КСУП «Докторовичи»: все у нас получится!

Актуально Экономика

Як не дзіўна, але сутнасць чалавека раскрываецца праз звычайныя дробязі. На традыцыйнае пытанне, ці будуць віншаваць праз газету сваіх працаўнікоў з прафесійным святам, дырэктар КСУП «Доктаравічы» Сяргей Шарупіч бадзёра адказаў: «Абавязкова! — і тут жа дадаў: — Але няхай гэта будзе крэатыўнае віншаванне, можна нават і з гумарам».

■ Дзмітрый Сіцкі, Валянціна Бархат, Сяргей Шарупіч
■ Дзмітрый Сіцкі, Валянціна Бархат, Сяргей Шарупіч

І так ва ўсім: малады «старшыня» шукае свае шляхі да вырашэння таго ці іншага пытання, імкнецца знайсці падыход да кожнага працаўніка сельгаспрадпрыемства і згуртаваць іх у адзіны дружны калектыў. На стале дырэктара стаіць фігурка сапраўднага гаспадара лесу — мядзведзя — падарунак калег. На падаконніку ў новенькім кашпо цягнецца да сонейка парастачак так званага «грашовага» дрэва.

— Вось пасадзіў яго і назіраю: кветачка цягнецца да сонца, а мы — да дабрабыту, — усміхаючыся, гаворыць Сяргей Яўгенавіч. — Але ўсё ж такі грошы кожны павінен зарабляць сам, з неба яны не зваляцца. Перад тым, як нешта запланаваць, трэба ўсё добра пралічыць.

■ Ірына Гаўрук, Кацярына Макарэвіч, Іна Храмцэвіч
■ Ірына Гаўрук, Кацярына Макарэвіч, Іна Храмцэвіч

Тое, што Шарупіч — сапраўдны гаспадар і лідар, відаць па ўсім. Вось ён актыўна вырашае пытанні сельгаспрадпрыемства, вось дапамагае сваім падначаленым, а вось ужо амаль на хаду падпісвае дакументы: час не чакае. Сяргей Яўгенавіч у сельскай гаспадарцы чалавек невыпадковы: нарадзіўся і вырас у вёсцы Леніна Слуцкага раёна ды і ўся яго сям’я тым ці іншым чынам звязана з гэтай сферай. Дзяцінства прайшло ў звычайных сялянскіх клопатах: і сена трэба было нарыхтаваць для кароў і каня, і свіней пакарміць. Таму і пытанне аб прафесійным выбары не стаяла. Яшчэ падчас вучобы ў школе Сяргей вельмі хацеў вывучыць на практыцы вопыт работы сельскай гаспадаркі Германіі. Нават нямецкую мову пачаў вучыць самастойна, а калі надышоў час, паступіў у Мар’інагорскі сельскагаспадарчы тэхнікум, бо там было наладжана супрацоўніцтва з Германіяй. Мара ажыццявілася ў 2012 годзе — на працягу пяці месяцаў Сяргей Шарупіч працаваў у фермерскай гаспадарцы на Брандэнбургскіх землях. Уменне ставіць мэты і рабіць усё для іх ажыццяўлення яшчэ не аднойчы спатрэбіцца дырэктару. Пасля заканчэння Горацкай сельгасакадэміі пэўны час працаваў у розных гаспадарках, пакуль лёс не прывёў яго ў 2016 годзе на Капыльшчыну.

— Упэўнены, нашы людзі — вельмі старанныя і працавітыя. Разам з імі мы ўжо прайшлі дзве ўборачныя. Усе цяжкасці, якія ўзнікалі, імкнуліся вырашаць сумесна. Вельмі добра, што побач са мной працуюць вопытныя калегі — галоўны бухгалтар Вольга Жгун і намеснікі Рыгор Загорцаў і Канстанцін Мажэйка. Набіраецца вопыту і маладое пакаленне: галоўны ветэрынарны ўрач Кацярына Макарэвіч і заатэхнік Іна Храмцэвіч.

Каб на свае вочы пабачыць, чым жыве гаспадарка, мы адправіліся ў невялічкую вандроўку.

Прыпынак першы — жывёльна-раслінны. На працягу апошніх двух гадоў узначальвае ветэрынарную службу Кацярына Макарэвіч. «Падабаецца ўсё, — з запалам кажа жанчына, — але асабліва прыемна, калі жывёла ідзе на папраўку».

■ Калектыў МТФ «Доктаравічы»
■ Калектыў МТФ «Доктаравічы»

Аграном-агароднік Ірына Гаўрук працуе ў гаспадарцы ўжо тры гады: даводзіцца займацца і вырошчваннем агародніны, і закладваннем сянажна-сіласнай траншэі, і іншым. Але работа ёй падабаецца.

У гэтым годзе рады аграрыяў папоўніла малады спецыяліст — галоўны аграном Валянціна Бархат. Яшчэ падчас вучобы ў Гродзенскім аграрным універсітэце каля пяці месяцаў была ў гаспадарцы на практыцы. Калі надышоў час размеркавання, Валянціну Паўлаўну запрасілі ў «Доктаравічы». Далі ўтульны пакой у інтэрнаце, дзе побач пражываюць іншыя маладыя калегі.

■ Повар Вольга Дземідзенка
■ Повар Вольга Дземідзенка

Прыпынак другі — машынна-трактарны. Пасля службы ў арміі ў 2007 годзе вярнуўся ў родную вёску механізатар Дзмітрый Сіцкі. З тае пары яго працоўны лёс неразрыўна звязаны з тэхнікай, і яму падабаецца шчыраваць на трактары, нягледзячы на тое, што іншы раз вяртацца дадому прыходзіцца позна. Калі ўзнікаюць пытанні, вырашае разам з калегамі — машыністамі-трактарыстамі Сяргеем Дзісяком і Міхаілам Саковічам.

У канторы гаспадаркі на Дошцы гонару вісіць партрэт механізатара Аляксандра Шчэрбы.

— Без яго не абысціся ні на ўборцы, ні на ворыве. Трактар у яго руках працуе амаль без перапынку, — так характарызуе кіроўцу галоўны інжнынер Валерый Ясючэня. А словам гэтага вопытнага спецыяліста не паверыць нельга: у гаспадарцы ён — ажно з 1982 года. Добра ведае кожнага свайго падначаленага. Сярод лепшых называе вадзіцеляў Юрыя Новіка і Вячаслава Дзямідчыка, механізатараў Васіля Абрамчыка, Івана Монака, Анатоля Курцікава.

На пытанне, колькі часу працуе ў гаспадарцы, дыспетчар Зоя Макаранка з усмешкай адказала так: «Нават і не помню колькі!». Але жанчына тут жа сама і ўдакладніла: «З 1979 года. Работа няцяжкая, але ахоплівае ўсе бакі нашай гаспадаркі: мне дасылаюць звесткі і па колькасці малака, і колькі чаго вырашчана, і колькі заарана ці ўбрана збожжа. А я ўжо потым перадаю звесткі ў раён».

Прыпынак трэці — малочны. Загадчыкам на МТФ «Вуглы» працуе Алена Марук, а з ёю побач — чатыры даяркі: Святлана Янцэвіч, Валянціна Захарык, Наталля і Святлана Саковіч. Дарэчы, Алена Мікалаеўна ўзначальвае ферму ўжо 15 гадоў, а да гэтага часу працавала тут жа асемянатарам. Таму працу знае дасканала, што вельмі дапамагае падтрымліваць дысцыпліну. Па выніках мінулага года ў гаспадарцы МТФ «Вуглы» была лідарам па надоі ад адной каровы. «Каб атрымаць высокі надой, трэба працаваць па прынцыпе, які агучыў старшыня райвыканкама Анатоль Ліневіч, — гаворыць жанчына. — Гэта кармленне, умовы ўтрымання і догляд».

— Да каровы таксама трэба мець свой падыход, — упэўнена аператар машыннага даення Валянціна Захарык. — У мяне кожная рагуля мае сваё імя. Мне вельмі падабаецца работа, хоць яна і не лёгкая. На горад вёску ніколі не прамяняла б і не кінула б сваіх каровак. Гэта — мая зямля і мой лёс. Добра спраўляецца са сваімі абавязкамі ветэрынара-асемянатара Ірына Векавішчава.

Прыпынак чацвёрты — цэнтральны. На МТФ «Доктаравічы» пад кіраўніцтвам Марыны Гірко працуе 20 чалавек. Тут абсталявана даільная зала Унібокс «Свінгер» тыпу «Паралель 2 на 16». Як сапраўдны кіраўнік, Марына Мікалаеўна ўтрымлівае дысцыпліну, імкнецца знайсці індывідуальны падыход да кожнага працаўніка. За маладняком да трохмесячнага ўзросту сочыць цялятніца Зінаіда Монак, якая забяспечвае высокую захаванасць пагалоўя. Дарэчы, зараз жанчына даглядае 127 цялят. На дарошчванні 410 бычкоў працуе памочнік загадчыка фермы Аксана Хмель.

Прыпынак пяты — смачны. Каб добра працаваць, трэба добра есці, лічаць у гаспадарцы. Таму і харчаванне арганізавана якасна. Повар Вольга Дземідзенка і яе памочнік Наталля Амеляшчык пільна сочаць за тым, каб стравы былі  смачнымі і разнастайнымі: яны прыгатуюць і рыбу, і курыцу, і гуляш з ялавічыны. Гарачым харчаваннем забяспечваюць з пачатку сакавіка да сярэдзіны лістапада. Якасцю ежы механізатары і спецыялісты задаволены. Ад сябе дадам: абед і на самай справе смачны і сытны.

Замест эпілога.

— Не магу доўга заставацца на адным месцы, — падводзіць вынікі Сяргей Шарупіч. — Трэба пастаянна імкнуцца да нечага новага. Кожны з нас павінен развівацца. У наступным годзе запланавана правесці раённыя «Дажынкі» менавіта на тэрыторыі КСУП «Доктаравічы». Таму,  акрамя выканання сваіх прамых абавязкаў, старанна рыхтуемся да гэтай падзеі. Ды шмат чаго яшчэ хацелася б здзейсніць. Планаў, як кажуць, грамаддзё. І пры добрай падтрымцы калег і кіраўніцтва мы ажыццявім іх. Я ўпэўнены.

Дзіяна ТКАЧЭНКА


Дарагія супрацоўнікі!

Ветэраны працы!

Ад усяго сэрца віншуем вас са святам! Вядома: на бетоне пшаніцу не вырасціць, з ліхтарнага слупа яблыкаў не сабраць. Які б навукова-тэхнічны прагрэс ні крочыў па планеце, без сельскай гаспадаркі нават самаму сучаснаму чалавеку ніяк не пражыць. Дзякуй вам за вашу высакародную цяжкую працу! Жадаем вам вясёлкавых перспектыў, высокіх ураджаяў і ўсялякіх поспехаў! Будзьце здаровыя, шчаслівыя і каханыя! Са святам!

Адміністрацыя і прафсаюзны камітэт КСУП «Доктаравічы»



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.