Предпринимательству — развитие

Новости

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 23 лістапада падпісаў Дэкрэт № 7 «Аб развіцці прадпрымальніцтва», які з’яўляецца ключавым дакументам з пакета нарматыўных прававых актаў па паляпшэнні бізнес-клімату ў краіне.

biznes450

Дэкрэт прадугледжвае кардынальнае змяненне механізмаў узаемадзеяння дзяржаўных органаў і бізнесу, мінімізуе ўмяшанне службовых асоб у работу суб’ектаў гаспадарання і ўзмацняе механізмы самарэгулявання бізнесу, яго адказнасць за сваю работу перад грамадствам. Пры гэтым захоўваецца мінімальна неабходны ўзровень кантролю з боку дзяржавы.

Што ж наконт гэтага дакумента думаюць нашы землякі? Некаторыя з іх дзеляцца сваімі меркаваннямі.

Наталля РЫМАШЭЎСКАЯ, галоўны спецыяліст аддзела эканомікі Капыльскага райвыканкама:

— Хацелася б, каб развіццё прадпрымальніцтва, малога і сярэдняга бізнесу ў раёне крыху палепшылася. Магчыма, Дэкрэт № 7 паўплывае на гэта.

На дадзены момант у раёне зарэгістраваны 136 суб’ектаў малога прадпрымальніцтва і 429 індывідуальных прадпрымальнікаў. За гэты год з’явілася 77 новых ІП. Асноўны напрамак іх дзейнасці — рознічны і аптовы гандаль, затым ідзе аказанне транспартных паслуг, будаўніцтва і іншыя віды паслуг.

Вядома, што Дэкрэт № 7 спрашчае разнастайныя працэдуры. Паколькі я курырую гандаль, грамадскае харчаванне, бытавое абслугоўванне, то адзначу, што ў дакуменце ёсць шмат ільгот для гэтых галін. Так, цяпер не трэба будзе звяртацца ў выканкамы па ўзгадненне рэжыму работы магазінаў, рэстаранаў і кафэ. Выключэнне зроб-лена толькі для ўстаноў, якія працуюць у начны час (з 23 да 7 гадзін). У сферы транспартнай дзейнасці сыходзіць у мінулае абавязковае патрабаванне аб афармленні дарожных лістоў для перавозак пасажыраў і багажу ў нерэгулярных зносінах, не патрэбна ўзгадненне па размяшчэнні рэкламы на транспартных сродках.

Словам, Дэкрэт закліканы надаць неабходны імпульс развіццю прадпрымальніцкай ініцыятывы, стымуляваць дзелавую актыўнасць грамадзян і ў цэлым палепшыць інвестыцыйны клімат у краіне.

Святлана ВАБІШЧЭВІЧ, індывідуальны прадпрымальнік, г. Капыль:

— На маю думку, Дэкрэт дазволіць кардынальна змяніць некаторыя складаемыя сістэмы кіравання, якая існуе. Радуе, што парадак уступлення дакумента ў сілу будзе праходзіць ступеньчата. Гэта гаворыць пра тое, што будуць падрыхтаваны адпаведныя нарматыўныя акты. Асноўныя нормы Дэкрэта — гэта нормы прамога дзеяння і таму вельмі важная правапрымяняльная практыка. Дакумент максімальна скасоўвае адміністрацыйныя бар’еры, адмяняе часам залішне эканамічна затратныя патрабаванні, сістэматызуе іх і скарачае. Будзем спадзявацца, што ў сукупнасці ўсе змены будуць адчувальныя, і яны стануць надзейнай падтрымкай для малога і сярэдняга бізнесу.

Кацярына ВАЛЬКОЎСКАЯ, індывідуальны прадпрымальнік, аграгарадок Цімкавічы:

— З прыняццем гэтага дакумента людзі павінны перастаць баяцца адкрываць уласны бізнес, смела ісці ў гэту сферу, разумеючы, што яны таксама ўносяць значны ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё краіны. Паколькі бізнес садзейнічае фарміраванню канкурэнтнага асяроддзя, забяспечвае рост вытворчасці спажывецкіх тавараў, дзякуючы яму пашыраецца сфера паслуг, а эканоміцы надаецца дадатковая стабільнасць.

Вельмі добра, што зараз для адкрыцця ўласнай справы дастаткова будзе падаць заяву ў выканкам праз службу «адно акно» (дапускаецца паштовае адпраўленне з паведамленнем аб уручэнні) альбо з дапамогай партала электронных паслуг. На наступны дзень ужо можна будзе займацца заяўленым відам дзейнасці.

Дэкрэтам таксама зацверджаны агульныя патрабаванні пажарнай бяспекі, санітарна-эпідэміялагічныя патрабаванні, патрабаванні ў галіне аховы навакольнага асяроддзя і інш. Яны максімальна сістэматызаваны і скарочаны і будуць з’яўляцца абавязковымі для выканання ўсімі суб’ектамі пры ажыццяўленні эканамічнай дзейнасці. Такім чынам, вельмі радуе, што колькасць праверак значна паменшыцца.

Сяргей КОЗЕЛ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *