Прошел социологический опрос населения по качеству работы филиала «Автомобильный парк № 21» ОАО «Миноблавтотранс»

Новости

Адной з асноўных праблем, выказаных падчас сацыялагічнага апытання насельніцтва па якасці работы філіяла «Аўтамабільны парк № 21» ААТ «Мінаблаўтатранс», была незадаволенасць работай гарадскога грамадскага транспарту.

IMG_6851

Асаблівыя нараканні — на перагружанасць у ранішні час аўтобусаў, якія рухаюцца з так званага прамраёна да цэнтра. Адзначана і іх зношанасць. Выказваліся прапановы па павелічэнні колькасці рэйсаў на працягу дня і ў выхадныя.

Як запэўніваюць у аўтапарку № 21, усе ўзнятыя праблемы па гарадскіх маршрутах сапраўды існуюць і ў хуткім часе павінны вырашыцца. Справа зрушыцца з месца дзякуючы таму, што з’явіцца новы гарадскі аўтобус на 100 месцаў. З нядаўняга часу павялічылася колькасць рэйсаў па суботах у сувязі з увядзеннем у строй новага рынку па вул. Заазёрнай (з 8.00 і да 15.00 туды можна трапіць кожную гадзіну). Для таго, каб хоць неяк разгрузіць ранішні маршрут, перад «гадзінай пік» праз прамысловую зону праходзіць прыгарадны маршрут «Праснакі – Капыль».

Набыццё гарадскога аўтобуса — гэта не адзінае папаўненне аўтапарка сёлета. Плануецца таксама закупіць чатыры аўтобусы, меншыя па ўмяшчальнасці (накшталт школьных), будзе абнаўляцца і грузавая тэхніка.

Увогуле аўтапарк абслугоўвае 23 прыгарадныя, тры гарадскія і два міжгароднія маршруты. Акрамя гэтага, ёсць магчымасць для заказу аўтобусаў у розных прадпрыемстваў і арганізацый раёна, прыватных асоб. Але ўсё ж асноўныя даходы філіял атрымлівае дзякуючы парку грузавых аўтамабіляў, які складаецца з 23 адзінак.

Дырэктар аўтапарка № 21 Уладзімір Сахар адзначае, што працягласць нашага раёна вялікая, а колькасць жыхароў з кожным годам змяншаецца, адсюль і змяншаецца акупнасць перавозак (на дадзены момант яна складае 40%). Да таго ж акрамя буйных населеных пунктаў у раёне ёсць і зусім невялікія вёсачкі, дзе паслугамі грамадскага транспарту карыстаецца ўсяго некалькі чалавек. Вядома, пускаць аўтобусы туды нерэнтабельна (яны ходзяць амаль пустыя), але рабіць гэта неабходна. Кожны жыхар Капыльшчыны павінен мець магчымасць дабрацца да пункта прызначэння.

Аўтобусы закрываюць амаль усе напрамкі. Большасць з іх прывязаны да таго, каб раніцай прывезці насельніцтва ў Капыль, а вечарам — назад. Аднак ёсць маршруты з немалой колькасцю пасажыраў (напрыклад, на Смалічы, Чырвоную Дубраву, Праснакі і інш.), дзе выконваюцца рэйсы і ў дадатковы час. Супрацоўнікі прадпрыемства праводзяць штоквартал маніторынг пасажырапатоку.

На паляпшэнне сітуацыі з міжгароднімі перавозкамі дырэктар прадпрыемства спадзяецца з уступ-леннем у сілу ў канцы студзеня гэтага года новага Закона «Аб пасажырскіх і грузавых перавозках». Мяркуецца, што дакументам будуць урэгуляваны перавозкі прыватнымі асобамі.

Існуе яшчэ адна істотная праблема — недахоп кадраў.

— Сучасная моладзь, на жаль, не заўсёды імкнецца асвоіць прафесію вадзіцеля грамадскага транспарту. Маладыя людзі далёкія ад рамантызму, а калі і мараць сядзець за рулём, то толькі асабістага аўтамабіля прэстыжнай маркі, — адзначае Уладзімір Сахар. — Вадзіцелямі ж аўтобуса становяцца тыя, хто проста не ўяўляе сябе без аўтатранспарту і выдатна ім кіруе.

Сапраўды, у апошнія дзесяцігоддзі знізілася папулярнасць прафесіі вадзіцеля аўтобуса. Для вяртання яе прывабнасці прыняты меры па павелічэнні аплаты гэтай цяжкай працы, але і патрабаванні да кандыдатаў сталі больш жорсткімі. Акрамя прафесійных навыкаў, прад’яўляюцца патрабаванні і да стану здароўя, узросту і стажу кіравання аўтатранспартам.

Нягледзячы на павышэнне заработнай платы, увядзенне сістэмы бонусаў, многія не затрымліваюцца надоўга ў прафесіі, бо пры паступленні на працу проста не разумелі ўсёй складанасці гэтага занятку. Вадзіцель аўтобуса ўстае ранняй раніцай, бо да выхаду на лінію ён абавязаны праверыць спраўнасць транспарту, прайсці медыцынскі агляд на прадмет ужывання алкаголю, фіксацыі паказчыкаў артэрыяльнага ціску і ацэнкі агульнага стану здароўя.

У аўтапарку зараз працуюць і над прапановамі, выказанымі падчас апытання. У прыватнасці, па павелічэнні колькасці турыстычных паслуг і па арганізацыі рамонту легкавых аўтамабіляў.

Сяргей КОЗЕЛ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *