Одной из важных составляющих успешной зимовки скота является обеспеченность ее кормами

Экономика

Гэта пытанне знаходзіцца на пастаянным кантролі раённай улады. Дадае вастраты і тая акалічнасць, што ў параўнанні з мінулым годам у сярэднім па раёне нарыхтавана на 1,76 цэнтнера кармавых адзінак травяністых кармоў менш, чым летась. У ліку тых гаспадарак, якія мінусуюць, і адкрытае акцыянернае таварыства «Семежава».

■ Іван Лянько (справа) з Мікалаем Кулікоўскім і Аляксандрам Васілеўскім
■ Іван Лянько (справа) з Мікалаем Кулікоўскім і Аляксандрам Васілеўскім

У Семежава мы наведаліся ў першы восеньскі дзень. У ліку іншых сельскагаспадарчых работ тут займаліся і нарыхтоўкай кармоў.

— Практычна закончылі трэці ўкос люцэрны — заклалі з яго прыкладна 2000 тон, — расказвае выконваючы абавязкі дырэктара гаспадаркі Іван Лянько, — цяпер чарга за атавай на балотах. Плануем з лугавых траў нарыхтаваць каля 300 тон сена (калі дазволіць надвор’е) і не менш за 1500 тон сенажу.

На палетку, куды мы заехалі ў гэты дзень разам з Іванам Лянько, яшчэ нядаўна расла люцэрна. А цяпер яна скошана роўнымі валкамі і чакае, пакуль да яе на корманарыхтоўчым комп-лексе пад’едзе Аляксандр Васілеўскі. Магутная машына хуценька збірае правяленую на працягу некалькіх дзён траву. І ўжо здробненая, яна сыплецца ў кузаў МАЗа, што рухаецца паралельна камбайну. За рулём аўтамабіля — Мікалай Кулікоўскі. Як і яго калега, Мікалай Сяргеевіч мае вялікі вопыт, а таму работа ў іх спорыцца. Аўтамабіль з поўным кузавам накіроўваецца ў напрамку сянажнай траншэі, дзе здробненая травяная маса трапляе пад колы двух магутных «Кіраўцаў».

На пытанне, якія прагнозы наконт забяспечанасці кармамі на будучую зімоўку, Іван Іванавіч адзначыў:

— Мы ўпэўнены, што кармоў будзе ў дастатку. Нават нягледзячы на тое, што пакуль маем на 3,2 ц кармавых адзінак менш, чым летась. У нас яшчэ засталося з мінулага года пяць поўных сянажных траншэй, і якасць гэтых кармоў добрая. Плануем, што іх хопіць аж да студзеня будучага года. Да таго ж кукуруза нядрэнная расце, а значыць будзем і з сіласам. Нядаўна здалі дзве новыя сянажна-сіласныя траншэі — будавалі ўласнымі сіламі. Словам, жыццё ў нашай гаспадарцы ідзе сваёй чарадой — звычайнае, сялянскае…

Для сельгаспрадпрыемства гэты дзень — сапраўды самы звычайны. Завершана ўборка збожжавых і зернебабовых культур. Хутка тэхніка накіруецца на бульбяныя і бурачныя плантацыі, будзе весці сяўбу азімых. А пакуль ідуць апошнія падрыхтоўчыя работы: рамантуюць тэхніку, набываюць пра запас запчасткі. Ёсць і насенне, і пратрута, і неабходныя мінеральныя ўгнаенні, і гаруча-змазачныя матэрыялы.

Маргарыта САКОВІЧ

Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *