Переплетения жизни

Актуально Галерэя лёсаў

У лёсе капылянкі Святланы Мікалаеўны Тамашэўскай цесна перапляліся гісторыя і медыцына, любоў да сям’і і актыўная грамадская пазіцыя. Вылучыць нешта адно і зрабіць акцэнт менавіта на ім не атрымоўваецца: усе звёны жыццёвага ланцужка пераплецены і звязаны вельмі шчыльна.

■ ХІ з’езд прафсаюзаў медработнікаў. Масква. 1972 год
■ ХІ з’езд прафсаюзаў медработнікаў. Масква. 1972 год

Дзяцінства

Складанасці і іспыты на трываласць пачаліся ў нашай гераіні з самага нараджэння. Трэцяга кастрычніка 1937 года ў Ніны Аляксандраўны і Мікалая Канстанцінавіча Чарнушэвічаў нарадзілася дзяўчынка. Аднак парадавацца немаўляці мама не змагла: адразу ў раддоме і захварэла. Таму дзяўчынку забралі бацькі мужа — простыя працаўнікі калгаса імя Варашылава — Лізавета Ільінічна і Канстанцін Міхеевіч. Пасля выздараўлення мама і тата паехалі ў Маскву, адкуль вярнуліся ў 40-м годзе з маленькім сынам Валодзем. Але пакідаць утульную дзедаўскую хату і пераходзіць да бацькоў Светачка не захацела, чагосьці баялася, так і засталася жыць там. Доўгі час яна называла бабулю мамай.

■ Святлана Мікалаеўна часта перагортвае старонкі сямейнага архіва
■ Святлана Мікалаеўна часта перагортвае старонкі сямейнага архіва

Вайна

З пачаткам Вялікай Айчыннай жыццё змянілася, ды зусім не ў лепшы бок. Памятае Святлана Мікалаеўна і як уцякалі ў лес каля Ржаўкі ад нямецкіх бомбаў, і як гарэлі суседскія хаты. Вельмі цяжкім успамінам засталіся шыбеніцы на вуліцах Капыля, на якіх развітваліся з жыццём партызаны і іх сваякі. Пагля-дзець на расправы немцы зганялі ўсіх — і малых, і старых. А бабуля заўсёды старалася закрыць вочкі дзяўчынцы сваёй хусткай: «Не глядзі, Светачка! Не глядзі». Пасля вызвалення Капыля ў 1944 годзе на фронт забралі бацьку. Але паваяваць яму давялося нядоўга: ён загінуў у гэтым жа годзе пад Варшавай.

■ С. Тамашэўская (другая злева) з калегамі. У цэнтры - Я. Брыкальскі
■ С. Тамашэўская (другая злева) з калегамі. У цэнтры — Я. Брыкальскі

Вучоба

У школу Светачка пайшла ўжо пасля вызвалення Беларусі. Вучыліся спачатку па хатах, потым перайшлі ў аднапавярховы будынак (зараз тут раённы метадычны кабінет). Рашэнне звязаць свой лёс з медыцынай было асэнсаваным і самастойным. Таму, скончыўшы капыльскую рускую школу ў 1954 годзе, стала студэнткай Мінскага медінстытута. Працаваць пасля вучобы Святлана прыехала на родную Капыльшчыну, ёй адразу прапанавалі пасаду галоўнага ўрача Песачанскай бальніцы. Але маладога спецыяліста тут жа забраў у раённую бальніцу яе галоўны ўрач Брыкальскі Антон Яўгенавіч.

Медыцына

Усе, каму давялося працаваць з тагачасным галоўным урачом Капыльскай раённай бальніцы Брыкальскім Антонам Яўгенавічам, успамінаюць яго добрым словам. Не выключэнне і Святлана Мікалаеўна. Менавіта яму яна абавязана пяцігадовым вопытам хірурга. Менавіта ён кансультаваў і даваў парады, як рабіць тую ці іншую аперацыю. А разам за хірургічным сталом стаяла надзейная калега Ларыса Іванаўна Жмайдзюк (Лутава). Насельніцтва раёна на той час складала каля 60 000 чалавек, і на ўсіх хворых — два маладыя хірургі ды сам Брыкальскі. Адпачываць амаль не ўдавалася. Хуткая не аднойчы прыязджала, каб забраць Святлану Мікалаеўну і адвезці да пацыента. «Нават да лазні аднойчы прыехалі!» — сёння з усмешкай расказвае Святлана Мікалаеўна. А ў той час гэта стала апошняй кропляй у яе хірургічнай кар’еры. «Усё! Досыць!» — вызначыла жанчына. Да яе рашэння Антон Яўгенавіч аднёсся з разуменнем: вядома, для жанчыны заўсёды на першым плане застануцца муж і дзеці.

■ Дакумент з сямейнага архіва. 1911 год
■ Дакумент з сямейнага архіва. 1911 год

Сям’я

Са сваім суджаным Святлана сустрэлася ў 61-м. Дакладней будзе сказаць, гэта ён, Станіслаў Тамашэўскі, сустрэў маладую прыгажуню-ўрача. Ён прыйшоў да яе на прыём і пажаліўся на балючы палец. Але нічога яму не балела: трэба была добрая падстава, каб пазнаёміцца. У старой дзедаўскай хаце праз год згулялі вяселле. Каб змясціць усіх гасцей, нават унутраныя сцены прыйшлося адсоўваць. Сярод тых, хто прыйшоў павіншаваць, было і шмат калег: Брыкальскі Антон Яўгенавіч, Туроўскі Рыгор Самуілавіч, Шынгірэй Яўгенія Пятроўна, Валчок Галіна, благодава Лілія Іларыёнаўна і іншыя. Праз год нарадзілася Марына, яшчэ праз чатыры — Вольга. Жыць так і засталіся ў гэтай жа роднай хаце. Муж працаваў у КБА наладчыкам абсталявання.

■ Тата М. Чарнушэвіч і М. Дземідовіч. Капыль. 1930 год
■ Тата М. Чарнушэвіч і М. Дземідовіч. Капыль. 1930 год

Лабараторыя

— Давай, даражэнькая, наладжвай службу лабараторыі, — менавіта з такіх слоў Антона Брыкальскага і пачалася работа гэтага вельмі патрэбнага падраздзялення бальніцы ў тым выглядзе, у якім мы ведаем яго зараз.

Спачатку аналізы рабілі ў будынку старога раддома. Мікраскоп і дзве лавы — вось і ўсё абсталяванне ў невялікім пакойчыку. Лабарант — Ганна Іванаўна Торык. Крыху пазней прыйшлі Ганна Іванаўна Варывоцкая (Бурак) і Марыя Іванаўна Кулеш. Новае месца лабараторыя атрымала пасля ўзвядзення трохпавярховага будынка.

— Трэба ехаць на спецыялізацыю, каб мы маглі рабіць аналізы на рэзуспрыналежнасць, — так вырашыў Брыкальскі, і Святлана Мікалаеўна, пакінуўшы дома 9-месячную дачушку, паехала вучыцца.

Ішоў час, лабараторыя пашырала свае магчымасці: ужо сталі вызначаць узровень глюкозы, білірубіна, мачавіны, набывалі рэактывы і новае абсталяванне. Паступова павялічваўся і штат персаналу: з’явіліся Чаркас Аляксандр Пятровіч, Гуняева Валянціна Іванаўна. Узначальвала лабараторыю Святлана Мікалаеўна да 1998 года, калі на змену ёй прыйшла маладая калега Ірына Анатольеўна Ржэўцкая.

Грамадскае жыццё

Святлана Тамашэўская заўсёды знаходзілася, як кажуць, у віхуры жыцця. Доўгі час яна ўзначальвала райкам прафсаюза. Таму ў 72-м, а потым і 77-м гадах была дэлегатам ХІ і ХІІ з’ездаў прафсаюза медыцынскіх работнікаў у Маскве. Акрамя ж гэтага, на працягу адзначанай пяцігодкі двойчы на год прымала ўдзел у рабоце пленума прафсаюза медыцынскіх работнікаў таксама ў сталіцы СССР. І такі гонар — сведчанне сапраўднай зацікаўленасці, бо Святлана Мікалаеўна заўсёды імкнулася аб’яднаць калег: віншавала з днямі нараджэння і вяселлем, арганізоўвала экскурсіі ў розныя гарады савецкага Саюза. У альбоме сярод шматлікіх фотаздымкаў знаходзіцца і такі: вось шчаслівая нявеста Ніна (Туміловіч) і яе абраннік Станіслаў прымаюць віншаванні з вяселлем ад прафсаюзнага актыву.

Сямейны архіў

Сёння ў ім захоўваецца шмат розных фотаздымкаў Святланы Тамашэўскай, яе дзяцей, мужа і калег. Сярод больш даўніх — старэнькія чорна-белыя картачкі пачатку І паловы ХХ стагоддзя. На іх — маладыя тата і мама, дзядуля Канстанцін Міхеевіч, які напрыканцы ХІХ стагоддзя ездзіў на заробкі ў Амерыку. Беражліва захоўваецца і дакумент, выдадзены ў 1911 годзе ў Расійскім імператарскім генеральным консульстве ў Нью-Ёрку. Там указана, што сям’я Чарнушэвічаў у складзе трох чалавек (аказваецца, бацька нашай гераіні нарадзіўся за акіянам) пакідае названы амерыканскі горад. З цікавасцю перагортваю і «Посемейный спісокъ, составленный 1 января 1904 года». У ім пералічаны ўсе, хто пражываў у гэтай хаце, а пачынаецца ён з прадзеда Чарнушэвіча Міхея Філіпавіча. Яшчэ адна цікавая папера, у якой запісана, што 27 кастрычніка 1913 года паміж патомным дваранінам Канстанцінам Клаўдзіевічам Рэшко, яго павераным ганаровым грамадзянінам Аляксеем Мартынавічам Кутаевым і мешчанінам Канстанцінам Міхеевічам Чарнушэвічам адбылося ўзгадненне аб продажы апошняму нерухомага маёнтка, які знаходзіцца ў мястэчку Капыль Слуцкага ўезда Мінскай губерніі. Другі дакумент таго ж года сведчыць, што селянін Ілля Красуцкі аддае «в вечное потомственное владение свой кусок пахотной земли» дачцэ мяшчанцы Елісавеце Ільінішне  і яе мужу Канстанціну Міхеевічу Чарнушэвічам. Але час унёс свае карэктывы. І сёння усё, чым валодае Святлана Тамашэўская, — родная дзедаўская хата. А яшчэ — і гэта галоўнае — памяць пра сваіх продкаў, якую яна абавязкова перадасць нашчадкам.

Дзіяна ТКАЧЭНКА

Фота аўтара і з сямейнага архіва Святланы Тамашэўскай

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *