Кошык «залатога ранету»

Актуально Асоба

У школьныя гады мы з сястрой улетку любілі пешкі хадзіць з нашых Цімкавічаў  у госці да бабулі Вольгі ў вёску Дзярэчына. Гэта недалёка, кіламетраў за пяць. Жылі бабуля Вольга з дзедам Рыгорам на ўскрайку вёскі. Перад хатай красаваўся пасаджаны імі сад, старанна дагледжаны, з невялікай алеяй жоўтай акацыі, такая алея была ў вайніловіцкім садзе маёнтка Савічы. Раслі там і «ранеты», і нейкія кусты, якія вясной цвілі ружовым цветам, а ўвосень зіхацелі чырвонымі ягадамі. У канцы алеі расла яблыня «залаты ранет». Вось пад гэтай яблыняй, якая называлася «сымонавай», а сама алея «гельчынай», бабуля расцілала белы абрус і саматканую посцілку, каб мы сядалі, і прыносіла з хаты слівы, яблыкі і іншыя пачастункі. Увосень зіхацеў на талерцы салодзенькі «залаты ранет». Бабуля расказвала, што і алею, і яблыню яна пасадзіла ў памяць дзяцей тых паноў Вайніловічаў, у якіх служыла ў маёнтку Савічы.

■ Сям’я Рыгора і Вольгі Варвашэняў у Слуцку, 1910 год. На руках у бабулі сядзіць Лідзія Рыгораўна (мама аўтара)
■ Сям’я Рыгора і Вольгі Варвашэняў у Слуцку, 1910 год. На руках у бабулі сядзіць Лідзія Рыгораўна (мама аўтара)

Прозвішча Вайніловічаў часта гучала, так бы мовіць, у нашым крузе. Мая прыгожая, разумная, інтэлігентная бабуля ў юнацтве многаму добраму навучылася ў гэтых паноў. Потым і сваіх дзяцей, і нас, унукаў, вучыла павазе да людзей, да ведаў, да акуратнасці ва ўсім, нават у дробязях. «Харошыя былі людзі, не фанабэрыліся», — казала бабуля, хаця ў тыя гады ў савецкім грамадстве да паноў ставіліся пагардліва, маўляў, яны былі эксплуататарамі.

Марыя Карпенка
Марыя Карпенка

КАРПЕНКА Марыя Іосіфаўна, нарадзілася ў 1932 г. у в. Дзярэчына. Беларускі журналіст і публіцыст. Заслужаны работнік культуры Беларусі (1981 г.).

У 1973 – 1999 гг. — галоўны рэдактар часопіса «Работніца і сялянка» («Алеся»). Працавала галоўным рэдактарам навуковай інфармацыйна-аналітычнай газеты Беларусі «Веды».

У 1973, 1980 гг. як член дэлегацыі БССР удзельнічала ў рабоце 28-й і 35-й сесій Генеральнай Асамблеі ААН. Член Камітэта савецкіх жанчын СССР (1972 – 1991 гг.), сакратар Саюза журналістаў Беларусі (1972 – 1989 гг.), першы  намеснік старшыні Беларускага Камітэта Міру, член таварыства «Беларусь – Францыя», член праўлення Беларускага Саюза жанчын. У 1989 г. абрана народным дэпутатам СССР.

Трапіла бабуля ў Савічы з вёскі Быстрыца таго ж самага Капыльскага раёна, дзе жыла іхняя сям’я (Андрэя Пасюкевіча). Сялянская сям’я была працавітая, набожная, дваіх сваіх дзяцей вучылі грамаце. Вольга, якая нарадзілася у 1885 годзе, скончыла чатыры класы тутэйшай школы. Бабуля расказвала, што яе прывучалі да чытання і «дамковыя паненкі». На маё пытанне адказала: «Гэта былі дзве дарослыя дочкі мясцовага бацюшкі, яны займаліся асветніцтвам, жылі не ў хаце, як сяляне, а ў прыгожым доме. Вось і былі «дамковыя». Пасля рэвалюцыі іхняга бацьку-святара расстралялі, а дзяўчаты неяк выратаваліся, казалі, што яны з’ехалі аж у Кітай…»

Дакладна не ведаю, у якім годзе здарыўся ў Быстрыцы вялікі пажар, згарэла і хата Андрэя Пасюкевіча. Вось тады «дамковыя паненкі» і ўладкавалі спрытную і кемлівую Вольгу Пасюкевіч служыць у паноў Вайніловічаў.

Ведаю, што прызначылі чатырнаццацігадовую дзяўчынку памочніцай пакаёўкі самой гаспадыні маёнтка пані Алімпіяды (у сваіх успамінах бабуля звала яе Алімпай), а потым і пакаёўкай. Было гэта ў 1889 ці 1890 годзе. Бабулінага равесніка хлопчыка Сымона ў маёнтку ўжо не было: ён памёр у 12 гадоў. Пані Алімпія была спакойная, добразычлівая, але часта вельмі сумная. Дазваляла Вользе наведваць бацькоў, хадзіць у царкву, на вясковыя гульбішчы, а галоўнае — чытаць кнігі з іхняй вялікай бібліятэкі. Выбірала для Вольгі кнігі дачка Вайніловічаў Алена, але я ніколі не чула, каб бабуля называла яе Алена, заўсёды Гэля, па-хатняму. Дзякуючы Гэлі, якая ўсяго на год была старэйшая за Вольгу, бабуля палюбіла Пушкіна, вывучыла шмат яго вершаў. Я памятаю, як яна, ужо старэнькая, на памяць чытала мне «Зимнюю дорогу», «Цветок засохший, безуханный…».

Расказвала, як Гэля запрасіла яе аднойчы паехаць на вазку ў Цімкавічы. Яны пабылі на службе ў касцёле, на цімкавіцкім вялікім кірмашы… Хіба мая будучая бабуля магла тады ўявіць, што праз гады яе дачка з сям’ёю будзе жыць у гэтых самых Цімкавічах і я, яе ўнучка, са школьнай самадзейнасцю паеду аднойчы ў Савічы, буду шукаць панскі палац і нічога не знайду: яго і нават той курган, дзе былі пахаваны продкі і дзеці Вайніловічаў, разбурылі вайна і рэвалюцыя. Бабуля жыла ў маёнтку і калі памерла Алена-Гэля. Пра тыя лютаўскія дні 1903 года яна ўспамінала заўсёды плачучы: «Як хавалі Гэлю, людзей было мора, плакала ўся вёска, усё наваколле…»

Гаспадара маёнтка пана Эдварда Вайніловіча ўспамінала рэдка. Яго часта не было дома. То ў Пецярбургу, то ў Варшаве, то ў Мінску — увесь свет яму, вядомаму дзяржаўнаму і грамадскаму дзеячу, быў адкрыты. А калі вяртаўся, радасць пасялялася і ў гаспадароў, і ў работнікаў маёнтка. Такі ён быў прыветны да людзей.

У 1905 годзе на фэсце ў роднай вёсцы Быстрыцы бабуля сустрэлася з земляком Рыгорам Рыгоравічам Варвашэнем, які прыехаў са Слуцка, дзе служыў у войску капельмайстрам ваеннага аркестра. Музыкант, які быў старэйшым за маю будучую бабулю на шэсць гадоў, ажаніўся з прыгажуняй і павёз яе ў Слуцк. Так яна пакінула Савічы і Вайніловічаў, каб успамінаць іх праз усё жыццё і перадаць тую светлую памяць нам, сваім дзецям і ўнукам.

У яе куфэрку захоўвалася сукенка, прывезеная панам Эдвардам з Варшавы і падораная Вользе. «Я ў ёй красавалася на вяселлі», — казала бабуля. А мы разглядалі тую старадаўнюю сукенку з карункавым каўняром і залатымі, як нам здавалася, гузікамі з нейкім трапяткім адчуваннем іншых часоў і іншага жыцця.

Рыгор і Вольга Варвашэні выхавалі чацвярых дзяцей: Марыю, Лідзію (маю маму), Уладзіміра, Мікалая. Жанчыны і Мікалай працавалі ў калгасах. Уладзімір — настаўнікам. Мікалай прайшоў дзве вайны — фінскую і Айчынную, і там, і там быў цяжка паранены, стаў інвалідам першай групы. Інвалідам вайны стаў і настаўнік-танкіст Уладзімір.

Нікога з іх няма ўжо на белым свеце, як няма і таго саду, і тых яблынь. Дзед Рыгор памёр у 1956 годзе, бабуля Вольга — у 1968-м. 3 дванаццаці іхніх унукаў я, самая старэйшая, лічу гады дзявятага дзясятка. I часта ўспамінаю, нават бачу ў сне, што, як калісьці, еду на веласіпедзе з Дзярэчына ў Цімкавічы і вязу кошык духмянага «залатога ранету» з дрэва-памяці хлопчыка Сымона Вайніловіча.

Марыя КАРПЕНКА

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *