў 1954 годзе, калі ён пасля заканчэння вучылішча механізацыі сельскай гаспадаркі № 8 у Бабруйску пайшоў працаваць трактарыстам у  Грэскую МТС. Далей было шмат іншых месцаў дзейнасці: і саўгас «Доктаравічы», і Слуцкая аўтабаза № 4, і нават пасада старшыні Грозаўскага сельпо. Але самым сваім значным месцам працы Леанід Міхайлавіч лічыць працу вадзіцелем аўтамагазіна. Трэба адзначыць, што ў тыя часы кіроўца не толькі круціў баранку, але і сам гандляваў. Магазіны на колах ездзілі па ўсіх вёсках, дзе была патрэба: захварэў ці пайшоў у водпуск прадавец стацыянарнай гандлёвай кропкі або там праходзіла рэвізія.

— Дарогі былі цяжкія, — успамінае суразмоўца, — асфальту амаль не было. Здаралася, што з гэтай дарожнай багны машыну выцягвалі трактары, якіх у той час было шмат па вёсках. Але людзі заўсёды чакалі цябе з нецярпеннем, як добрага сябра. У мяне з усімі былі цёплыя адносіны. Таму і план удавалася выконваць, а то і перавыконваць.

За працоўныя дасягненні Будкевіч мае ганаровыя ўзнагароды: юбілейны медаль «За доблестный труд в ознаменование 100-летия со дня рождения Владимира Ильича Ленина», Падзяку як пераможца сацыялістычнага спаборніцтва за 1 паўгоддзе 1984 года, Ганаровую грамату райспажыўтаварыства за шматгадовую працу і ў сувязі з Міжнародным днём кааперацыі ў 1989 годзе. З’яўляецца Будкевіч і ветэранам працы.

У 1960 годзе Леанід сустрэў сваю адзіную — Пачуеўскую Святлану Васільеўну, з якой у шчасці і згодзе пражыў больш за паўстагоддзя. На жаль, любая жонка пайшла з жыцця шэсць гадоў таму. Але да бацькі вельмі часта прыязджаюць чацвёра дзяцей: Наталля, Ірына, Тамара і Ігар. Дарэчы, у пэўным сэнсе Леанід Міхайлавіч — чалавек багаты: акрамя дзяцей ён мае восем унукаў і двух праўнукаў. У гонар нараджэння аднаго з унукаў каля хаты пабудавана прыгожая альтанка, якая мае «ганаровае» званне «Шынок «У Лявона». Ды і наогул у хаце цёпла і ўтульна. Прыцягваюць увагу незвычайныя для нас, гарадскіх жыхароў, рэчы. Вось на драўлянай падставачцы расправіў крылы каршун, крыху далей знайшлі сваё месца рогі сахатага. Аказваецца, у гаспадара раней было цікавае захапленне — паляванне.

— А як жа, кожную суботу або ня-дзелю я хадзіў у лес, — з усмешкай расказвае Леанід Міхайлавіч, — калі падрос Ігарок, пачаў браць яго з сабой. Пазней, калі сын стаў дарослым самастойным мужчынам, я падарыў яму сваё ружжо. І цяпер на паляванне ходзіць ужо ён.

Амаль да нядаўняга часу Леанід Міхайлавіч яшчэ трымаў каня, дзвюх кароў, гадаваў авечак і кабанчыкаў. Але ўзрост дае аб сабе знаць. Зараз усю цяжкую работу па гаспадарцы выконваюць дзеці і ўнукі: да працы на зямлі яны прывучаны з дзяцінства. Да таго ж уся сельскагаспадарчая тэхніка ў Будкевіча маецца, і за яе станам ён сам сочыць пільна. Вядома ж, вопыт мае багаты! Дарэчы, сваю першую машыну «Масквіч-412» ён купіў яшчэ ў 1973 годзе. З тае пары ўласны «аўтапарк» пастаянна абнаўляецца. Таму і зараз, калі з’яўляецца неабходнасць, садзіцца за баранку прыгожага беленькага «Рэно» і едзе па сваіх справах.

Любіць Будкевіч сустракацца з сябрамі і былымі калегамі, якія заходзяць, як кажуць, на агеньчык. Гэтымі студзеньскімі днямі да Леаніда Міхайлавіча завітаў і яго колішні кіраўнік Анатоль Мікалаевіч Рымашэўскі, які доўгі час узначальваў аўтабазу Капыльскага райспажыўтаварыства. Разам ім было што ўспомніць, пра што пагаварыць.

Дзіяна ТКАЧЭНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *