Копыльская детская библиотека отмечает 65 лет

Культура Новости

Сёлета спаўняецца 65 гадоў Капыльскай дзіцячай бібліятэцы.

Цеплыня, увага, утульнасць — менавіта такія дзіцячыя ўспаміны засталіся ад наведвання бібліятэкі. Упершыню мяне туды прывяла мама, можа, у класе трэцім. Калі гаварыць пра храналагічны парадак, то адбылося гэта ў сярэдзіне 80-х гадоў ХХ стагоддзя. У той час бібліятэка мела свой будынак на перакрыжаванні вуліц Савецкай і Максіма Горкага. З тае пары я стала частым госцем установы: цудоўны свет кніг прывабліваў сваёй бязмежнасцю. Выбраць кніжныя цікавінкі заўсёды дапамагалі бібліятэкары і нават сама загадчыца Мая Міхайлаўна Маскалькова. Ды і наогул у бібліятэцы заўсёды адчувалася неабыякавасць да маленькага чытача.

IMG_2826
■ Святлана Пукач, Валянціна Хартановіч, Валянціна Камінская, Марына Ермалінская і Святлана Ус

Дзіцячая бібліятэка мае сваю гісторыю, якая беражліва захоўваецца ва ўспамінах былых работнікаў. Першыя звесткі адносяцца да 1952 года. У той час бібліятэка знаходзілася ў цэнтры горада ў будынку, на месцы якога цяпер усталяваны помнік воінам-афганцам. Першай загадчыцай была Марыя Пятроўна Астапенка. У 1955 годзе яе змяніла Аніфа Хусейнаўна Александровіч, сястра знакамітага беларускага пісьменніка Сцяпана Александровіча. Пазней бібліятэка некалькі разоў мяняла свой адрас. З канца 1965 года яна знаходзілася на другім паверсе раённага Дома культуры. Загадчыцай бібліятэкі была Антаніна Іосіфаўна Шулешка. А ў 1968 годзе дзіцячая бібліятэка ўжо размяшчалася ў Доме піянераў (зараз — раённы метадычны кабінет). З 1971 года па 1985-ы яе ўзначальвала Марыя Мікалаеўна Нагорная. У пачатку васьмідзясятых бібліятэка пераехала якраз у той самы асобны будынак на скрыжаванні вуліц Савецкай і Максіма Горкага. І са жніўня 1985 года загадчыцай бібліятэкі стала Мая Міхайлаўна Маскалькова, затым у 1995 годзе яе змяніла Ала Марксаўна Раеўская, а ў 98-м — Валянціна Дзмітрыеўна Камінская.

Дзіцячая бібліятэка сёння — гэта не толькі сховішча кніг, але і месца культурнага адпачынку. Тут можна пагуляць, паўдзельнічаць у цікавых мерапрыемствах, пабываць на творчых выставах, прыняць удзел у конкурсах.

Усіх наведвальнікаў ветліва сустракае калектыў названай установы, які ўжо шмат гадоў працуе дружна і зладжана. Аб’ядноўвае калег і з’яўляецца ініцыятарам шматлікіх інавацый намеснік дырэктара Капыльскай раённай цэнтральнай бібліятэкі імя А. Астрэйкі па рабоце з дзецьмі Валянціна Камінская.

— Сапраўды, многіх нашых супрацоўнікаў можна назваць ветэранамі бібліятэчнай справы, — расказвае Валянціна Дзмітрыеўна. — Амаль 35 гадоў адпрацавала ў дзіцячай бібліятэцы Святлана Ус, 34 гады — Валянціна Хартановіч. Шмат часу яны нязменна дораць дзецям радасць сустрэчы з добрай кнігай, на іх вачах вырасла ўжо некалькі пакаленняў нашых чытачоў. Мы ганарымся і сваімі маладымі кадрамі. Гэта Святлана Пукач — вельмі працавіты, ініцыятыўны і старанны работнік. Яна валодае артыстызмам, які проста неабходны пры правядзенні мерапрыемстваў. Год таму ў бібліятэку прыйшла працаваць Марына Ермалінская, якая дагэтуль працавала ў Грозаўскай сельскай бібліятэцы. У нас яна замацавала за сабой статус пісьменнага, адказнага работніка і камунікабельнага чалавека. З гонарам адзначу, што з пяці нашых супрацоўнікаў — чатыры маюць вышэйшую адукацыю. Але, нягледзячы на вельмі салідны ўзрост нашай установы і на важкі працоўны стаж, людзі, якія працуюць тут, заўсёды застаюцца ў душы такімі ж дзецьмі, як і нашы чытачы. Каб заахвоціць маленькіх наведвальнікаў, мы заўсёды прыдумляем нешта цікавае і новае, праводзім разнастайныя конкурсы. Так, у лістападзе падвядзём вынікі творчага спаборніцтва, прысвечанага 75-годдзю выхаду ў свет кнігі Антуана дэ Сент-Экзюперы «Маленькі прынц». Юныя чытачы ўсіх бібліятэк раёна зараз старанна працуюць, увасабляючы ў сваіх малюнках, вырабах, літаратурных эсэ ўражанні ад знаёмства з гэтай незвычайнай кнігай, якая вучыць дабру, любові, міласэрнасці. І, калі ў бібліятэку прыходзяць мамы і кажуць, што іх дзіця плакала падчас чытання «Маленькага прынца», мы ўпэўнены, што ў нас растуць выдатныя дзеці.

IMG_2857
■ Маленькім чытачам заўсёды цікава ў бібліятэцы

…Ужо даўно сталі бабулямі і дзядулямі першыя наведвальнікі дзіцячай бібліятэкі. Чытачамі з’яўляюцца не толькі іх дзеці, але і дзеці іх дзяцей. А бібліятэка па-ранейшаму гасцінна адчыняе свае дзверы ўсім, хто сябруе з кнігай.

Дзіяна ТКАЧЭНКА

Фота Сяргея ЛАЗОЎСКАГА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *