На территории Копыльского района активно проходит республиканская акция «Наш животновод»

Актуально Экономика

Яе арганізатары — Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, рэспубліканскі камітэт Беларускага прафсаюза работнікаў АПК — ушаноўваюць працаўнікоў малочнатаварных комплексаў і ферм, якія плённа працуюць на карысць роднай гаспадаркі.

IMG_2339

Напярэдадні навагодніх святаў старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Ірына Сцяпура наведала ААТ «Ціміразеўскі», дзе разам з галоўнымі спецыялістамі гаспадаркі сустрэлася з жывёлаводамі.

■ Ганна Надольская, Ірына Хоміч, надзея Лупік і Ірына Сцяпура
■ Ганна Надольская, Ірына Хоміч, надзея Лупік і Ірына Сцяпура

У пакоі адпачынку МТК «Быстрыца»,  дзе пасля ранішняй дойкі гасцей ужо чакалі жывёлаводы, панавала навагодняя атмасфера. Акрамя слоў удзячнасці за добрасумленную працу Ірына Станіславаўна разам са старшынёй пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі гаспадаркі Ганнай Надольскай павіншавала калектыў з надыходзячымі святамі — Нара-джэннем Хрыстовым і Новым годам. Галоўны эканаміст гаспадаркі Таццяна Дудак падвяла вынікі працы, агучыўшы паказчыкі, якіх дасягнулі жывёлаводы малочнатаварнага комплексу за 11 месяцаў бягучага года. Пад агульныя апладысменты падзячныя пісьмы і памятныя падарункі ў гэты дзень атрымалі аператары машыннага даення Надзея Лупік, Ірына Хоміч і аператар па доглядзе маладняку ва ўзросце да 3-х месяцаў Валянціна Жылко. Надзея Рыгораўна працуе на гэтай ферме ўжо 37 гадоў. Жанчына не толькі добра спраўляецца са сваімі абавязкамі, але яшчэ і паспявае трымаць вялікую хатнюю гаспадарку. А вось Ірына Васільеўна і Валянціна Сямёнаўна працуюць тут адносна нядаўна. Пасля закрыцця свінакомплексу ў ААТ «Капыльскае» вымушаны былі перакваліфікавацца. У гэтым ім добра садзейнічаў калектыў МТК.

■ Валянціна Страленя
■ Валянціна Страленя

Адказнасць і вопыт дапамагаюць Таццяне Гарашчэні трымаць лідзіруючыя пазіцыі сярод даярак на МТФ «Блеўчыцы». Добрыя паказчыкі штогод мае аператар па дарошчванні цялят Таццяна Фузеева, якая працуе на гэтай жа ферме, а таксама яе калега Галіна Жылко з МТФ «дзярэчына». Жанчыны выконваюць усе тэхналагічныя патрабаванні, з любоўю ставяцца да жывёл. Іх дасягненні за 11 месяцаў бягучага года таксама адзначаны падзячнымі лістамі і памятнымі падарункамі райкама прафсаюза работнікаў АПК і адміністрацыяй сельгаспрадпрыемства.

■ Юлія Кажэўрава (другая злева) з аператарамі МТФ «Смалічы»
■ Юлія Кажэўрава (другая злева) з аператарамі МТФ «Смалічы»

Віншаванняў і ўдзячнасці за працу ўдастоена Валянціна Страленя, якая на малочнатаварнай ферме «Бучаціна» працуе 12 гадоў. Кожную жывёліну ў сваёй групе (49 цёлак) ведае па мянушцы. Валянціна Мікалаеўна нядрэнна спрацавала ў гэтым годзе і з’яўляецца адным з лепшых аператараў не толькі на ферме, але і ў цэлым у ААТ «Ціміразеўскі».

■ Калектыў МТФ «Блеўчыцы»
■ Калектыў МТФ «Блеўчыцы»

Чатыры гады таму па сямейных абставінах змяніла прафесію швяі на аператара машыннага даення Юлія Кажэўрава. Але на малочнатаварнай ферме «Смалічы» яна не зусім навічок. Раней тут працавала яе мама, а Юлія часта прыходзіла ёй на дапамогу. Таму на ферме хутка асвоілася і выйшла на нядрэнныя паказчыкі. Ірына Сцяпура,  Таццяна Дудак, Ганна Надольская ўручылі падзячны ліст і падарункі Юліі Кажэўравай, а ўсяму калектыву фермы выказалі ўдзячнасць за працу і пажадалі добрых святаў.

Акцыя «Наш жывёлавод» будзе працягвацца да канца сакавіка наступнага года. Падзячныя пісьмы і падарункі атрымаюць працаўнікі ўсіх ферм раёна.

Сяргей ЛАЗОЎСКІ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *