В унитарном предприятии «Бобовня» в этом году особенно уродилась сахарная свекла

Актуально Экономика

Тут атрымліваюць амаль па 500 цэнтнераў з гектара — гэта адзін з самых высокіх паказчыкаў у раёне.

Дасягнуць такіх вынікаў удалося дзякуючы падтрымцы інвестара — ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат» — і  захаванню ўсіх тэхналагічных працэсаў.

■ Працуе камбайн «АМЕТІ»
■ Працуе камбайн «АМЕТІ»

— Уборку цукровых буракоў у гаспадарцы пачалі прыкладна 10 верасня. Сёлета пад культуру было адведзена 400 гектараў, летась — толькі 310. Пры спрыяльным надвор’і плануем убіраць па 6–7 гектараў у дзень. Цукрыстасць буракоў складае 15,4%. Сабраныя салодкія карані адпраўляем у ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат», дзе адбываецца іх далейшая перапрацоўка, — расказвае галоўны аграном сельгаспрадпрыемства Віталь Юха.

Цікава было даведацца, дзякуючы якім фактарам ёсць магчымасць сёлета атрымаць добры ўраджай цукровых буракоў.

— Безумоўна, вырашальную ролю адыгрывае надвор’е: трэба, каб былі і дажджы, і сонца. Добрым папярэднікам для салодкіх каранёў з’яўляюцца азімыя збожжавыя. А яшчэ неабходна ўнесці ў глебу дастатковую колькасць угнаенняў: калію, азоту, фосфару, мікраэлементаў, — дзеліцца Віталь Уладзіміравіч. — Пасеялі буракі запланаванымі гатункамі, выканалі ўвесь комплекс ахоўных работ ад пустазелля, ад хвароб і шкоднікаў.

■ Дзмітрый Клочка, Анатоль Янушка, Сяргей Мікуліч і Віталь Юха
■ Дзмітрый Клочка, Анатоль Янушка, Сяргей Мікуліч і Віталь Юха

Для ўборкі караняплодаў інвестарам набыты новы амерыканскі  камбайн  «АМЕТІ»,  на  якім працуе Сяргей Мікуліч, на адаптары па зрэзванні бацвіння заняты Дзмітрый Клочка, на адвозцы буракоў — Вадзім Цітко і Анатоль Янушка.

Для зручнасці пры адгрузцы, а таксама для таго, каб лішні раз не таптаць поле, уся прадукцыя звозіцца на край палеткаў.

— Нашы землі не горшыя за іншыя ў раёне, — падкрэслівае Віталь Юха. — Галоўнае, не пашкадаваць грошай, закупіць неабходныя ўгнаенні, унесці іх і тады атрымаць аддачу.

Акрамя цукровых, сёлета ў «Бабоўні» па ініцыятыве Гарадзейскага цукровага камбіната пасеялі 20 гектараў сталовых буракоў, 10 гектараў морквы. Віды на ўраджай таксама нядрэнныя. Рэалізуецца агародніна ў Капыльскае райспажыўтаварыства, з якім заключаны дагаворы.

Сяргей КОЗЕЛ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *