І дзень, і ноч на варце бяспекі людзей

Актуально Закон. Безопасность

Дзень выратавальніка ў Беларусі адзначаецца з 19 студзеня 1999 года. Напярэдадні 12-й гадавіны свята адбылася наша сустрэча з начальнікам Капыльскага РАНС Аляксандрам  БОБРЫКАМ.

—  Аляксандр Віктаравіч, вядома, што асноўная задача вашай работы накіравана на стабілізацыю абстаноўкі з надзвычайнымі сітуацыямі, пажарамі і гібеллю людзей на іх. Прааналізуйце, калі ласка, якой была сітуацыя ў мінулым годзе?

— 2010 год для нас быў складаным. Адбылося павелічэнне колькасці пажараў і гібелі людзей на іх. Так, у мінулым годзе зафіксаваны 73 пажары (у 2009 г. – 64), у агні загінулі 15 чалавек (у 2009 г. – 8). У сувязі з гэтым актывізавана работа аглядных камісій у сельвыканкамах, асабовага саставу па праверцы ўсяго жылога сектара. Асаблівую ўвагу надаём сацыяльна-неабароненым катэгорыям грамадзян. Калі выяўляюцца недахопы, цесна супрацоўнічаем з тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва па лік-відацыі парушэнняў. За 2010 год каля 18 млн рублёў было выдзелена на рамонт печаў, электраправодкі, устаноўку аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў. На 6,5 млн рублёў была выраблена наглядная агітацыя і раздадзена ў сельвыканкамы. Адным словам, прыкладаем усе намаганні, каб стабілізаваць абстаноўку.

— Акрамя тушэння пажараў і ліквідацыі надзвычайных сітуацый,  выратавальнікі выконваюць шэраг іншых функцый. Спыніцеся на некаторых з іх.

— У структуру аддзела ўваходзіць інспекцыя дзяржаўнага пажарнага нагляду, якая займаецца прафілактыкай пажараў на аб’ектах сельгасвытворчасці, праводзіць пажарна-тэхнічнае абследаванне з указаннем выяўленых недахопаў і трымае на кантролі іх ухіленне. У прафілактыцы пажараў і гібелі людзей у жылым сектары, акрамя інспекцыі, задзейнічаны ўвесь асабовы састаў. Два разы ў год праводзіцца пажарна-тэхнічнае абследаванне: дэталёвае – зімой і кантрольнае – перад пачаткам ацяпляльнага сезона, а з сацыяльна-небяспечнымі катэгорыямі працуем пастаянна. Такая служба, як дзяржаўная сістэма прадухілення і ліквідацыі надзвычайных сітуацый грамадзянскай абароны, праводзіць работу з арганізацыямі, аб’ектамі па правядзенні камандна-штабных, тактыка-спецыяльных вучэнняў па дзеяннях у выпадку ўзнікнення надзвычайных сітуацый ці сігналаў грамадзянскай абароны.

Супрацоўнікі нашага аддзела таксама займаюцца аказаннем платных паслуг насельніцтву і арганізацыям.

— Аляксандр Віктаравіч, а якія з іх карыстаюцца найбольшым попытам?

— Спектр даволі вялікі – недзе каля 30 відаў. За мінулы год іх было аказана на 146 млн рублёў. У ліку запатрабаваных можна назваць: дзяжурства тэхнікі ля камбайнаў у перыяд уборачнай кампаніі, выезд на спілоўванне аварыйна-небяспечных дрэў, адпампоўванне, падвоз вады, знос  аварыйных  будынкаў і г. д. Напрыклад, летась спецыяльны кран для зносу працаваў у Мінскай вобласці (атрымана 55 млн рублёў). Для аказання паслуг ёсць прэйскурант цэн, абсталяванне, спецыялісты.

З кожным годам з’яўляюцца новыя віды. Так, прапрацоўваецца пытанне па перазарадцы парашковых вогнетушыцеляў на базе ПАВЧ №2 аг. Цімкавічы. Ужо закуплена амаль усё абсталяванне. Вырашаецца пытанне па навучанні па спецыяльнасці печніка для аказання паслуг па рамонце печаў.

— Безумоўна, нельга не ўзгадаць пра тых, хто і дзень, і ноч знаходзіцца на варце нашай бяспекі.

— У штаце аддзела 101 супрацоўнік. Усе капыльскія выратавальнікі — добрасумленныя, адказныя, выконваюць пастаўленыя задачы. У дзень свята падзякуем усяму асабоваму саставу за іх працу. А вось некаторыя будуць асабліва адзначаны. Так, ад Мінскага абласнога ўпраўлення МНС атрымаюць узнагароды камандзір аддзялення ПАВЧ №1 г. Капыля Віктар Юхо, вадзіцель ПАВЧ №1 г. Капыля Аляксандр Ляхаў, вадзіцель ПАВЧ №2 аг. Цімкавічы Аляксандр Астахаў, ад Капыльскага раённага выканаўчага камітэта – начальнік ПАВП №14 в. Бучаціна Сяргей Лук’янаў, камандзір аддзялення ПАВЧ №2 аг. Цімкавічы Аляксандр Салодкі, вадзіцель ПАВП №15 в. Слабада-Кучынка  Сяргей Суботнік.

— І па традыцыі – Вашы віншаванні да свята.

— У гэты дзень хацелася б пажадаць усяму асабоваму саставу моцнага здароўя, асабістага шчасця, сямейнага дабрабыту, поспехаў у працоўнай дзейнасці, як мага менш выклікаў на на-дзвычайныя сітуацыі і ўсяго найлепшага.

— Дзякуй  за  размову.  Са святам!

Гутарыў Сяргей КОЗЕЛ

НА ЗДЫМКАХ: 1. Начальнік Капыльскага РАНС А.В. Бобрык; 2. Ідуць вучэнні; 3. Камандзір аддзялення ПАВЧ №1 Аляксандр Мацуль.

Фота Сяргея ЛАЗОЎСКАГА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *