Жизнь родителей ─ в детях

Общество Сям'я

Кожная сям’я цікавая па-свойму. Што незвычайнага ў Кацярыны Васільеўны і Івана Мікалаевіча Ермаковічаў з вёскі Садавічы? Мабыць, не так часта сустрэнеш сям’ю, у якой нарадзіліся і выгадаваліся сем… дачок.

Алена Мікалаеўна і Іван Мікалаевіч: шчаслівыя разам. 2017 год
Кацярына Васільеўна і Іван Мікалаевіч: шчаслівыя разам. 2017 год

Іна, Наталля, Таццяна, Вікторыя, Людміла, Вольга, Алена — цяпер ужо дарослыя жанчыны. Лічы, бацькі прыдбалі яшчэ і сем сыноў.

Каму трапіўся добры зяць, той набыў сына. Так, Ермаковічы паступова набылі і сем зяцёў, якіх лічаць за сыноў. А ўжо ўнукаў — дык і зусім 16, але і тут пераважаюць дзяўчынкі: дзевяць супраціў сямі хлопчыкаў. З унукамі Іван Мікалаевіч вельмі любіць бавіць час.

У дзень вяселля. 1974 год
У дзень вяселля. 1974 год

— Ён іх больш, як сваіх дзявок, шкадуе, — менавіта так, з націскам на другім складзе, гаворыць Кацярына Васільеўна.

З маленькай Інай. 1976 г.
З маленькай Інай. 1976 г.

У родным краю, як у раю. Справа ў тым, што і ён, і яна нарадзіліся і выраслі ў вёсцы Гоцк на Салігоршчыне. Добра ведалі адзін аднаго з маленства. І ўжо пасля таго, як Іван вярнуўся з арміі, ажаніліся. Было гэта ў лютым 1974 года. Спачатку жылі ў бацькоў мужа, потым перайшлі на хутар. А ўжо праз пяць гадоў пабудавалі сваю хату. Іван рабіў спачатку ў сельгасхіміі, потым у лясгасе шафёрам. Кацярына брала нормы буракоў. На Капыльшчыну пераехалі ў 1990 годзе, пасля таго, як на здароўі дзяўчынак стала адбівацца чарнобыльская аварыя: у іх павялічылася печань, і ўрач рэкамендаваў пераехаць у іншае месца.

Грамату атрымоўвае Людміла. 1990 г.
Грамату атрымоўвае Людміла. 1990 г.

Да пяці год пястуй дзіця, як яечка, з сямі – пасі, як авечку, тады выйдзе на чалавечка. Дзяўчынак бацькі трымалі ў строгасці. Кожная знала свае абавязкі па гаспадарцы: адна прыносіла дровы, другая ў хаце прыбірала. І такое выхаванне дало добрыя вынікі: дзяўчаты выраслі працавітымі, навучыліся добра гатаваць ды і ўвогуле гаспадынямі сталі выдатнымі. Нават іх мужы не пераставалі здзіўляцца: «І адкуль вы ўсё ўмееце рабіць?!»

— Я гатую, і яны каля мяне круціліса, — успамінае Кацярына Васільеўна. — А зараз, калі прыязджаюць, ужо яны мяне вучаць сучасным стравам.

Амаль усе разам. 1992 г.
Амаль усе разам. 1992 г.

Слаўная хата не кутамі, але пірагамі. У Ермаковічаў фірменнай стравай заўсёды былі блінчыкі з тварагом.

— Дзяўкі, — зноў па-свойму вымаўляе гаспадыня, — напякуць з пятніцы каструлю бліноў, а потым мы разам заварачваем у іх твораг. Складзем у жароўню, наверх масла сметанковага ды ў печ. Смаката!

Кацярына Васільеўна памятае, якія стравы гатавалі яшчэ яе матуля з бабуляй.

— Натаўчэ мама семя ільна падсушанага, залье вадзічкай, мы ў яго макаем бульбу — і смачна. А то ўюноў бацька наловіць (мясцовасць у нас балоцістая была), іх падсоляць, падсушаць, а мы іх лускаем, як гарбузікі. Або баба яшчэ квас рабіла, ды таксама з уюнамі елі. Пшонкі наварыць, і з салодкаю вадзічкай.

Бацькі з дочкамі, зяцямі і ўнукамі. 2016 год
Бацькі з дочкамі, зяцямі і ўнукамі. 2016 год

Як зяць у хату — цешча за яечню. Зараз уся вялікая сям’я Ермаковічаў збіраецца па святах. У бацькоўскай хаце змясціцца разам ужо цяжкавата. Але Кацярына Васільеўна і Іван Мікалаевіч шматлікім гасцям заўсёды рады. Летам стол з пачастункамі ставяць у садзе. Аднак зяці не толькі любяць ласавацца пачастункамі цесця ды цешчы — у адказ на гасціннасць яны дораць што-небудзь карыснае для гаспадаркі.

Калі ў хаце ціха не бярэ ліха. Жывуць Ермаковічы дружна. Калі і паспрачаюцца, то з-за гаспадарскіх пытанняў.

— То я што зраблю не так, то пяску на абутку ў хату прынясу, — усміхаецца гаспадар. — Але доўга наша сварка не працягваецца. Мірымса мы хутка.

— Трэба змірацца, — дадае Кацярына Васільеўна. — І ён бывае што не так зробіць, і я, але трэба мірыцца. Дзяцей трэба разам было гадаваць. Што ж гэта зараз моладзь жыве: то любіць, то разлюбіць? Хіба ж так можна? Трэба прасіць прабачэння адзін у аднаго і прабачаць. У Святым Пісанні сказана: «Прабачайце, і вам прабачаць».

Дасць Бог дзень, дасць і полудзень. Вера ў Бога дапамагала Ермаковічам правільна жыць і выхоўваць дзяўчат. У царкву хадзілі і ходзяць зараз кожную нядзелю. Разам адзначаюць святы. Нават на сценах каля сямейных фотаздымкаў вісяць цытаты з Бібліі. Такімі ж рэлігійнымі выраслі і дочкі. Такія іх мужы і, вядома ж, дзеткі.

Дзе пасееш густа, там не будзе пуста. Кацярына Васільеўна і Іван Мікалаевіч — людзі працавітыя. У іх заўсёды была вялікая гаспадарка: раней — дзве каровы, свінні, куры. Вядома ж, без працы не сядзелі і дзяўчаты. Зараз гаспадарка крыху паменшала, але ўсё роўна ходзяць па двары куркі, гадуюцца кабанчыкі. Да зімы Кацярына Васільеўна нарыхтоўвае капусту і дзеліцца асабістымі рэцэптамі:

— Нашынкаваную капусту складваю адразу ў банкі, дадаю моркву, соль сыплю на густ. Закрываю, а потым знімаю накрыўку і прабіваю, каб выходзіла горач. Альбо так раблю: на паўтара літра вады кладу дзве сталовыя лыжкі солі і заліваю капусту ў трохлітровым слоіку, праз два дні зліваю, сыплю ў расол 2 ─ 3 лыжкі цукру і зноў заліваю. Пару днёў пастаіць, і ўсё — гатова!

Шмат чаму яшчэ можна павучыцца ў гэтых працавітых і шчырых людзей. Але галоўнае, што разумееш: «У сям’ю, дзе лад, шчасце дарогу не забывае». Таму і жывуць Ермаковічы ў шчасці і згодзе.

Дзіяна ТКАЧЭНКА

Фота аўтара і з архіва Ермаковічаў



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *